Джані Версачэ

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Джані Версачэ
Gianni Versace
Партрэт
Род дзейнасці: Мадэльер
Лэйбл: Versace
Дата нараджэння: 2 снежня 1946(1946-12-02)[1][2][…]
Месца нараджэння:
Дата смерці: 15 ліпеня 1997(1997-07-15)[1][4][…] (50 гадоў)
Месца смерці:
Узнагароды і прэміі:
Камандор ордэна За заслугі перад Італьянскай Рэспублікай

Джані Версачэ (італ. Gianni Versace; 2 снежня 1946 — 15 ліпеня 1997) — італьянскі мадэльер, які заснаваў у 1978 годзе марку «Gianni Versace», пад якой на сённяшні дзень выпускаюцца элітнае адзенне, аксесуары, касметыка, парфумерыя, посуд, аўтамабілі, тэлефоны і мэбля. Пасля смерці дызайнера марка была пераназваная ў «Versace».

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Пачаў кар’еру ў родным горадзе, у краме моднай вопраткі Francesca Versace Elle, якой валодала яго маці. Тут ён дапамагаў ёй падшываць вопратку, падбіраць аксесуары, а таксама пастаўляць тканіны з Мілана, Парыжа і Лондана. У 25 гадоў адпраўляецца ў Мілан, дзе пачынае працу ў якасці дызайнера ў некалькіх марак адначасова — Genny, Callaghan і Istante. 28 сакавіка 1978 года ў міланскім Палацца Перманентэ з грандыёзным поспехам прайшла прэзентацыя першай калекцыі жаночай вопраткі пад брэндам «Джані Версачэ». У 1980-я гады Джані актыўна распрацоўвае адзенне ад свайго імя, паралельна працуючы для іншых фірмаў. Галоўным адміністратарам яго моднага Дома стаў яго старэйшы брат Санта Версачэ, а за фотафесіі адказвала яго сястра Данатэла. У 1981 годзе выходзіць першая жаночая парфума «Gianni Versace», а ў 1986 — мужчынскі водар «L’Homme». У 1989 годзе Версачэ выходзіць у свет высокай моды — запускае ад-куцюрную лінію Atelier Versace, праводзячы паказы ў памяшканні басейна парыжскага гатэля «Рыц» (дзе калісьці праходзілі паказы Кока Шанэль). У пачатку 1990-х Джані Версачэ стаў ужо сусветна вядомым дызайнерам «адзення для эгацэнтрыстаў», яго любіць прэса і зоркі першай велічыні, ад Мадонны да прынцэсы Дыяны. У гэты ж час пачынаецца выпуск фарфоравага і шклянога посуду (сумесна з фірмай Rosenthal) і мэблі (Versace Home) ад Джані Версачэ.

Джані Версачэ быў вялікім прыхільнікам Антычнасці і імкнуўся сумяшчаць у сваіх калекцыях арыстакратызм і бунтарства (адна з яго кніг нездарма называлася «Rock and Royalty»). Кожная яго калекцыя кардынальна адрознівалася ад папярэдняй: у вопратцы былі матывы то панк-культуры, то стылю барока, то сада-мазахісцкіх нарадаў з секс-шопаў, то поп-арта і творчасці Эндзі Уорхала, то гей-клубаў. У яго была калекцыя, прысвечаная Жаклін Кенэдзі. У цэлым Версачэ ўвёў у моду наступнае: спалучэнне чорнай скуры і залатой фурнітуры, сумяшчэнне вячэрніх сукенак і ніжняй бялізны, яркія прынты на кашулях, скураныя штаны на мужчынах, высокія абцасы і многае іншае. Лічыцца, што ён упершыню вывеў на подыум мужчыну без гальштука і мужчыну ў джынсах.

Версачэ не хаваў сваёй гомасексуальнай арыентацыі, пражыўшы 11 гадоў сумесна са сваім спадарожнікам жыцця — стылістам Антоніа д’Аміка. У сваіх кватэрах (Мілан, Нью-Ёрк) і на сваіх вілах (возера Кома ў Італіі, дом у Маямі) ён любіў бавіць час у кампаніі сваіх сяброў — Элтана Джона, Мадонны, Джорджа Майкла.

Джані быў застрэлены 15 ліпеня 1997 у горадзе Маямі-Біч (прыгарадзе Маямі), на прыступках свайго асабняка, серыйным забойцам гомасексуальнай арыентацыі Эндру К’юнененам без якой-небудзь прычыны. У СМІ адразу з’явілася версія аб дачыненні да забойства італьянскай мафіі, а некаторыя газеты абвінавачвалі ў злачынстве сям’ю Версачэ. Праз некалькі дзён яго забойца, акружаны кольцам паліцыянтаў, скончыў сабой. Па некаторых сведчаннях, на забойцы была ніжняя бялізна ад фірмы Версачэ. Джані быў пахаваны ля возера Кома, у садзе вілы Фантанела, але пасля продажу апошняй рускаму алігарху — рэстаратару Аркадзю Новікаву прах куцюр’е быў перанесены ў Мілан.

Элтан Джон, над афармленнем дыска якога працаваў дызайнер у 1991—1994 гадах, прысвяціў яму свой альбом «The Big Picture» (1997).

Пасля смерці Версачэ на чале яго фірмы ўстала малодшая сястра, Данатэлі Версачэ.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. 2,0 2,1 Gianni Versace // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Gianni Versace // Find a Grave — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. Gianni Versace // RKDartists Праверана 9 кастрычніка 2017.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]