Перайсці да зместу

Гродзенская крэпасць

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Крэпасць
Гродзенская крэпасць
Нямецкая марка з выявай Гродзенскай крэпасці
53°40′06″ пн. ш. 28°48′26″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гродзенская крэпасць — комплекс фартыфікацыйных умацаванняў, якія былі збудаваныя навокал г. Гродна ў канцы 19 ст. (7 фартоў) і ў пачатку 20 ст. (13 фартоў, недабудаваныя).

Каменная фартыфікацыя ў Гродне існавала з 12 ст. (сцены дзядзінца), што было рэдкай з’явай на тагачаснай Русі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, неадпаведнасць старых умацаванняў новым патрабаванням, разам са стратэгічнай важнасцю горада, прывялі да распрацоўкі шэрагу планаў будовы сучаснай крэпасці (кан. 19—пач. 20 ст., 1807, 1831). Палітычныя падзеі і недахоп сродкаў не далі гэтым планам ажыццявіцца.

Адзначаецца, што няўдача гэтых планаў выратавала ад разбурэння гарадзенскі стары горад — на месцы Новага і Старога замкаў планавалася будова артылерыйскіх батарэй, на месцы Францішканскага манастыра — перадмастовага ўмацавання «тэт-дэ-пон», на Гарадніцы — чатырох плацін з магчымасцю затаплення мясцовасці.

Нарастанне канфлікту інтарэсаў Расіі і Германіі ажывіла планы далейшага ўмацавання Гродна. Была прынятая пастанова (1873) і праведзены палявыя працы; у 1879 Аляксандр II зацвердзіў даклад Д. Мілюціна аб умацаванні Коўна, Гродна, Асаўца. Але тады гэты план не ажыццяўлялі, а вярнуліся да яго пасля дакладу М. Обручава аб планах вядзення вайны (1880).

У 1887—1889 былі збудаваныя пяць фартоў (форт № 1 на правым беразе Нёмана, ва ўрочышчы Пышкі, фарты № 2—5 складалі занёманскую пазіцыю ўздоўж занёманскага фарштата). Адразу ж іх колькасць была прызнаная недастатковай, і ў 1890-х гг. былі збудаваныя яшчэ два, № 6, 7, на правым беразе Нёмана, каля вёсак Дзевятоўка і Грандзічы. Фарты мелі драўляна-земляную канструкцыю, з мінімальным выкарыстаннем бетону, кожны з іх быў разлічаны на тры роты пяхоты і чатыры гарматы. Агульная працягласць пазіцыі склала 14 км. Гэтыя фарты ўвайшлі ў гарадскую тапаніміку Гродна.

Войска практычна не карысталася гэтымі фартамі, і яны мелі характар перадмастовай пазіцыі часовага характару, а на пачатку 1900-х гг. страцілі баявое значэнне. Пасля руска-японскай вайны і ўвядзення новых мабілізацыйных планаў, былі распрацаваныя планы мадэрнізацыі шэрагу крэпасцяў (зацверджаны 4(17).8.1912). У выпадку Гродзенскай, гэта фактычна былі планы перабудовы крэпасці. Меркавалася збудаваць 13 тыповых фартоў, 23 нумарных апорных пунктаў, 19 літарных апорных пунктаў, а таксама пляцоўкі для буйнакалібернай артылерыі, аэрадром, плаціны, дарогі і інш. Меркаваная працягласць эліпсавіднай у плане пазіцыі складала каля 60 км. Будаўніком[1] крэпасці быў прызначаны Д. Каласоўскі (1912).

Форт № 9 каля вёскі Пагараны

Да пачатку Першай сусветнай вайны аніводзін з фартоў не быў дабудаваны, хоць працы працягваліся амаль да эвакуацыі 20.8.1915. Працы па збудаванні бетонных бруствераў былі праведзены на фартах № 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10 і 13.[2] Таксама было пачатае будаўніцтва бетонных бруствераў на літарных пунктах: А, Б, В, Д, Е, К.

У час германскага наступлення ў 1915 расійскія гарнізоны абараняліся ў недабудаваных умацаваннях, пасля ўзарвалі іх. Непашкоджанымі засталіся яшчэ раней занятыя немцамі фарты № 4 (каля в. Стрэльчакі), а таксама так званы «малы» форт, што недалёка ад фарта № 4. Ёсць інфармацыя што неўзарваным застаўся і форт № 12 (каля в. Чашчаўляны). Але будаўніцтва гэтага фарта было на стадыі толькі земляных работ.

Гродзенская крэпасць у наш час

У 19161917 немцы спрабавалі ўмацаваць усходнюю частку фартовай пазіцыі.

З 1919 года Гродзенская крэпасць перайшла да Польшчы. Першым камендантам стаў генерал Войцех Карлавіч Фалевіч[3]. Былі вылучаныя часткі гарнізона крэпасці. У ходзе савецка-польскай вайны ўмацаванні Гродзенскай крэпасці выкарыстоўваліся як польскімі, так і савецкімі войскамі. У 19191920 палякі спрабавалі ўмацоўваць крэпасць.

У час будаўніцтва Гродзенскага УР Карбышавым было загадана (1941) ўключыць рэшткі крэпасці ў структуру УРа.

У гады Другой сусветнай вайны форт № 2 быў месцам масавага знішчэння гітлераўцамі мірных жыхароў, раён форту № 1 быў месцам спробы савецкіх войскаў утрымаць плацдарм на левым беразе Нёмана ў час наступу 1944.

Зноскі

  1. Тагачасная назва пасады кіраўніка ўсіх будаўнічых работ.
  2. Бруствер фарта № 10 не захаваўся. Ёсць звесткі, што ён быў знішчаны пры будаўніцтве дарогі ўздоўж ВА АЗОТ.
  3. ФАЛЕВИЧ Войцех Карлович (руск.)