Дзявочая гара (Валожынскі раён)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Дзявочая гара
Dzyavochaya hara, Valozhyn distrikt.jpg
Размяшчэнне
54°05′23″ пн. ш. 27°04′42″ у. д.HGЯO
Краіна
ВобласцьМінская вобласць
РаёнВаложынскі раён
Населены пунктДубрава 
Дзявочая гара (Валожынскі раён) (Беларусь)
Дзявочая гара
Дзявочая гара
Дзявочая гара (Валожынскі раён) (Мінская вобласць)
Дзявочая гара
Дзявочая гара

Дзявочая гара, або Дзевяцігара — узгорак у Валожынскім раёне, размешчаны за 0,5 км на захад ад в. Дубрава Маладзечанскага раёна. З’яўляецца адным з самых высокіх пунктаў у гэтай мясцовасці — знаходзіцца паблізу водападзелу Заходняй Бярэзіны і Свіслачы, амаль уся зарасла лесам. Верагодна, помнік язычніцкага культу.

Звесткі пра Дзявочую гару ўпершыню апублікаваны ў 1881 г. у «Слоўніку геаграфічным Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх», дзе прыводзіцца мясцовае паданне, паводле якога на гары закапана жывая дзяўчына і разам з ёй пахаваны два хлопцы, якія загінулі ў час спаборніцтва за права стаць яе мужам. Там жа ляжаў вялізны камень, на якім нібыта сядзела дзяўчына ў час спаборніцтва. У 1987 г. Э. М. Зайкоўскі на дзявочай гары правёў археалагічнае абследаванне і раскопкі.

У найбольш высокай паўночна-ўсходняй частцы размешчана каля 20 курганоў вышынёй 0,5 — 1,5 м, дыяметрам 6 — 12 м, і вялікая яма, якая, магчыма, асталася ад каменя, згаданага ў паданні. Два курганы раскапаны. Адзін з іх складзены з камянёў, перасыпаных зямлёй. У ім на ўзроўні гарызонту выяўлены шкілет жанчыны, арыентаваны на захад; знойдзены таксама фрагменты керамікі XI ст. і сярэбранае скроневае кольца, канцы якога заходзяць адзін за адзін. Другі курган насыпаны з пяску і абкладзены камянямі. У цэнтры кургана, ніжэй узроўню гарызонту размяшчаўся шкілет жанчыны (захаваўся не цалкам), таксама арыентаваны на захад; выяўлены пярсцёнак і шкляная пазалочаная пацерка XI ст.

У іншых месцах гары ў час шурфоўкі культурны пласт не выяўлены. Назва помніка сведчыць пра яго сувязі ў старажытнасці з культам язычніцкай багіні кахання. Другая назва помніка — Дзевяцігара — відаць, звязана з культам багіні-дзевы, «панёсшай у лоне сваім» і з дзевяццю месяцамі цяжарнасці. Да нядаўняга часу на гары святкавалася Купалле.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Э. М. Зайкоўскі. Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: БелСЭ, 1989. — 375 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]