Брэсцкае Палессе

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Брэсцкае Палессе

Брэсцкае Палессе — фізіка-геаграфічная акруга Беларускага Палесся на паўднёвым захадзе Брэсцкай вобласці. Размешчанае паміж раўнінай Загароддзе на ўсходзе і ракой Заходні Буг, на захадзе, мяжуе на поўначы з Прыбужскай раўнінай, на поўдні з Валынскім узвышшам.

Рэльеф

Рэльеф сфарміраваўся пад уздзеяннем ледавікоў і іх адталых водаў, а таксама пад уплывам тэктанічных працэсаў. Невысокая (вышыня 140—160 м над узроўнем мора) плоскаўвагнутая аднастайная і забалочаная раўніна, паверхня якой нахіленая ў бок сутокаў Мухаўцу і Заходняга Бугу. Мінімальная абсалютная вышыня (123 м) адпавядае зрэзу Заходняга Бугу. Складзеная зандравымі, алювіяльнымі, балотнымі, радзей азёрнымі ўтварэннямі. Вылучаюцца перапрацаваныя ветрам пясковыя парабалічныя выдмы (вышыня 8—10 м), грудкаватыя пясковыя палі. Распаўсюджаныя размытыя марэнавыя грады, плоскія рачныя даліны і невялікія азёрныя лагчыны. Характэрная асаблівасць Брэсцкага Палесся — наяўнасць шматлікіх скразных далін, звычайна арыентаваных у паўднёва-заходнім кірунку.

Глебы

Глебы тарфяна-балотныя (буйныя масівы ўздоўж Дняпроўска-Бугскага канала), дзярнова-падзолістыя, радзей карбанатна-перагнойныя, у далінах рэчак — абалонавыя. Тарфяна-балотныя глебы нізінных балот на значнай плошчы меліяруюцца.

Гідраграфія

Найбольшыя рэкі: Заходні Буг з прытокам Мухавец, правыя прытокі Заходняга Буга — Спаноўка, Капаеўка, Серадовая Рэчка, левыя прытокі Мухаўца — Рыта і Асіпоўка. Каналы: Дняпроўска-Бугскі (заходняя частка), Белаазёрскі, Арэхаўскі і іншыя. Значныя азёры: Арэхаўскае, Олтушскае, Любань, Белае, Рагазнянскае; вадасховішча Лукаўскае.

Расліннасць

Разаранасць тэрыторыі ад 30 да 40%. Пад лесам у цэнтральнай частцы Брэсцкага Палесся 10—20%, на поўдні да 40%. Распаўсюджаныя хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя лясы, на поўдні сустракаюцца невялікія дзялянкі дубова-грабавых лясоў. На ўсходзе Брэсцкага Палесся знаходзіцца Радостаўскі батанічны заказнік.

Літаратура

  • Природа Белоруссии. Популярная энциклопедия. — Мн.: БелЭн 1986. — 600 с.: ил.
  • Брест. Энциклопедический справочник. — Мн.: БелЭн, 1987.

Шаблон:Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі


Шаблон:BrestObl-geo-stub