Гонды

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Гонды
(Gōndi)
Women in adivasi village, Umaria district, India.jpg
Агульная колькасць 14 587 100
Рэгіёны пражывання Індыя, Бангладэш, Непал
Мова гонды
Рэлігія індуізм
Блізкія этнічныя групы тэлугу, тамілы, канада, тулу, кадава, тода

Гонды (саманазва Gōndi, літаральна "на ўзвышшах"), вядомыя таксама як гонда, коі, кайтур — група дравідамоўных плямёнаў, карэнныя жыхары паўвострава Індастан. Насяляюць пераважна ўзвышшы Дэканскага пласкагор'я, а таксама суседнія рэгіёны Ўсходняй Індыі і Бангладэш. Каля 500 чал. жыве на поўдні Непала. Мясцовасць, шчыльна населеная гонды, вядома таксама як Гандвана.

Агульная колькасць - 14 587 100 чал. (2016 г.)[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Мяркуецца, што гонды паходзяць з Паўднёвай Індыі і раней жылі на ўзгор'ях паміж сучаснымі штатамі Тамілнад і Карнатака, але пазней па невядомых прычынах мігрыравалі на поўнач. У пісьмовых крыніцах яны ўзгадваюцца з XIV ст., але з'явіліся ў месцах сучаснага пражывання яшчэ раней, на мяжы 1 і 2 тысячагоддзяў н. э.

Да XVI ст. гонды заснавалі шэраг дзяржаў (Гарха-Мандла, Дэагарх, Чанда, Кхерала і інш.), якія былі ў 1740-ых гг. падначалены дзяржавай маратхаў, а пазней увайшлі ў склад Брытанскай Індыі. Апошні ўладар Гарха-Мандла быў забіты брытанцамі ў 1857 г.

У нашы дні складаюць найбуйнейшае племянное грамадства ў свеце.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўным заняткам гонды з'яўляецца сельская гаспадарка. Стагоддзямі яны практыкуюць падсечна-агнявое земляробства, вырошчваюць рыс, бабовыя і гародніну. Акрамя таго, гонды трымаюць кароў і коз, займаюцца збіральніцтвам і паляваннем. Распаўсюджаныя рамёствы - выраб керамікі, разьба па дрэву і каменю. Вылучаюцца прафесійныя заняткі кавалёў, пастухоў, казачнікаў, якія перадаюцца па спадчыне.

Гонды амаль не прытрымліваюцца традыцыйнай каставай сістэмы, але і ў іх грамадстве няма роўнасці. Гонды падзяляюцца на 4 аб'яднанні сага, якія, як яны вераць, паходзяць ад 4 розных груп багоў і маюць розны сацыяльны статус. Сага ў сваю чаргу падзяляюцца на драбнейшыя сваяцкія групы. Акрамя таго, вылучаюцца раджгонды - нашчадкі ўладароў і правадыроў, якія прыватна валодаюць найбольш багатымі землямі.

Сем'і патрылакальныя, вялікія пашыраныя. Найбольш папулярная форма шлюбу - на стрыечнай сястры па лініі маці. Распаўсюджаны выкуп за нявесту, а таксама крадзеж нявест. Жанчыны звычайна жывуць у сям'і мужа.

Гонды будуюць вялікія вёскі, што складаюцца з родавых паселішчаў. Адносіны паміж жыхарамі адной вёскі часцяком больш важныя, чым з іншымі прадстаўнікамі племені або нават сваякамі, што жывуць у іншых населеных пунктах. Вясковая і родавая арганізацыі актыўна ўмешваюцца ў жыццё сям'і.

Вопратка падобная на тую ж, што носяць суседнія народы. Мужчыны апранаюць насцегнавыя повязі дхоці, жанчыны - сары і прыталеныя кашулі чолі.

Гонды збераглі багатую вусную традыцыю дзякуючы прафесійным музыкам і апавядальнікам пардханам. Найбольш папулярныя святы Пола і Дасахара звязаны з земляробчым гадавым цыклам. Свята Дасахара суправаджаецца рэлігійнымі шэсцямі ад вёскі да вёскі, танцамі і спевамі.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова гонды адносіцца да дравідыйскай сям'і моў, блізкая да тэлугу. Падзяляецца на разнастайныя племянныя дыялекты. Выкарыстоўваюцца розныя сістэмы пісьмовасці.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Асноўная рэлігія - індуізм, які ўвабраў у сябе мясцовыя племянныя вераванні. Асабліва шануюцца жаночыя бажаствы, якія, як вераць гонды, далі ім нараджэнне, выратавалі і вывелі ў свет з пячоры, дзе іх зачыніў Шыва.

Захоўваюцца перажыткі магічных абрадаў, татэмізм, культ продкаў.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]