Перайсці да зместу

Глёг

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Глёг

Глёг (фінск.: glögi, шведск.: glögg) — гарачы напой з чырвонага віна з даданнем рэзкіх прыпраў, распаўсюджаны ў перыяд Каляд у Фінляндыі, Швецыі і Эстоніі.

Напой з'явіўся ў Швецыі і Фінляндыі ў перыяд позняга Сярэднявечча, калі ў віно нізкай якасці пачалі дадаваць карыцу, кардамон, гваздзік і апельсінавыя скарыначкі. Паводле падання, шведскі герцаг Юхан III у калядны вечар 1562 года прывёз у Або сваю жонку, польскую прынцэсу Кацярыну Ягелонку, якая, каб сагрэцца, піла гарачае чырвонае віно з карыцай. У XVI—XVII стагоддзях віно, запраўленае мёдам і рэзкімі прыправамі, падагравалі і выкарыстоўвалі ў якасці сагравальнага напою ў халодны час года. Першапачатковая назва напою была «хіпокрас», а найменне «глёг» напой атрымаў у Швецыі ў канцы XVIII стагоддзя.

У сярэдзіне XIX стагоддзя цана на цукар зрабілася даступнай для простага народа і мёд у падрыхтоўцы глёга быў заменены на цукар. У новай тэхналогіі віно, змяшанае з рэзкімі прыправамі, награвалі ў спецыяльным катле, над якім у сіце змяшчалі «цукровую галаву», паліваючы яе невялікай колькасцю гарэлкі. Пад уздзеяннем цяпла, цукар раставаў і цёк у напой. Тэхналогію прыгатавання напою адлюстроўвае шведскае слова «glödga» («напальваць», «аджыгаць») у выніку чаго атрымлівалася гарачае віно («glödgat vin»).

З 1933 года ў Фінляндыі, у крамах Alko пачалі прадаваць гатовы глёг.

Тэхналогія прыгатавання

[правіць | правіць зыходнік]

У Швецыі, у якасці асновы для прыгатавання глёга выкарыстоўваецца чырвонае віно, у якое для моцнасці дадаецца мадэра або гарэлка. Акрамя таго, дадаецца гваздзік, здробнены кардамон, карыца, імбір і скарыначкі цытрусавых. У XX стагоддзі ў глёг пачалі дадаваць вычышчаны мігдал і разынкі. Да напою рэкамендуецца падаваць печыва піпаркакуя і сыр з зялёнай цвіллю, а ў дзень святой Люсіі — традыцыйныя шведскія салодкія булачкі з шафранам «Лусекат».

У прыгатаваны напой часам дадаюць чай, ром і лімонную цэдру, атрымліваючы ў выніку пунш з чырвонага віна. Замест чырвонага віна часам выкарыстоўваецца белае віно, сідр і яблычны сок, у выніку чаго атрымліваюць глёг залацістага колеру. У якасці асновы для безалкагольнага глёга падыходзіць бруснічны або з чорных парэчак сок.