Перайсці да зместу

Бярэзіна (прыток Нёмана)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Заходняя Бярэзіна)
Бярэзіна
Бярэзіна ў Валожынскім раёне.
Бярэзіна ў Валожынскім раёне.
Характарыстыка
Даўжыня
Басейн 3 992 км²
Вадацёк
Выток  
 • Каардынаты 54°04′17″ пн. ш. 27°06′00″ у. д.HGЯO
Вусце Нёман
 • Каардынаты 53°48′20″ пн. ш. 25°59′00″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Водная сістэма Нёман → Балтыйскае мора

Краіна
physical
Бярэзіна (прыток Нёмана)
Бярэзіна (прыток Нёмана)
— выток, — вусце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бярэ́зіна ці Захо́дняя Бярэ́зіна — рака ў Гродзенскай і Мінскай абласцях Беларусі, правы прыток ракі Нёман.

Пачынаецца каля вёскі Бортнікі Маладзечанскага раёна, на вышыні 300 м над узроўнем мора, працякае ў Валожынскім і Іўеўскім раёнах. Мясцовае суднаходства ад вёскі Бакшты (за 45 км ад вусця) — у перыяд высокай вады.

Даліна выразная, яе шырыня ў верхняй частцы 0,5—3 км, ніжэй вёскі Забрэззе 2—3 км. Пойма нізкая, асушаная, месцамі ўзгорыстая, шырыня ў вярхоўі 0,2—0,5 км, на астатніх участках ад 0,3 да 3 км. У пойме ракі Бярэзінскае балота[2].

Бераг побач з вёскай Забрэззе
Бераг побач з вёскай Забрэззе

Берагі пераважна стромкія. Рэчышча моцназвілістае, шырыня ракі ў межань у вярхоўі 5—20 м, у сярэдняй і ніжняй плыні 20—35 м, паблізу вусця да 50 м. Бярэзіна на ўчастку ГародзькіСакаўшчына праразае знешнюю граду Ашмянскага ўзвышша.

У сярэдняй плыні на рацэ Сакаўшчынскае вадасховішча. Амаль усе прытокі Бярэзіны каналізаваныя. У басейне ракі каля 20 каналаў даўжынёй больш за 5 км (агульная даўжыня больш за 150 км).

Вадазбор — 4 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці — 30 м³/с. Агульнае падзенне — 172 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні — 0,8 . Лясістасць тэрыторыі складае каля 29 % (Налібоцкая пушча ў ніжняй частцы вадазбору). Характэрны працэсы забалочвання.

Асноўныя прытокі

[правіць | правіць зыходнік]

Справа: Ластаянка, Цвецень, Краўлянка, Альшанка, Чарніца, Чапунька. Злева: Іслач, Волка, Дубіна.

Жыўленне, водны рэжым

[правіць | правіць зыходнік]

Для Бярэзіны характэрны мяшаны тып жыўлення з перавагай снегавога.

Асаблівасцю воднага рэжыму з’яўляецца высокае вясновае разводдзе, нізкая летняя і зімовая межань, крыху павышаны сцёк восенню. Падняцце ўзроўню вады пачынаецца звычайна ў сярэдзіне — канцы сакавіка і доўжыцца 20–30 дзён з інтэнсіўнасцю 10–15 см за суткі.

Самае ранняе разводдзе адзначалася на пачатку лютага, самае позняе — у сярэдзіне красавіка. У верхнім цячэнні разводдзе заканчваецца ў канцы мая, а ў сярэднім і ніжнім — на пачатку чэрвеня. Вясновае разводдзе змяняецца летне-восеньскай межанню, якая працягваецца да восеньскіх паводак (20‒40 дзён). Наступленне межані ў верхнім цячэнні прымеркавана да канца мая, у сярэднім і ніжнім — да пачатку чэрвеня. Межань працягваецца на працягу пяці месяцаў і заканчваецца да канца лістапада. Нізкі ўзровень зімняй межані адзначаецца на працягу ўсёй зімы (лістапад — снежань). Зімовая межань доўжыцца да 3,5 месяцаў (з канца лістапада — пачатку снежня па сакавік).

Узровень вады ў разводдзе і межань змяняецца на 1,4–3,4 м, максімальна 4,6 м.

На перыяд вясновага разводдзя прыпадае 42 %, летне-восеньскую межань 38 %, зімовы перыяд 20 % аб’ёму гадавога сцёку.

Сярод маляўнічых краявідаў (12 км на поўнач ад горада Маладзечна) знаходзіцца зона адпачынку Барок, каля вёскі Гердуцішкі Маладзечанскага раёна дом адпачынку «Алеся». Каля вёскі Калдыкі Валожынскага раёна размешчана вучэбная геаграфічная станцыя БДУ «Заходняя Бярэзіна». Па тэрыторыі басейна Бярэзіны пралягаюць турыстычныя маршруты. У нізоўях ракі створаны ландшафтны заказнік «|Налібоцкі».

  1. Дзісько Н. А. Блакітная кніга БеларусіМн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1994. — С. 83. — 415 с. — 10000 экз. — ISBN 978-5-85700-133-2
  2. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3.
  • Бярэ́зіна, Заходняя Бярэзіна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 414. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
  • Бярэ́зіна, Заходняя Бярэзіна // Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 83—84. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Шэка Н. Дз. Бярэ́зіна, Заходняя Бярэзіна // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. Ааліты — Гасцінец / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — С. 381. — 575 с., іл. — 10 000 экз.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.