Грог

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Грог

Грог (англ.: grog) — гарачы алкагольны напой. У найбольш агульным варыянце, уяўляе сабой ром, моцна разведзены вадой з цукрам. Часам выкарыстоўваецца гарачы чай.

Назва напою паходзіць ад мянушкі брытанскага віцэ-адмірала Эдварда Вернона (Edward Vernon; 1684-1757) - «Олд грог» (Old Grog). У тыя часы ў штодзённы рацыён маракоў Брытанскага Каралеўскага флоту ўваходзіла порцыя паўпінты 80%-га рому (каля 240 грамаў), што перыядычна выклікала дысцыплінарныя праблемы і п'янства матросаў. Каб паменшыць уплыў алкаголю на маракоў, адмірал Вернон загадаў раздаваць ром толькі разведзены вадой, халоднай ці гарачай, у залежнасці ад сітуацыі і лімонным сокам. Спачатку гэта новаўвядзенне не спадабалася матросам, бо колькасць напою пакінулі ранейшым - паўпінты, - а самога рому ў ім утрымліваўся ўжо ўдвая менш. Напой пачалі называць «ром на трох водах», або «грог» - па мянушцы Стары грог, якую далі Вернону за яго звычку шпацыраваць па палубе ў непагадзь у старой непрамакальнай накідцы, якая звалася grogram cloak. Ром уваходзіў у штодзённы рацыён маракоў каралеўскага флоту як прафілактычны сродак ад цынгі і іншых хвароб да скасавання гэтага правіла 31 ліпеня 1970 года[1].

Зноскі

  1. Pack, James. Nelson's Blood: The Story of Naval Rum. — Naval Institute Press, 1982. — P. 15. — ISBN 0-87021-944-8.