Дзікае (заказнік)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Дзі́кае — гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння на тэрыторыі Пружанскага раёна Брэсцкай і Свіслацкага раёна Гродзенскай абласцей. Створаны ў 1968 годзе з мэтай зберажэння ў натуральным стане асноўнай часткі Дзікага балота, а таксама для падтрымання гідралагічнага рэжыму прылеглай часткі Белавежскай пушчы. Плошча заказніка складае 7,4 тыс. га (1997).

Знаходзіцца ў межах Нарава-Ясельдзінскай раўніны. Займае частку старажытнай праточнай даліны на водападзеле Балтыйскага і Чарнаморскага басейнаў. У флоры заказніка больш за 150 відаў, ёсць рэдкія ахоўныя віды: арніка горная, венерын чаравічак сапраўдны, зубніца клубняносная, лілея-саранка і інш. Тарфяныя паклады сярэдняй глыбінёй 1,4 м пераважна з драўнянага (найчасцей бярозавага) торфу, укрытага асаковым і часткова асакова-гіпнавым. У глыбокіх западзінах сапрапелі (магутнасць пластоў да 0,6 м). На балотным масіве зрэдку трапляюцца мінеральныя «астраўкі» з шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]