Дзікае паляванне караля Стаха (аповесць)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Літаратурны твор
Дзікае паляванне караля Стаха
Дзікае паляванне караля Стаха
Жанр: аповесць
Аўтар: Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Мова арыгінала: беларуская
Дата напісання: 1958
Дата першай публікацыі: 1964

Дзі́кае палява́нне караля́ Ста́хааповесць беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, упершыню апублікаваная ў часопісе «Маладосць» у 1964 годзе. Лічыцца класікай беларускай літаратуры.

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Ілюстрацыя да аповесці Арлена Кашкурэвіча

Малады навуковец-фалькларыст Андрэй Беларэцкі, збіўшыся са шляху падчас буры, трапляе ў радавы замак Яноўскіх — Балотныя Яліны. Яго прымае гаспадыня замка Надзея Яноўская — апошняя прадстаўніца свайго роду. Яна распавядае Беларэцкаму, што род Яноўскіх пракляты праз здраду, здзейсненую яе продкам Раманам Старым, на дваццаць пакаленняў. Надзея — дваццатае пакаленне роду, яна чакае хуткай смерці, з якой спыніцца і род Яноўскіх. Яна распавядае пра зданяў, з'яўленне якіх прадвесціць яе гібель — Дзікім паляванні, Малога Чалавека, Блакітнай Жанчыне.

Беларэцкі застаецца ў замку, каб абараніць Надзею і разблытаць клубок падзей. Ён бачыць Малога Чалавека — істоту невялікага росту з вельмі доўгімі пальцамі, якая зазірае ў вокны па начах; Блакітную Жанчыну, якая сыйшла са старадаўняга партрэта, на якую Надзея вельмі падобная. Паступова Беларэцкі знаёміцца з астатнімі жыхарамі — сваякамі Яноўскай Свеціловічам, Берманам, Дубатоўкам, паляўнічым і следапытам Рыгорам. У адзін з вечароў на балоце яго пераследуе Дзікае паляванне — група маўклівых вершнікаў на конях, якія скачуць бясшумна, свабодна перасоўваюцца па дрыгве і пакідаюць сляды старажытных падкоў. Беларэцкі цудам паспявае схавацца ў замку і з падвоенай энергіяй працягвае пошукі людзей, якія хаваюцца за Дзікім паляваннем. Разам з Рыгорам яны раскрываюць тайну гібелі бацькі Надзеі, загнанага ў балота Дзікім паляваннем за два гады да прыезду Беларэцкага. Паступова яны раскрываюць і таямніцу Дзікага палявання. Усе коннікі падпільнованыя і забітыя мясцовымі мужыкамі, коні — прадстаўнікі выміраючай пароды дрыгкантаў — патанулі ў балоце. Знікаюць і прывіды замка. Малы Чалавек аказваецца братам Бермана, вар'ятам-калекай, якога Берман выпускаў з патаемных калідораў, а Блакітная Жанчына — самой Надзяй, якая блукае па замку ў сне.

Беларэцкі ажэніцца з Яноўскай і вывязе яе з Балотных Ялін. З часам яна вылечваецца ад пастаяннага страху і лунатызму, у іх нараджаецца дзіця.

Месца дзеяння і персанажы[правіць | правіць зыходнік]

Аповяд вядзецца ад імя галоўнага героя, Андрэя Беларэцкага, якому 96 гадоў. Сама ж гісторыя адбылася ў часы яго маладосці, увосень 1888 г. недзе ў глухой балоцістай мясцовасці Гомельшчыны ці Магілёўшчыны, прамой спасылкі ў кнізе на гэта няма.

Дзеючыя асобы:

  • Андрэй Беларэцкі — галоўны персанаж, ад чыйго імя вядзецца апавяданне. Малады навуковец-фалькларыст, які займаецца зборам старажытных беларускіх легенд. Выпадкова трапляе ў маёнтак Яноўскіх падчас буры.
  • Надзея Яноўская — далікатная 18-гадовая дзяўчына, апошні нашчадак старажытнага шляхецкага роду Яноўскіх, якая жыве ў радавым маёнтку пасля дзіўнай гібелі бацькі, Рамана Яноўскага. З-за знаходжання ў пастаянным страху хварэе на лунатызм.
  • Рыгор Дубатоўк — далёкі сваяк Яноўскіх, шляхціц. Вясёлы дзед-балака, жартаўнік, умее добра наладзіць да сябе людзей, добра гаворыць па-беларуску. Пасля, аднак, высветлілася, што пад гэтай маскай хаваецца хітры і бязлітасны чалавек, галоўны злыдзень, які прыдумаў дзікае паляванне з мэтай знішчыць Яноўскіх і займець іх замак і маёмасць.
  • Алесь Варона — малады шляхціц, вельмі напышлівы і запальчывы, саўдзельнік Дубатоўка, вершнік дзікага палявання, які адчувае глыбокую асабістую непрыязнасць да Беларэцкага. У свой час сватаўся да Надзеі, але атрымаў адмову.
  • Андрэй Свеціловіч — студэнт Кіеўскага ўніверсітэта, выключаны за ўдзел у народных хваляваннях. Светлы, наіўны, адкрыты, але рашучы чалавек, з юных гадоў неўзаемна закаханы ў Надзею. Становіцца сябрам і надзейным паплечнікам Беларэцкага, але гіне ад рук Дзікага палявання.
  • Ігнась Берман-Гацэвіч — знешне нагадвае ляльку, аматар кніг, 35 гадоў. Пасля раскрылася, што ён таксама з'яўляўся далёкім сваяком Яноўскіх і таксама прэтэндаваў на маёнтак, для чаго прыдумаў Малога Чалавека з той жа мэтай, што і Дубатоўк — звесці гаспадыню з глузду.
  • Рыгор — селянін, паляўнічы, які добра ведае мясцовыя лясы. Выглядае сурова, але ў душы вельмі добры чалавек. Дапамагае Беларэцкаму і Свеціловічу перамагчы Дзікае паляванне.

Экранізацыя, інсцэнізацыя[правіць | правіць зыходнік]

Аднайменны фільм, адным са сцэнарыстаў якога быў сам Караткевіч, быў зняты ў 1979 годзе. Караткевічу экранізацыя яго твора не асабліва спадабалася, бо ў фільме практычна адсутнічала адна з ключавых тэм аповесці — смутак аб цяжкім лёсе беларускага народа.

У 1989 годзе на сцэне Нацыянальнага тэатра оперы і балета адбылася прэм'ера оперы «Дзікае паляванне караля Стаха», якую напісаў кампазітар Уладзімір Солтан. Пастановачная група была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі за 1990 год.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]