Гарадзецк
Вёска
Гарадзецк
|
Гарадзе́цк[1] (трансліт.: Haradzieck, руск.: Городецк) — вёска ў Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Міхееўскага сельсавета.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Назва вёскі паходзіць ад старажытнага Гарадца (наз.скл. Гарадзец) — сярэдневяковага замка за 1 км на поўдзень ад сучаснай вёскі, на правым беразе Галышы, ва ўрочышчы Гарадок[2]. Гарадзішча вядома з 1925 года, абследаваў яго ў 1991 годзе В. Ф. Капыцін[2].
У Вялікім Княстве Літоўскім
[правіць | правіць зыходнік]У 1622 годзе сяло Гарадзецкае ўпамінаецца ў складзе Гарадзецкага войтаўства Горскай воласці Горы-Горацкага маёнтка Аршанскага павета[3][4]. Яно налічвала 30 валок зямлі (прыблізна 640 гектараў зямлі).
Паводле інвентару Горы-Горацкага маёнтка 1683 года, якім у той час валодаў кашталян віленскі Ежы Сапега, у сяле Гарадзецк было 23 дымы[3]. Сяляне Гарадзецка трымалі 4,875 валокі ўрочнай (аселай) зямлі і 8,125 валокі пустачыншавай зямлі (зямля, якая пасля ваеннага спусташэння сярэдзіны XVII стагоддзя заставалася неапрацаванай і не прыносіла даходу). За ўрочную зямлю яны плацілі чынш па 25 грошаў з валокі, а за пустачыншавую — па 15 грошаў з валокі[3]. Акрамя чыншу, сяляне адпрацоўвалі пэўныя павіннасці, якія выконвалі па чарзе: варты (ахоўвалі маёнтак або важныя аб'екты); гвалты (тэрміновыя, часам прымусовыя работы, якія трэба было выканаць па першым патрабаванні); урокі (розныя іншыя работы, якія ўказваліся ўладальнікам ці яго ўпраўляючым)[3].
Асобна ў інвентары згадваецца Раман Цяцерскі — дробны землеўласнік (зямянін), які валодаў зямлёй на правах лену. Ён быў войтам і меў 4 валокі вольнай зямлі, за якую не плаціў чынш[3]. Пры вёсцы быў млын аб адным коле на рацэ Галышы. З яго Раман Цяцерскі штогод атрымліваў 60 злотых даходу[3].
У 1697 годзе праз сяло Гарадзецкае праходзіў шлях з Масквы ў Варшаву. Па ім ехаў маскоўскі стольнік П. А. Талстой. На гэтым участку яго маршрут ішоў праз Горкі, потым праз Гарадзецкае, а далей — на Сухары (тады Губіна)[5].
У складзе Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) землі Дрыбінскага раёна адышлі да Расійскай імперыі. У 1785 годзе Гарадзецк быў сялом Горы-Горацкага маёнтка, якім валодаў Н. Л. Салагуб. Тады тут было 43 двары і 279 жыхароў; сяло знаходзілася ў Чавускім павеце[3].
Праз некалькі дзесяцігоддзяў, у 1847 годзе, Гарадзецк ужо належаў да казённага (дзяржаўнага) Горы-Горацкага маёнтка і налічваў 27 гаспадарак і 213 жыхароў. Тут размяшчаліся сельскае кіраванне, сельскі запасны магазін і карчма[3].
У 1885 годзе — цэнтр Гарадзецкай воласці, 41 двор, 202 жыхары[3]. Частка вяскоўцаў займаліся рамізніцкім промыслам, выраблялі з дрэва посуд і іншыя бытавыя рэчы. Гарадзецкая воласць у 1885 годзе налічвала 16 сельскіх таварыстваў, 29 абшчын, 29 населеных пунктаў, 966 двароў, 14 017 дзесяцін зямлі, 5713 жыхароў[3].
У 1897 годзе 47 двароў, 341 жыхар, валасное праўленне, народнае вучылішча (адчынена ў 1866), капліца, багадзельня, хлебазапасны магазін, конскі двор, цагельны завод, карчма. 29 ліпеня праводзілася аднадзённая ярмарка[3].
У складзе БССР
[правіць | правіць зыходнік]З 20 жніўня 1924 года цэнтр Гарадзецкага сельсавета Дрыбінскага раёна Аршанскай акругі БССР (да 26 ліпеня 1930). З 8 ліпеня 1931 года і з 16 верасня 1959 года ў Горацкім раёне, з 12 лютага 1935 года і з 29 снежня 1989 года ў Дрыбінскім раёне, з 24 чэрвеня 1960 года ў Дрыбінскім, з 15 лістапада 1995 года ў Міхееўскім сельсавеце[3].
У 1926 годзе 90 двароў, 499 жыхароў. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Полымя» (у 1932 — 31 гаспадарка, кузня)[3].
У Вялікую Айчынную вайну партызаны брыгады «Звязда» 22 жніўня 1942 года разграмілі гарнізон гітлераўцаў, які размяшчаўся ў вёсцы[3].
З 1960 года вёска ў складзе саўгаса «Дрыбінскі», з 1990 года ў калгасе «Мір» (цэнтр — в. Міхееўка)[3].
Царква Пятра і Паўла
[правіць | правіць зыходнік]Царква ў Гарадзецку ўпершыню згадваецца ўжо ў 1683 годзе[3]. Паводле інвентару Горы-Горацкага маёнтка, у сяле тады існавала «царква гарадзецкая», да якой былі прыпісаны Раман Цяцерскі са сваімі падданымі[3].
У 1838 годзе ў Гарадзецку была пабудавана новая драўляная царква. З 1846 года пры ёй дзейнічала царкоўнае вучылішча, а побач знаходзіўся царкоўны прычт[3].
У 1882 годзе святаром Гарадзецкай царквы быў прызначаны М. Тэрнаўскі. Ён пісаў, што прыход складаўся выключна з сялян, сярод якіх было шмат пісьменных, бо з даўніх часоў тут існавала царкоўна-прыходская школа. У 1884 годзе пры царкве быў створаны пеўчы хор з хлопчыкаў, а пазней — яшчэ адзін з вучняў прыходскай школы. Стройныя спевы прыцягвалі ў Гарадзецкую царкву прыхаджан з іншых вёсак. З 1884 года тут было заведзена агульнае царкоўнае спяванне[6].
Царква і метрычныя кнігі не захаваліся[7].
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Міхаіл Васільевіч Аўдзееў — генерал-маёр авіяцыі, Герой Савецкага Саюза (1942).
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- 1 2 В. Ф. Копытин. Археологические памятники Дрибинского района Могилевской области. — Издательство Могилевского государственного педагогического института им. А.А. Кулешова, 1994.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 Pami︠a︡tsʹ--Drybinski rai︠o︡n / Henadzʹ Pashkoŭ, V. U. Ni︠a︡mykin. — Minsk: Belaruska︠i︡a ėntsyklapedy︠i︡a, 2004. — 645 с. — (Historyka-dakumentalʹnyi︠a︡ khroniki haradoŭ i rai︠o︡naŭ Belarusi). — ISBN 978-985-11-0298-9.
- ↑ Книга "Память". lib-gorki.mogilev.by. Праверана 2 кастрычніка 2026.
- ↑ A. A. Mi︠a︡tselʹski. Mstsislaŭskae kni︠a︡stva i vai︠a︡vodstva ŭ XII-XVIII stst. — Minsk: Belaruskai︠a︡ navuka, 2010. — 663 с. — ISBN 978-985-08-1202-5.
- ↑ № 5/6 — Яндекс Поиск по архивам (руск.). yandex.ru (1 студзеня 1887). Праверана 2 кастрычніка 2026.
- ↑ shappoff. Городецк, церковь Святых Апостолов Петра и Павла, Чаусский уезд, Дрибинский район, Горецкий район (руск.). Карта приходов. Праверана 2 кастрычніка 2026.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
