Беларускі навукова-літаратурны гурток

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Санкт-Пецярбургскага універсітэта — культурна-асветная арганізацыя ў 19121914 гг. Узнік на хвалі нацыянальна-вызваленчага руху народаў Расійскай імперыі на ўзор гурткоў студэнтаў іншых нацыянальнасцей. Аформіўся дзякуючы ініцыятыве студэнта фізіка-матэматычнага факультэта Я. І. Хлябцэвіча. У арганізацыйную групу ўваходзіла 16 чалавек. Статут гуртка быў зацверджаны саветам прафесараў універсітэта толькі 30 снежня 1912 г., хоць з яго праектам студэнты звярталіся ў рэктарат яшчэ ў 19051906 гг. Згодна статута, мэта гуртка — «навуковае азнаямленне з духоўным (мова, літаратура, народная славеснасць) і грамадскім (этнаграфія, статыстыка, народная гаспадарка) жыццём Беларусі». Кіраўнік гуртка — дацэнт А. А. Разенфельд, стараста — студэнт Б. А. Тарашкевіч.

Галоўная заслуга гуртка — навуковае абгрунтаванне неабходнасці развіцця беларускай мовы, літаратуры і культуры і значны ўклад студэнтаў у гэту справу. Студэнты распрацоўвалі тэмы: «Рукапісны альбом Вярыгі-Дарэўскага», «Фанетычная транскрыпцыя беларускіх твораў», «Развіццё беларускай нацыянальнай ідэі» (Б. А. Тарашкевіч), «Беларуская народная музыка» (А. А. Грыневіч), «Адраджэнне беларускай народніцкай літаратуры» (Я. І. Хлябцэвіч), «Вывучэнне старажытных гістарычных помнікаў і ахова даўніны» (К. С. Душэўскі), «Беларуская бібліяграфія» (Р. А. Зямкевіч). Гурткоўцы выпусцілі часопіс «Раніца» (1914 г.), рыхтавалі часопіс «Сябра» (рукапіс 1-га нумара захоўваецца ў Цэнтральнай бібліятэцы Літоўскай АН), разам з суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца» ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы альманаха «Маладая Беларусь»[1] (19121913 гг.). Гурток падтрымлівалі І. А. Бадуэн дэ Куртэнэ, С. А. Вянгераў, Я. Ф. Карскі, А. Л. Пагодзін, Е. Р. Раманаў, А. А. Шахматаў і іншыя вядомыя вучоныя, пісьменікі і грамадскія дзеячы. Некаторыя неафіцыйныя пасяджэнні праводзіліся на кватэры Б. І. Эпімах-Шыпілы, куды прыходзілі студэнты-беларусы з іншых навучальных устаноў Пецярбурга, а таксама людзі розных прафесій, якія не мелі права наведваць пасяджэнні гуртка ва універсітэце.

Гурток садзейнічаў ажыццяўленню ідэй асветніцкага характару, што выявілася ў прапагандзе беларускіх кніг, адкрыцці бібліятэк на Беларусі, у тым ліку Астрамечаўскай бібліятэкі імя Ф. Ф. Паўленкава, у развіцці беларускага тэатральнага мастацтва.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]