Гродзенскі гурток беларускай моладзі

Гро́дзенскі гурто́к белару́скай мо́ладзі дзейнічаў у Гродне ў 1909—1914 гадах. Меў на мэце пашыраць веды пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, мову, развіваць нацыянальную свядомасць моладзі[1].
Кіраўнікі: ксёндз Францішак Грынкевіч, да студзеня 1912 — К. Колышка, з восені 1913 — Адольф Зянюк. У гурток уваходзілі пераважна вучні мясцовых школ, гімназій. Працаваў нелегальна. Меў сувязі з газетай «Наша ніва», беларускай выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», беларускай кнігарняй у Вільні, Беларускім навукова-літаратурным гуртком студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта і інш. Члены гуртка займаліся літаратурнай творчасцю (Зоська Верас, Я. Лявіцкі, К. Колышка), збіралі бібліятэку беларускіх выданняў, наладжвалі вечарыны, ставілі спектаклі[2].
Гурткоўцы ладзілі вечарынкі, на якіх заслухоўваліся рэфераты, чыталіся вершы Францішка Багушэвіча, Янкі Лучыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, абмяркоўваліся новыя творы беларускіх пісьменнікаў, а таксама напісаныя членамі гуртка. Выступаў арганізаваны гурткоўцамі струнны аркестр і хор, выконваліся народныя песні на словы беларускіх паэтаў, а таксама са зборніка Антона Грыневіча «Беларускія песні з нотамі».
19 лютага 1910 года арганізавана першая беларуская вечарынка ў Гродне. У праграме яе: рэферат «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне», музыка, спевы, дэкламацыя і ўпершыню паказаны ў горадзе спектакль на беларускай мове «Па рэвізіі» Марка Крапіўніцкага. Наступныя вечарынкі адбыліся ў 1911—1913 гадах. У лютым 1911 года: у праграме рэферат «Водгук душы беларускага народа ў яго песнях, казках і легендах», выступленне хору і спектакль «Модны шляхцюк» Каруся Каганца. У кастрычніку 1911 года: у праграме сцэнка «Пастушка». У красавіку 1912 года: спектакль «Страхі». У лютым 1913 года: дэкламацыя, спектаклі «Міхалка» Далецкіх і «Гаданне цыганкі».
Гурток імкнуўся ахапіць работай і сялян навакольных вёсак. Наладжваў там свае вечарынкі, на якія збіраліся жыхары бліжэйшых вёсак (Бяляне, Стрэльчыкі і інш.). У 1912 годзе была арганізавана калядная ёлка для сельскіх дзяцей, аб чым паведаміла «Наша ніва» (1913, 18 студзеня).
Члены гуртка друкаваліся ў газеце «Наша ніва» (Л. Сівіцкая, К. Колышка), часопісе «Педагогическое дело» (Я. Лявіцкі пад псеўданімам Юрка Снапко). У 1913 годзе гурткоўцамі выдадзены лацінкай на беларускай мове літаратурны альманах «Kołas biełaruskaj niwy» («Колас беларускай нівы»). Ён быў надрукаваны на шапірографе тыражом 50 экзэмпляраў. На тытульным лісце пад загалоўкам малюнак — тры каласы жыта. Складаўся альманах з ананімных ці падпісаных псеўданімамі вершаў і апавяданняў Л. Сівіцкай — Зоські Верас (пад псеўданімам Шара Пташка, яна ж аўтар уступнага артыкула), Я. Лявіцкага, М. Бобрык, А. Зенюка, Ф. Лабенца. Розныя па мастацкім узроўні творы аб’яднала імкненне іх аўтараў да сацыяльнай змястоўнасці і гуманістычнага пафасу аповеду. Пісалі аб цяжкай долі беларускага народа, заклікалі да актыўнай культурна-асветнай працы сярод беларусаў. У альманаху былі змешчаны таксама вершы Марыі Канапніцкай, рэпартаж з Гродзеншчыны, заклік збіраць звесткі аб мясцовых назвах, перадрукаваны з газеты «Нашай нівы».
Дзейнасць гуртка высока ацаніла газета «Наша ніва». Яго члены ў далейшым прымалі ўдзел у працы пецярбургскіх гурткоў студэнтаў-беларусаў (Адам Бычкоўскі, А. Зянюк, Я. Лявіцкі і інш.), у грамадскім і культурным руху Заходняй Беларусі (Л. Сівіцкая, А. Бычкоўскі, А. Зянюк і інш.), а Зыгмунт Абрамовіч (па сцэне Антон Забель) стаў вядучым акцёрам Першай беларускай трупы І. Буйніцкага.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Аляксей Пяткевіч. Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 133. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- ↑ А. М. Пяткевіч. Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 431.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Kozłowska-Głogowska, H. Kołas našaj nivy // Czasopis. — 2003. — № 7—8.
- Stankievič, A. Białaruski chryścijanski ruch (histaryčny narys). — Vilnia, 1939.
- Ад Гуртка да Грамады... Старонкі беларускай гісторыі Гродна першай паловы XX стагоддзя (матэрыялы да круглага стала 23 кастрычніка 2004 г.) / Гродзенскае абласное аб’яднанне маладых навукоўцаў «ВІТ». — Гродна, 2004.
- Верас З. Гародзенскі гурток: З успамінаў // Маладосць. — 1972. — № 10.
- Верас З. Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларускі каляндар. — Беласток, 1981.
- Верас З. Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Бібліятэка Акадэміі навук Беларусі. Аддзел рэдкай кнігі. Ф. 23. Воп. 1. Спр. 624.
- Верас З. Старое Гродна // Край мой. Нёман. — Мн., 1986. — С. 188—194.
- Гродно. Энцикл. справ. Мн., 1989.
- Л. С.-Ш. Успаміны аб «Горадзенскім гуртку беларускай моладзі» // Студэнская думка. 1925. № 3(4) — 4(5).
- Пяткевіч А. З кагорты пачынальнікаў // Край мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная. — Мн., 1986.
- Пяткевіч А. Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 431. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- Пяткевіч А. Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 133—134. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Чарнякевіч А. Першы колас беларускай нівы // Биржа информации. № 291. 4.9.2003. Архівавана 4 сакавіка 2016.
- Ян з-пад Ласосны. Горадзенскі Беларускі гурток 1913 г.: (Успаміны) // Крывіч. — 1924. — № 1 (7).