Перайсці да зместу

Уладзімір Данілавіч Спасовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уладзімір Данілавіч Спасовіч
польск.: Włodzimierz Spasowicz
Уладзімір Спасовіч. Малюнак І. Рэпіна, 1891
Уладзімір Спасовіч. Малюнак І. Рэпіна, 1891
Дата нараджэння 16 (28) студзеня 1829[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 13 (26) кастрычніка 1906[1] (77 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Данііл Восіпавіч Спасовіч
Род дзейнасці журналіст, юрыст, гісторык літаратуры, адвакат, філолаг
Навуковая сфера крымінальнае права і адвакатура
Месца працы
Навуковая ступень доктар навук[d]
Альма-матар
Член у
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Уладзімір Данілавіч Спасо́віч (16 студзеня 1829 — 26 кастрычніка 1906) — беларуска-расійска-польскі юрыст, грамадскі дзеяч, публіцыст, крытык.

Нарадзіўся ў мястэчку Рэчыца Мінскай губерні. Бацька Даніэль быў доктарам медыцыны і хірургіі. Дзед быў уніяцкім святаром. Вызначаў праваслаўе разам з бацькам, маці і сёстры вызначалі каталіцтва. Пачатковую адукацыю атрымаў у Мінскай гімназіі. Пасля заканчэння юрыдычна­га факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта (1849) у 1851 годзе абараніў на кафед­ры міжнароднага права магістарскую дысертацыю. У 1857—1861 гадах быў прафесарам крымінальнага права Пецярбург­скага ўніверсітэта. У знак пратэсту супраць жорсткай расправы над удзельнікамі студэнцкага руху пакінуў у 1861 працу ва універсітэце і выкладаў крымінальнае права ў вучылішчы правазнаўства. За кнігу «Падручнік крымінальнага права» (1863) Спасовічу прысуджана вучоная ступень доктара пра­ва. У працах па тэорыі судова-крымінальных доказаў ён абагульніў і прааналізаваў дзеючыя крымінальнаправавыя нормы і першы выступіў з рэзкай крытыкай «Улажэння аб пакараннях крымінальных і папраўчых 1846 г.».

Лічыў, што пакаранне не павінна быць помстай і застрашваннем, a выкарыстоўваецца дзяржавай з папераджальнай і выхаваўчай мэтамі. Выступаў супраць цялесных і асабліва жорсткіх пакаранняў, у т.л. супраць смяротнай кары. Адну з прычын злачыннасці бачыў у недасканаласці дзяржаўных і грамадскіх устаноў, нізкай культуры народа. Спасовіч быў упэўнены, што заканадаўца павінен клапаціцца аб умацаванні пачуцця ўласнай годнасці чалавека, аб павазе і цярплівасці ў адносінах да чужых перакананняў i поглядаў. Ідэі Спасовіча былі прызнаны небяспечнымі, і па распараджэнні цара Аляксандра I яго «Падручнік крымінальнага права» быў забаронены. Створаная «найвышэйшым загадам» Аляксандра II спецыяльная камісія на чале з шэфам жандараў Долгарукавым знайшла ў падручніку Спасовіча больш 30 «месцаў», у «якіх утрымліваюцца варожыя думкі», а таксама прызнала, што кніга змяшчае «варожыя тэорыі». Згодна з царскім указам, падручнік канфіскавалі, а Спасовіча звольнілі з дзяржаўнай службы. Спасовіч падвергнуў крытыцы фармальную тэорыю доказаў і выказаў думку, што тэорыя доказаў з’яўляецца галоўнай у сістэме судаводства і складае аснову ўсяго крымінальнага працэсу, самую істотную яго частку, якая абумоўлівае формы судаводства і канструкцыю су­довых органаў. Распрацаваў і абгрунтаваў уласную класіфікацыю судовых доказаў. У сваіх навуковых даследаваннях тэарэтычна даказаў неабходнасць перагляду ўсёй сістэмы судовага ладу і судаводства. Ён патрабаваў заканадаўчага замацавання і ўвядзення ў практыку судаводства прынцыпаў незалежнасці суда ад адміністрацыі, нязменнасці суддзяў, заснавання інстытутаў адвакатуры i пракурорскага нагляду, увядзення спаборнага, вуснага і галоснага судаводства, роўнасці перад законам з адменай усялякіх пера­ваг, у т.л. перавагі мужчыны над жанчынай. Спасовіч лічыў неабходным увесці выбарныя пасады суддзяў з вызначаным узроставым і маёмасным цэнзам. У навуковым артыкуле «Аб мове ў галіне судаводства» выказаў думку, што рускія судовыя чыноўнікі павінны валодаць мовай таго народа, сярод якога працуюць. Быў ідэйным натхняльнікам судовай рэформы ў Расіі. Ён не прымаў непасрэднага ўдзелу ў яе правядзенні, але большасць яго прапаноў і навуковых распрацовак былі ўлічаны і леглі ў аснову Судовых ста­туту 1864 года. У 1866 годзе ў сувязі з судовай рэформай перайшоў у адвакатуру і стаў адным з першых у Расіі прысяжных павераных. Дзякуючы сваім прафесійным ведам, шырокай эрудыцыі і бліскучым здольнасцям прамоўцы ён стаў адным з лепшых расійскіх адвакатаў. Калегі назы­валі яго «каралём адвакатуры», «першым адвакатам Пецярбурга». Асабліва ахвотна ён выступаў абаронцам па палітычных справах. Апазіцыйна на­строены да самадзяржаўна-памешчыцкіх парадкаў у Расіі, ён прымаў удзел амаль ва ўсіх буйнейшых палітычных працэсах свайго часу (у справе нячаеўцаў, у «працэсе 193-х» і інш.). Як судовы прамоўца вызначаўся тонкім аналізам абставін справы i асобы абвінавачанага, майстэрскай распрацоўкай доказаў. Паводле зместу сваіх судовых прамоў Спасовіч быў, як адзначаў А. Ф. Коні, не толькі абаронцам, але і мысліцелем, для якога прыватны выпадак служыў асновай для ўзняцця агульных пытанняў i іх ацэнкі з пунк­ту гледжання палітыка, мараліста і публіцыста. У 1872 годзе Уладзімір Данілавіч выкупіў 1600 дзесяцін зямлі ў графа Якубоўскага, які валодаў Калінаўкай і прылеглымі да яе тэрыторыямі. Зямлю ён здаваў у арэнду заводам па вытворчасці цукру (Падолле з пачатку XIX стагоддзя лічылася «цукровым Данбасам» — О. З.). Спасовіч адбудаваў сядзібу ў вёсцы Лемешаўка (Каліноўскага раёна Вінніцкай вобласці) (45 кіламетраў ад Калінаўкі). Пасля 1917 года ў сядзібе Спасовіча размяшчаліся: клуб, кінатэатр, Лемяшэўская васьмігадовая сярэдняя школа. Зараз тут размяшчаецца Лемяшэўскі мужчынскі манастыр. Уладзімір Данілавіч памёр 26 кастрычніка 1906 года ў Варшаве ад грыпу. Паколькі адвакат не быў жанаты, усе свае грашовыя зберажэнні ён завяшчаў Акадэміі навук у Варшаве і фонду выхаванцаў Пецярбургскага рымска-каталіцкага таварыства.

Навуковыя працы і памяць

[правіць | правіць зыходнік]

Спасовіч — аўтар навуковых прац па міжнародным праве, крымінальным і крымінальнапрацэсуальным праве, польскім і еўрапейскім рамантызме, рускапольскіх літаратурных сувязях. Пісаў на рускай і польскай мовах. Усе яго навуковыя працы прасякнуты гуманізмам, павагай да асобы чалавека, да чужых думак і перакананняў. Ён зрабіў значны уклад у распрацоўку праблем псіхафізіялогіі, выказаў і абгрунтаваў шэраг цікавых ідэй на пасяджэнні псіхіятрычнага таварыства пры Ваенна-медыцынскай акадэміі, сябрам якога быў. Ён дапамагаў польскай дыяспары Пецярбурга. Таксама ён быў сябрам польскага літаратурнага таварыства імя Адама Міцкевіча ў Львове. Быў ганаровым сябрам Пазнаньскага таварыства сяброў навукі. Спасовічу належаць наву­ковыя працы па гісторыі («Жыццё і палітыка маркіза Веляпольскага», 1882), мастацтвазнаўстве (разам з А. Пыпіным напісаў «Агляд гісторыі славянскіх літаратур», 1865) і інш. Аўтар літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў, прысвечаных творчасці А. С. Пушкіна, М. Ю. Лермантава, А. Міцкевіча, Г. Сянкевіча, У. Шэкспіра і інш. Працы Спасовіча ў 10 тамах былі выдадзены ў 1882—1902 гадах. Спасовіч паслужыў правобразам абаронцы Міці Карамазава ў рамане Ф. Дастаеўскага «Браты Карамазавы». Расійскі мастак Ілля Рэпін напісаў яго партрэт.

Зноскі

  1. а б Русские писатели 1800—1917: Биографический словарь (русский) / под ред. Б. Ф. Егоров — 2019. — Т. 6:С—Ч. — 656 с.
  2. а б Спасович Владимир Данилович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.