Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сучасны выгляд будынка музычна-тэатральнай школы Тызенгаўза

Гро́дзенская музычна-тэатральная школа Тызенга́ўза — тэатральная школа, якая існавала ў 17741780 гадах у г. Гродне. Створана падскарбіем надворным літоўскім А. Тызенгаўзам для задавальнення патрэб Гродзенскага тэатра Тызенгаўза. Працавала ў спецыяльным будынку на Гарадніцы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Адкрыццю школы папярэднічала падрыхтоўка музыкантаў скрыпачом Гродзенскай капэлы Т.Вежбаловічам (дагавор з ім заключаны 24 чэрвеня 1769 года). Навучаліся дзеці прыгонных сялян і мяшчан (ад 8—10-гадовага ўзросту), якіх падбіралі паводле музычных здольнасцей па загаду Тызенгаўза.

Былі тры класы. Вучні набывалі навыкі ігры на скрыпцы, альце, віяланчэлі, кантрабасе, віёле, флейце, габоі, кларнеце, фагоце, валторне, трубе, клавікордзе. У праграму заняткаў уваходзілі таксама спевы, танец, нотная грамата, тэорыя музыкі і кампазіцыя. Выкладаліся і некаторыя агульнаадукацыйныя прадметы (пісьмо, арыфметыка, французская і італьянская мовы, рысаванне), рукадзелле; чыталіся лекцыі па выхаванні.

Кіраўніком школы быў скрыпач і капельмайстар Л.Сітанскі, педагогамі — італьянскі кампазітар К.Абатэ, польскія і беларускія музыканты Д.Пташынскі, Б. і С. Сітанскія, А.Тумін, Геранім, Вежбаловіч, Е.Барковіч, Ф. Бірон, С.Швед, Я.Пашкоўскі, а таксама найбольш здольныя вучні М.Гжанкоўскі, Ю.Вайткевіч, М.Яленіч, італьянскі харэограф Г.Петынеці (17741779).

Школа давала добрую падрыхтоўку, яе вучні выступалі ў спектаклях тэатра (балеты Петынеці «Сялянскі балет», «Квартэт дудароў», «Балет пекараў», усе ў 1778 годзе). Выхаванцы школы — танцоўшчыкі Е.Валінскі, Д.Пякарская-Сітанская, М. Рымінскі, спявачка М.Сітанская праславіліся ў польскім тэатры.

З адстаўкай Тызенгаўза ад усіх пасад у 1780 годзе школа пераведзена ў Паставы і існавала да яго смерці ў 1785 годзе. У гэты час рыхтаваліся пераважна танцоўшчыкі (16 дзяўчат і 18 юнакоў), а таксама вакалісты і інструменталісты. Танец выкладалі Ф. Г. Ле Ду, прыгонны танцоўшчык Рымінскі. Ставіліся школьныя балетныя спектаклі (балет Ле Ду «Гілас і Сільвія» паказаны ў 1785 годзе ў Варшаве).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]