Добрушская папяровая фабрыка
ААТ «Добрушская папяровая фабрыка «Герой Працы» | |
---|---|
![]() | |
Тып | фабрыка |
Краіна | |
Адрас | 247052, Рэспубліка Беларусь, Гомельская вобласць, г. Добруш, пр. Луначарскага, 7 |
Сайт | geroytruda.by/by/ |
Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» — прадпрыемства папяровай прамысловасці ў горадзе Добрушы (Гомельская вобласць, Беларусь). Фабрыка шырока вядома перш за ўсё сваімі вырабамі для навучэнцаў: сшыткамі, альбомамі для малявання і чарчэння і г. д.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Фабрыка заснавана ў 1870 годзе князем Ф. І. Паскевічам у мястэчку Добруш (цяпер горад у Гомельскай вобласці). Вырабляла паперу рознага асартыменту з драўніннай масы і рыззя. У 1879 годзе працавала 460, у 1913 годзе — 1500 рабочых. Называлася таварыствам Добрушскай папяровай фабрыкі (у 1880 годзе — 550 пайшчыкаў). Выкарыстоўвалася газавае асвятленне, з 1888 года — электрычнае (упершыню на Беларусі). Палівам служылі дровы, з 1913 года — вугаль. У 1894 годзе на фабрыцы (упершыню ў Расійскай імперыі) уведзены 8—9-гадзінны рабочы дзень. З 1883 года пры фабрыцы адкрыта вучылішча для дзяцей 5—12 гадоў (навучалася каля 40 чал.). У 1913 годзе вырабляла 625 тысяч пудоў паперы.
З 1922 года фабрыка мела назву «Герой працы». У 1932 годзе тут упершыню ў Еўропе распачата саломенна-цэлюлозная вытворчасць. У Вялікую Айчынную вайну разбурана. У 1956 годзе фабрыка рэарганізавана ў цэлюлозна-папяровы камбінат. У 1970 годзе, у год 100-годдзя фабрыкі, «Герой працы» выпускаў 67 % саюзнай вытворчасці чарцёжнай і 50 % малявальнай паперы, кожны сёмы школьнік СССР пісаў у добрушскім сшытку.
З 1976 года зноў Добрушская папяровая фабрыка.
Сыравіна
[правіць | правіць зыходнік]Працуе на прывазной цэлюлозе з Расіі, кааліны (гліназём, сернакіслы алюмінат) завозяцца з Украіны.
Прадукцыя
[правіць | правіць зыходнік]Асноўная прадукцыя (на 1997 год): вырабы вытворча-тэхнічнага прызначэння (дыязапапера, папера чарцёжная, малявальная, абгортачная, стужка клеявая); тавары народнага ўжытку (сшыткі школьныя, агульныя, для малявання, альбомы і блокі для чарчэння і малявання, папера пісчая і туалетная, дзённікі і іншае).
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]- 1891 г. Вырабленую на фабрыцы паперу Ф. І. Паскевіч прадаставіў беларусазнаўцу Е. Р. Раманаву для выдання чацвёртага і пятага выпускаў «Беларускага зборніка»[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Романов, Е. Р. Белорусский сборник : / Е. Романов. — Сказки космогонические и культурные. — Витебск : типо-лит. Г. А. Малкина, 1891. — Вып. 4. — С. ІІ.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Добрушская папяровая фабрыка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 174. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Ханецкі, В. Ён першым увёў 8-гадзінны працоўны дзень // Наша гісторыя, № 1, 2019, с.68 — 71. ISBN 2617—2305