Перайсці да зместу

Віт (біскуп новагародскі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Віт, біскуп новагародскі)
Віт
Віт
«Бласлаўлёны Віт». Невядомы мастак, XVII ст.

Дзейнасць каталіцкі святар, каталіцкі біскуп
Нараджэнне 1190
Смерць 1269
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Віт (лац.: Vitus, Veit; ? — 1269) — дамініканец, першы (разам з Хрысціянам) дакументальна засведчаны легітымны біскуп на беларускіх землях[1].

Паходзіў, відаць, з зямель, дзе быў пашыраны культ святога Віта (Саксонія, Вестфалія, Чэхія, Польшча). Вучань Святога Яцака Адрованжа, заснавальніка Закону дамініканцаў у Польшчы. Магчыма, што да з’яўлення на беларускіх землях удзельнічаў у місіянерскай працы ў Прусіі (ад 1240 ёй кіраваў даміканскі правінцыял Гайдэнрык, пазней прызначаны першым Кульмскім біскупам).

У 1251 годзе біскуп Гайдэнрык атрымаў даручэнне ад Папа Інакенція IV знайсці адпаведную асобу і пасвяціць у біскупы для караля Міндоўга і яго дзяржавы. Не выключана, што Віт прыкладна ў гэты час ужо працаваў на беларускіх землях у складзе місіі ці на яе чале. У 1253 гнезненскі архібіскуп Пелка пасвяціў у вёсцы Казлоў каля Сахачава на Мазовіі Віта на біскупа Літвы (in Littoviam). Як вынікае з некаторых гістарычных крыніц, гэта пасвячэнне адбылося на ініцыятыву і, магчыма, пры ўдзеле біскупа Гайдэнрыка, які меў на гэта адпаведныя паўнамоцтвы ад Папы. У крыніцах узгадваецца як «episcopus Lubusensis (Lubecensis, Lubuzensis, Lubozanus)» — біскуп Любчанскі (Любецкі), а таксама як «episcopus Litovie (Lithoviensis, Littoviensis, Lithwaniensis, Lithomiriensis, Luthomiriensis)» — біскуп Літвы (Літоўскі). Гэта дало падставу лакалізаваць першую рэзідэнцыю біскупа ў Любчы на Новагародчыне, а змену тытулу на іншы звязаць з пераносам рэзідэнцыі біскупа ў іншы населены пункт або з узвышэннем статусу дыяцэзіі да дзяржаўнага ўзроўню. Паводле некаторых звестак, Віт не дагадзіў Міндоўгу і не паладзіў з мясцовым насельніцтвам, таму быў выгнаны з края і нават паранены. У 1255 папрасіў у Папы Аляксандра IV вызвалення ад свае пасады. Зняты з яе паскім лістом ад 1 сакавіка 1255 з захаваннем тытула (на яго месца быў прызначаны Хрысціян).

Выконваў абавязкі біскупа-суфрагана Вроцлаўскай, пасля Пазнаньскай дыяцэзіі. Апошнія гады жыцця правёў у Кракаве, дзе быў спавядальнікам князя Баляслава Сарамлівага. Пахаваны ў кракаўскім дамініканскім касцёле побач із сваім настаўнікам святым Яцакам Адрованжам.

Пасля беатыфікацыі святога Яцака ў 1543 рэшткі Віта былі перапахаваны пад алтаром Святога Пятра. Пасля кананізацыі Святога Яцака ў 1594 кардынал і кракаўскі біскуп Юрый Радзівіл выставіў рэліквіі Віта для публічнага ўшанавання. Яны змяшчаліся ў саркафагу Святога Яцака пад яго алебастравай статуяй. У ХХ ст. рэліквіі Віта былі перанесены ў капліцу Святога Крыжа, дзе яны захоўваюцца і сёння ў бакавым алтары.

Афіцыйнай беатыфікацыі Віта не было, тым не менш ён вельмі шанаваўся, а многія аўтары агіяграфічных твораў называлі яго «блаславёным». дамініканцы верылі ў яго святасць і звязвалі з ім шматлікія цуды. У дамініканскім кляштары захоўваўся пергаментны рукапіс, напісаны Вітам: «De christianorum in Lithovia conditione deplorabii, ad sanctissimum et beatissimum patrem dominum Innocentum papam quatrum, fratris Viti de Ordine Praedicatorum episcopi Litoviensis, epistola» («Пра гаротны стан хрысціян у Літве ліст да святога і блаславённага айца Папы Інакенція IV ад брата Закону абвяшчальнікаў Віта, біскупа літоўскага»). Твор загінуў падчас пажару 1850.

Зноскі