Рыта

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Рака Рыта)
Jump to navigation Jump to search
Рыта
бел.: Рыта
Выток Маларыцкі раён
Даўжыня 62 км
Вадазбор 1730 км²

Рыта — рака ў Маларыцкім і Брэсцкім раёнах Беларусі, левы прыток ракі Мухавец (басейн Віслы). Даўжыня 62 км. Плошча вадазбору 1730 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,9 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,6‰.

Пачынаецца ад трубы-рэгулятара каля вёскі Сушытніца Маларыцкага раёна. Раней пачыналася з возера Крымна (Украіна), пасля меліярацыйнай рэканструкцыі верхняе цячэнне пераведзенае ў рэчку Маларыта (пры неабходнасці частка сцёку можа накіроўвацца ў Рыту).

Цячэ па Брэсцкім Палессі. Вусце каля ўсходняй ускраіны вёскі Літвіны Брэсцкага раёна. За 2 км вышэй аўтадарогі Ляхаўцы-Макраны частка сцёку Рыты накіроўваецца ў Лукаўскае вадасховішча, ніжэй вусця Маларыты рэчышча прымае прыродныя параметры.

Абалона двухбаковая, нізкая, забалочаная (шырыня 0,3—0,5 км), перасечаная меліярацыйнымі каналамі, у верхнім і сярэднім цячэнні меліяраваная. Рэчышча каналізаванае амаль на ўсім працягу за выключэннем 3,5 км вышэй вусця. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя.

Замярзае ў 3-й дэкадзе снежня, лёд трымаецца да сярэдзіны сакавіка. Веснавы ледаход 7 дзён. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў пачатку 3-й дэкады сакавіка. Асноўныя прытокі — Маларыта, Замшанка і Пажэжынка (злева). Рака прымае сцёк з меліярацыйных каналаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Блакiтная кнiга Беларусi: энцыкл. / Рэдкал.: Н. А. Дзiсько i iнш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с.