Перайсці да зместу

Дзыга Вертаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дзыга Вертаў
Дата нараджэння 2 студзеня 1896(1896-01-02)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 12 лютага 1954(1954-02-12)[2][3][…] (58 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Жонка Лізавета Ігнацьеўна Свілава[d]
Прафесія сцэнарыст, кінарэжысёр, мантажор, аператар-пастаноўшчык, рэжысёр
Кірунак дакументальны фільм
Узнагароды
ордэн Чырвонай Зоркі медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» медаль «У памяць 800-годдзя Масквы»
IMDb ID 0895048
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дзы́га Ве́ртаў, па нараджэнні Давід Абелевіч Каўфман, таксама вядомы як Дзяніс Каўфман (2 студзеня 1896(1896-01-02)[1][2][…], Беласток, Гродзенская губерня, Расійская імперыя12 лютага 1954(1954-02-12)[2][3][…], Масква, СССР[4]) — савецкі кінарэжысёр яўрэйскага паходжання, адзін з заснавальнікаў і тэарэтыкаў дакументальнага кіно. Узбагаціў кінематограф мноствам прыёмаў і тэхнік, такіх як «схаваная камера[d]» і «кінавока[d]». Ягоны эксперыментальны фільм «Чалавек з кінаапаратам» (1929) часта называюць адным з найвялікшых дакументальных фільмаў у гісторыі[5].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Давід Абелевіч Каўфман нарадзіўся ў Беластоку (Гродзенская губерня Расійскай імперыі, цяпер Польшча) у сям’і букініста Абеля Кушалевіча Каўфмана[6], які валодаў кніжным складам і двума кнігарнямі, і Хаі-Эстэр Рахміелеўны Гальперн, якія пабраліся шлюбам у Беластоку ў 1894 годзе. Дзесьці пасля 1918 года Давід Каўфман зрусіфікаваў сваё імя па бацьку на Дзяніс Аркадзевіч.

Вучыўся музыцы ў Беластоцкай кансерваторыі, пакуль яго сям’я не была эвакуявана ад нямецкага войска ў Маскву ў 1915 годзе за часамі Першай сусветнай вайны. Неўзабаве Каўфманы пасяліліся ў Петраградзе, дзе Давід Каўфман пачаў пісаць вершы, навуковую фантастыку і сатыру. З 1915 года ён выкарыстоўвае псеўданім Дзыга Вертаў (ад беларускага слова дзыга — юла[7]). Часта ў літаратуры пра Вертава слова «дзыга» прыпісваецца да ўкраінскага, але Вертаў паходзіць з беларускай этнічнай тэрыторыі, а для беларускіх гаворак слова «дзыга» ёсць звычайным для абазначэння дзіцячай цацкі[8]. У 1916–1917 гадах Вертаў вывучаў медыцыну ў Петраградскім псіханеўралагічным інстытуце і ў вольны час эксперыментаваў з «гукавымі калажамі».

У 1917 годзе працаваў у аддзеле кінахронікі Маскоўскага кінакамітэта. У 1918—1919 гадах — складальнік-мантажор часопіса «Кінатыдзень». З 1920 года становіцца рэжысёрам-дакументалістам, ініцыятар выпуску кіначасопіса «Кіна-Праўда» (1922—1924 гады). Пад яго кіраўніцтвам быў зроблены першы савецкі мультфільм «Сягоння» (1923). Працаваў на студыях «Культкіно», 3-й Дзяржкінафабрыцы, Кіеўскай кінафабрыцы УУФКУ (1927—1930), «Міжрабпомфільм», ЦСДФ. Аўтар сцэнарыяў некалькіх сваіх дакументальных фільмаў, мультыплікацыйнага фільма «Гумарэскі». Аўтар некалькіх артыкулаў па тэорыі кіно[9][10][11][12]. Фільм «Кіна-вока» ў 1925 годзе атрымаў сярэбраны медаль Сусветнай выстаўкі ў Парыжы[13][14]. З пераездам Вертава ва Украіну распаўся гурт «Кінокі»[15], кіраўніком якога ён быў.

Вертаў ёсць рэжысёрам аднаго з першых гукавых дакументальных фільмаў «Сімфонія Данбаса» («Энтузіязм», 1930). Здымае «Тры песні пра Леніна» (1934), фільм у жанры вобразнай кінапубліцыстыкі, які газета «Правда» назвала «Песняй усёй краіны». Фільм «Калыханка» (1937) прысвечаны дваццацігадовай гісторыі дзяржавы пасля рэвалюцыі. У час Другой сусветнай вайны зняў фільмы «Кроў за кроў, смерць за смерць» (1941), «Табе, фронт!» (1942), «Клятва маладых» і «У гарах Ала-Тау» (абодва 1944), прысвечаныя барацьбе савецкага народа з нацызмам і працы ў тыле. Усе далейшыя кінематаграфічныя праекты Вертава адхіляліся начальствам.

З 1944 года і да самай смерці ён працаваў рэжысёрам-мантажорам над кіначасопісам «Навіны дня» (усяго выпусціў 55 нумароў). Увосень 1953 года Вертаву паставілі дыягназ «рак страўніка». Адмовіўшыся ад лячэння, ён памёр 12 лютага 1954 года. Першапачаткова быў пахаваны на Міускіх могілках побач з маці, у 1967 годзе перапахаваны на Новадзявочых могілках (участак № 6).

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Dziga Vertov // RKDartists Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б в г Dziga Vertov // filmportal.de — 2005. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. а б Dsiga Wertow // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. а б Deutsche Nationalbibliothek Record #118804294 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 30 снежня 2014.
  5. The 100 Greatest Films of All Time (англ.). BFI (28 чэрвеня 2021). Праверана 19 чэрвеня 2024.
  6. Индекс еврейского населения Белостока. Архівавана з першакрыніцы 23 ліпеня 2018. Праверана 23 ліпеня 2018.
  7. Расейска-беларускі слоўнік (Ластоўскі) · Slounik.org . slounik.org. Праверана 19 чэрвеня 2024.
  8. Ст. 93 — Словарь народных говоров западной Брянщины (1973). П. А. Расторгуев — Беларускія дыялектныя слоўнікі. bydialects.org. Праверана 19 чэрвеня 2024.
  9. Дзига Вертов Мы. Вариант манифеста. // Кино-фот. — 1922. — Август — С. 11—12. Архівавана з першакрыніцы 27 лютага 2022.
  10. Дзига Вертов Киноглаз, радиоглаз и так называемый «документализм» // Пролетарское кино. — 1931. — С. 12—15. Архівавана з першакрыніцы 23 снежня 2019.
  11. Д. Вертов Чарли Чаплин, гамбургские рабочие, приказы доктора Вирта // Пролетарское кино. — 1932. — С. 40—43. Архівавана з першакрыніцы 1 снежня 2019.
  12. Д. Вертов Полная капитуляция Николая Лебедева // Пролетарское кино. — 1932. — С. 12—18. Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2020.
  13. Exposition internationale (1925 ; Paris) Auteur du texte. Liste des récompenses / Exposition internationale des arts décoratifs et industriels modernes, Paris 1925. — 1925. — С. 173. Архівавана 17 кастрычніка 2020 года.
  14. Награды кинорежиссерам // Жизнь искусства. — 1925. — 17 ноября — № 46. — С. 21. Архівавана з першакрыніцы 31 студзеня 2021.
  15. КИНОКИ И КИНОГЛАЗ. Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2013. Праверана 27 студзеня 2013.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]