Георгій Бортнік

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Георгій Бортнік
Георгі Бортнік
Гэоргі Бортнік
Партрэт
Род дзейнасці святар БАПЦ
Дата нараджэння 1919(1919)
Месца нараджэння
Дата смерці 1 лістапада 1951(1951-11-01)
Месца смерці турма МДБ
Бацька Венядзікт
Альма-матар
Партыя
Член у

Георгій Бортнік (19191 лістапада 1951) — беларускі грамадскі дзеяч, святар БАПЦ, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў узброенага антысавецкага падполля. Псеўданім «Рыбак».

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1919 годзе ў Дзісенскім павеце Віленскай губерні ў Расійскай імперыі. Паходзіў з духоўнага саслоўя, быў сынам беларускага праваслаўнага святара Венядзікта Бортніка, што служыў і жыў у вёсцы Забор’е. Верагодна, што там і нарадзіўся Георгій. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі.

Падчас Другой сусветнай вайны ўступае ў шэрагі беларускай паліцыі, прымае ўдзел ва ўзброенай барацьбе з дыверсійнымі групамі НКУС. У 1943 годзе далучыўся да СБМ, стаў слухачом Альбярцінскай школы СБМ. У жніўні 1944 года скончыў Мальційскую разведшколу ў Аўстрыі, пасля чаго ўступіў у БНП у размеркавальным лагеры ў Эгеры ў Чэхаславакіі. У снежні 1944 года залічаны ў 1-ы кадравы батальён БКА ў Берліне, які перад наступам савецкіх войск быў перадыслацыраваны ў Баварыю. Скончыў падафіцэрскую школу ў Берліне. З красавіка 1945 года стаў камандзірам аддзялення 3-га батальёна дывізіі 1-й беларускай дывізіі СС. У маі 1945 года трапіў у палон да амерыканскіх войскаў. Неаднойчы сустракаўся з архіепіскапам Пінскім Аляксандрам (Іназемцавым), ад якога бярэ дабраслаўленне на вяртанне ў Беларусь і прыняцце святарскай годнасці. У снежні 1945 рэпатрыяваны ў Беларусь.

У канцы 1945 — пачатку 1946 арганізаваў падпольную антысавецкую групу з былых сяброў СБМ, якія таксама былі ў Альбярцінскай і Мальційскай школах, дзе сталі сябрамі Беларускай незалежніцкай партыі. Група збірае зброю, агітуе людзей, спрабуе налагодзіць сувязь з іншымі падпольнымі і партызанскімі групамі ў тагачасным Пліскім раёне Полацкай вобласці. Вядомыя наступныя імёны ўдзельнікаў групы: Б. Дубна, М. Лялюш, Г. Сташкевіч, М. Столяр. У 1947 годзе ўступае да Жыровіцкай праваслаўнай семінарыі. На той час у Жыровічах перабывае, пад выглядам звычайнага іераманаха РПЦ, падпольны епіскап Наваградскі БАПЦ Гэрман, які ад лета 1944 г. з’яўляўся духоўнікам беларускага супраціву Міхала Вітушкі і, адначасна, выконваў абавязкі сувязнога беларускага падполля. У Жыровіцах ствараецца падпольная беларуская група «Чорнага Ката», у якую ўваходзяць ня толькі святары і семінарысты, але і свецкія асобы. Адным з сяброў групы з’яўляўся і Георгій Бортнік. Група дзейнічае ў шчыльным кантакце з галоўным штабам і асабіста Міхалам Вітушкай. Фармальная прыналежнасць святароў і сяброў групы да РПЦ дае магчымасць ездзіць па ўсёй Беларусі, памежным раёнам Украіны і Расіі. Семінарысты, сканчаючы навучанне, раз’язджаліся дзеля служэння ў розныя чаські Беларусі і рабіліся прадстаўнікамі падпольнай БАПЦ. Фактычна аднаўлялася падпольная БАПЦ, да якой далучаюцца і некаторыя ўкраінскія святары з беларуска-украінскага Палесся, якія раней належалі да знішчанай савецкай уладай УАПЦ. Беларускія і ўкраінскія праваслаўныя святары-патрыёты шчыльна кантактуюць са ўзброеным супрацівам, перадаюць партызанам прадукты, хаваюць і лекуюць параненых, арганізуюць супраціў сялянаў калектывізацыі, распаўсюджваюць падпольную літаратуру ды перапраўляюць да партызанаў людзей, за якімі пачынала паляваць МДБ.

Пасля заканчэння семінарыі дапамагае ў служэнні свайму бацьку-святару ў в. Забор’е, адначасна робіцца прадстаўніком беларускага супраціву ў Пліскам раёне Полаччыны. 7 верасня 1947 г. бярэ шлюб з Леанілай Бортнік, дачкой псаломшчыка Аляксандра Барадзіна. Неўзабаве прымае дыяканскія ды святарскія свячэння. Як святар у 1947 г. альбо пачатку 1948 г. прымае ад епіскапа Гэрмана абавязкі экзарха падпольнай БАПЦ у Полацкай вобласці Беларусі. Займаўся перакладніцкай дзейнасцю дзеля падпольнага «Весьніка БАПЦ». Заўсёды чытаў малітвы, прамаўляў казання і размаўляў з парафіянамі выключна на беларускай мове.

У тым жа 1947 годзе падпольная група а. Георгія ўсталёўвае сувязь з яшчэ адной беларускай падпольнай групай — «Саюзам Барацьбы Супраць Камунізму» пад кіраўніцтвам Пятра Шыпко. Пасля забойства Пятра Шыпко супрацоўнікамі МДБ БССР у 1948 годзе Георгій Бортнік узначаліў аб’яднаную арганізацыю. Адначасна гуртуе беларускіх праваслаўных святароў Полаччыны, што захавалі вернасць БАПЦ. Некаторыя з іх знаходзіліся ў падполлі, некаторыя — дзеля прыкрыцця, лічыліся святарамі РПЦ. Праводзіць некалькі падпольных святарскіх збораў Полацкага экзархату БАПЦ, на якіх святары абгаворвалі тактыку дзейнасці падпольнай БАПЦ ды дапамогу беларускаму ўзброенаму супраціву. Пад прафесійным кіраўніцтвам а. Георгія, абедзве галіны беларускага супраціву (падпольна-партызанская сетка Міхала Вітушкі і падпольная БАПЦ) на Полаччыне здолелі дзейнічаць узгоднена. Менавіта праз святарскую сетку «Саюза Барацьбы Супраць Камунізму» праводзілася найбольшая частка дзейнасці па распаўсюджваньню літаратуры і ўлётак. Георгі Бортнік падтрымліваў непасрэдную сувязь з невялікім атрадам беларускіх паўстанцаў, што дзейнічаў у Пліскім раёне. Па некаторым дадзеным, ён з’яўляўся духаўніком атраду і перадаваў партызанам прадукты і медыкаменты, а таксама зброю, сабраную сябрамі «Саюза Барацьбы Супраць Камунізму». Сябры аб’яднанага падполля не мелі праграмы і статута, а дзейнічалі ў адпаведнасці з тэзісамі кіраўніка БНП Усевалада Родзькі, апублікаванымі ў № 5 «Бюлетэня БНП».

У маі 1950 г. разам з некаторымі іншымі сябрамі падпольнай арганізацыі арыштаваны савецкімі органамі бяспекі. Больш года сябры знаходзіліся ў турме, былі катаваныя. Паводле прысуду Ваеннага трыбунала ад 10 жніўня 1951 года Георгій Бортнік быў асуджаны «за здраду радзіме» да расстрэлу. Пасля прысуду савецкія карныя органы прабавалі схіліць Георгія Бортніка да здрады: прапанавалі змяніць прысуд на зняволенне ў лагеры пад умовай пакаяння і адмовы ад святарства, але той адмовіўся.

Расстраляны 1 лістапада 1951 года.

У канцы 1951-га арыштаваная і жонка Леаніла, выпускніца Віленскай беларускай гімназіі, сяброўка СБМ. Нягледзячы на тое, што дома засталіся два маленькіх сына (Лаўр (1948), Алег (1950)), яе асудзілі на 25 гадоў савецкіх канцлагераў. У пачатку 1990-х Леаніла Бортнік спрабавала дамагчыся рэабілітацыі мужа: у 1991 годзе асабовая справа Георгія Бортніка была перагледжана, але рэабілітаваны ён не быў.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

  • У 2006 годзе пасля выхаду кнігі Сяргея Ярша і Сяргея Горбіка «Беларускі супраціў», дзе асобныя старонкі былі прысвечаныя асобе Георгія Бортніка, паўстала некалькі ініцыятыўных групаў праваслаўных беларускіх вернікаў і міранаў розных юрысдыкцыяў, што дамагаліся вызнання а. Георгія святамучанікам.
  • Руская праваслаўная царква (РПЦ) адмовілася прызнаць а. Георгія Бортніка святамучанікам.
  • У кастрычніку 2007 г. святаром Сяргеем Горбікам была складзеная адмысловая служба ў гонар святамучаніка Гэоргія (Бортніка) і малебен.
  • Памяць Георгія Бортніка ўрачыста ўшаноўваецца 1 лістапада ў шматлікіх беларускіх праваслаўных парафіях.
  • Мастак Алесь Пушкін намаляваў карціну «а. Георгій Бортнік», прысвечаную ўсім знішчаным у СССР святарам БАПЦ

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларускі Супраціў. Сяргей Ёрш, Сяргей Горбік 2006
  • Беларускі Рэзыстанс 01 (5)/2008
  • Валаханович И. А. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944—1953 гг. Мн., 2002.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.