Грыгорый Цамблак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Грыгорый Цамблак
Gregory Tsamblak.jpg

Прафесія:

святар, аўтар, пісьменнік

Нараджэнне:

1365[1]
Вяліка-Тырнава, Другое Балгарскае царства[1]

Смерць:

1420[1]
Кіеў, Кіеўскае княства[d], Вялікае Княства Літоўскае[1]

Commons-logo.svg Грыгорый Цамблак на Вікісховішчы

Грыгорый Цамблак, Цамвлах, Цымівлах, Семівлах, свецкае імя Гаўрыіл (~1364, Тырнава, Балгарыя — зіма 1419/1420) — дзеяч праваслаўнай царквы, мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі, мітрапаліт малдава-валашскі, пісьменнік.

Жыццё і дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў з абалгаранага валашскага баярскага роду. Адукацыю атрымаў у Тырнаўскім манастыры св. Тройцы пад кіраўніцтвам патрыярха Еўфімія, а таксама ў Канстанцінопалі, дзе займаўся перапіскай і перакладам на царкоўнаславянскую мову агіяграфічных твораў. Светапогляд Грыгорыя Цамблака сфарміраваўся пад уплывам візантыйскай культуры. У час турэцкай агрэсіі на Балканы, у 1394 г. пакінуў Балгарыю, каля 1400 г. прыняў манаства і ўступіў у манастыр пад імем Грыгорыя. Займаўся прапаведніцкай дзейнасцю ў манастырах Візантыі, некаторы час быў ігуменам Дзечанскага манастыра ў Сербіі, прэсвітэрам у Сучаве ў Малдавіі. У 1406 г. быў праездам у ВКЛ, падчас паездкі да свайго дзядзькі — мітрапаліта усяе Русі Кіпрыяна, але на Нёмане атрымаў вестку пра яго смерць, на некаторы час затрымаўся ў ВКЛ, пазнаёміўся з вялікім князем Вітаўтам.

Зноў Грыгорый Цамблак з'явіўся ў ВКЛ ў 1410-х. Вітаўт, працягваючы Альгердаву палітыку стварэння асобнай ад Масквы праваслаўнай Кіеўскай мітраполіі (гл. пра т.зв. «Літоўскую мітраполію»), прапанаваў сабору праваслаўных епіскапаў ВКЛ вылучыць кандыдатуру Грыгорыя Цамблака на кіеўскі мітрапалічы сталец. Для пасвячэння Грыгорый Цамблак паехаў у Канстанцінопаль, але не меў поспеху. Не мелі поспеху і два вітаўтавы пасольствы ў Канстанцінопаль, як і ў часы Альгерда, спроба стварэння асобнай мітраполіі сустрэла моцнае супраціўленне Маскоўскага княства. У той час Кіеўская мітраполія яшчэ захоўвала адзінства і мітрапаліт Фоцій не хацеў зракацца ўлады над Кіевам і Галічам, пастаўленне ў Кіеў асобнага «літоўскага» кіеўскага мітрапаліта прывяло да канфлікту паміж ВКЛ і ВКМ.

Нягледзячы на анафемы канстанцінопальскага патрыярха і мітрапаліта Фоція, царкоўны сабор у Навагрудку (15.11.1415), дзе прысутнічаў увесь праваслаўны епіскапат ВКЛ і Польшчы, пасвяціў Грыгорыя Цамблака ў мітрапаліты кіеўскія. Гэтае рашэнне сабор тлумачыў тым, што Фоцій не клапоціцца пра стан Кіеўскай мітраполіі, а таксама царкоўнымі канонамі. Абвінавачванні, што выбары Грыгорыя Цамблака адбыліся пад ціскам Вітаўта на епіскапаў, паводле меркавання К. Хадыніцкага, абапіраюцца на пазнейшыя сведчанні тэндэнцыйнага Ніканаўскага летапісу, аўтар якога хацеў паказаць нелігітымнасць абрання Грыгорыя Цамблака. Па нагавору Фоція канстанцінопальскі патрыярх наклаў праклён на Грыгорыя Цамблака і разам з візантыйскім імператарам звярнуўся да Вітаўта, каб той прызнаваў духоўную ўладу выключна Фоція.

Вясной 1416 г., калі Кіеў быў абложаны татарамі Едзігея, Грыгорый Цамблак перанёс кафедру ў Вільню ў Багародзіцкую царкву, а рэзідэнцыяй зрабіў Наваградак. Не атрымаўшы пастаўлення ад Канстанцінопаля, Вітаўт, гледзячы на ўнійныя тэндэнцыі, паслаў Грыгорыя Цамблака на 16-ы Сусветны сабор, які праходзіў 5.11.1414 — 22.4.1418 г. у Канстанцы. Грыгорый Цамблак 19.2.1418 г. урачыста ўехаў у Канстанц на чале дэлегацыі з 300 прадстаўнікоў ВКЛ, Ноўгарада, Малдавіі і Вялікай Арды. У Канстанцы Грыгорый Цамблак меў аўдыенцыю Папы рымскага Марціна V, 25.2.1418 года выступіў з дзвюма прамовамі: «Прывітальнае слова папу Марціну V» і «Прывітальнае слова айцам Канстанцкага сабора», у якіх засведчыў сваё, а таксама караля Ягайлы і вялікага князя Вітаўта, жаданне уніі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў і прапанаваў з мэтай яе заключэння склікаць агульны сабор прадстаўнікоў абодвух веравызнанняў. Але прамова Грыгорыя Цамблака не мела поспеху, на саборы ў першую чаргу абмяркоўвалася ўнутраная рэформа каталіцкай царквы.

Апошнія звесткі пра Грыгорыя Цамблака датуюцца 5-18.5.1418, калі ён знаходзіўся ў Кракаве, вяртаючыся з Канстанца ў Навагрудак. Пазнейшыя звесткі з крыніц кажуць ўжо пра памерлага Грыгорыя Цамблака. Пасля смерці Г. Цамблака і абвастрэння адносін ВКЛ з Польшчай у пач. 1420-х пытанне Кіеўскай мітраполіі страціла вастрыню, Вітаўт прызнаў царкоўную ўладу Фоція над праваслаўнымі епархіямі ВКЛ.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што Грыгорый Цамблак не памёр у 1419 г., а з-за пагроз і ганенняў часткi праваслаўных епіскапаў, якія не хацелі раздзелу Кіеўскай мітраполіі, пакінуў ВКЛ каля 1420 г. і выехаў у Малдавію, дзе пражыў у манастыры да 1450 г.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Творы Грыгорыя Цамблака на царкоўнаславянскай мове адносяць да літаратур балгарскай, сербскай, малдаўскай, румынскай, старажытнарускай, старабеларускай і стараўкраінскай. Грыгорый Цамблак лічыцца аўтарам больш чым 50 твораў, з якіх захаваліся і вядомыя 26, у т.л. 10 твораў напісаныя ў т.зв. «літоўскі» перыяд. Пераважна, творы Грыгорыя Цамблака — гэта дыдактычна-панегірычныя, урачыстыя словы, казанні на розныя святы і асобныя падзеі рэлігійнага жыцця. Сярод твораў Грыгорыя Цамблака «Надмагільнае слова мітрапаліту Кіпрыяну», «Пахвальнае слова Еўфімію Тырнаўскаму», «Як трымаюць веру немцы» і інш. Асаблівую цікавасць уяўляе слова Г. Цамблака пра пакуты Іаана Новага ў Белаградзе, якое з'яўляецца важнай крыніцай па гісторыі Бесарабіі і паўднёвага берага Чорнага мора, гэта слова ўпершыню апублікавана ў працы румынскага епіскапа Мельхіседэка, жыццяпісе Г. Цамблака, «Vie'ta si scrierile lui Grigorie Tamblacu» (Бухарэст, 1884). Р. Цамблак прымаў удзел у складанні «Акруговай граматы» і «Апраўдальнага паслання заходнярускіх епіскапаў». Таксама займаўся перапісваннем богаслужэбных кніг.

Творы Грыгорыя Цамблака былі папулярныя і ў Маскве, ужо ў 15 ст. яго казанні былі ўнесеныя ў зборнікі царкоўных павучанняў нараўне з казаннямі Іаана Златавуста і іншых святых айцоў, хоць і ананімна, у 16 ст. казанні Г. Цамблака ўносіліся ў зборнікі ўжо вельмі часта, але пад рознымі імёнамі. Нарэшце, мітрапаліт Maкарый унёс творы Грыгорыя Цамблака ў сваю Чэццю-Мінею, змясціўшы пад рознымі чысламі, а потым злучыўшы вялікую частку іх у канцы ліпеньскай кнігі пад загалоўкам «Кніга Г. Самвлака». Як прапаведнік, Грыгорый Цамблак часта пераймаў візантыйскія ўзоры і даходзіў да такой напышлівасці, што часам рабіўся малазразумелы.

Творы Грыгорыя Цамблака актыўна перапісваліся ў манастырах (Супрасльскім, Слуцкім, Жыровіцкім, Аршанскім, Лаўрышаўскім) і браліся за ўзор, захаваліся ў шматлікіх рукапісных зборніках 15—19 ст.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Цамблак Грыгорый // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. С. 82.
  • Chodynicki K. Camblak Grzegorz // Polski słownik biograficzny. — T. II. — Kraków, 1937. — S. 193—194.
  • Антонаў В. В. Цамблак Грыгорый // Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 2001. — С. 348.
  • Григорий Цамблак: Живот и творчество. — София, 1984.
  • Хаўратовіч І. П. Цамблак Грыгорый // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., 1995. — С. 151—154.
  • Яцимирский А. И. Г. Цамблак. Очерк его жизни, административной и книжной деятельности. // Православный собеседник. — Казань, 1905, апрель. С. 752.
  • Григорий Цамблак // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) — СПб., 1890—1907.