Шматгадовая травяністая расліна з моцным прамым, аблісцелым, апушаным сцяблом вышынёй 25-50 см і тоўстым паўзучым карэнішчам, якое мае моцны спецыфічны пах. Лісце (3-4) эліптычнае, чаргаванае, даўжынёй да 18 см і шырынёй 12 см, з выразнымі дугападобнымі жылкамі. Кветкі дыяметрам да 8 см, адзіночныя або па 2-3, з мешкападобна ўздутай накшталт чаравічка (адсюль назва) жоўтай губой з чырванаватымі плямкамі і пахам ванілі. Бакавыя лісцікі каля кветніка завостраныя, чырванавата-бурыя, унутраныя — лінейна-ланцэтныя, завостраныя, гарызантальна адхіленыя, крыху закручаныя. Плод — сухая каробачка, якая раскрываецца 3-6 падоўжнымі шчылінамі.
Еўропа, Азія (Урал, паўднёвыя раёны Сібіры і Далёкага Усходу); на Беларусі трапляецца спарадычна, пераважна ў заходніх і паўднёвых раёнах. Расце ў разрэджаных шыракалістых, драбналістых і мяшаных лясах, на лясных палянах, узлесках, ускрайках балот, у сырых імшыстых яловых лясах. Аддае перавагу багатай карбанатамі глебе. Сустракаецца адзіночнымі экземплярамі і невялікімі групамі, старыя экземпляры ўтвараюць шматсцябловыя курціны.
Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у чэрвені-ліпені. Зацвітае на 15-18 годзе жыцця, працягласць цвіцення 10-15 дзён. Насенне выспявае праз 2,5 месяца, мае недаразвіты зародак (прарастае толькі ў сімбіёзе з пэўнымі відамі глебавых грыбоў). Размнажаецца бакавымі пупышкамі карэнішча, рэдка насеннем.