Дом Фрэйдсана
Славутасць | |
Дом Фрэйдсана | |
---|---|
53°53′52″ пн. ш. 30°20′11″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Дата пабудовы | канец ХIХ — пачатак XX стагоддзя |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Е000001 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дом Фрэйдсана — будынак у гістарычным цэнтры Магілёва. Размешчаны па Ленінскай вуліцы, 27.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пабудаваны ў канцы ХIХ — пачатку XX стагоддзя на Вялікай Садовай вуліцы пабудаваны як жылы, даходны дом. На пачатку ХХ стагоддзя належаў грамадзяніну Мендэлю Ельевічу Фрэйдсану, які быў дантыстам, таму, магчыма, у будынку быў адпаведны кабінет для прыёма пацыентаў[1].
Першы паверх здаваўся пад крамы: тры памяшканні займаў Швейпрам і адно — Дворкін. Таксама ў доме Фрэйдсана былі шавецкія майстэрні: мужчынскі кравец Сагаль, жаночы кравец Краўцоў. На верхніх паверхах былі кватэры[1].
У верасні 1921 года была заключана дамова паміж Магілёўскім камунальным аддзелам з аднаго боку і прадстаўнікамі Заходняга ўпраўлення шашэйных дарог, што Магілёўскі камунальны аддзел аддае ў бясплатнае карыстанне другі і трэці паверхі гэтага ўжо муніцыпальнага будынка, з умовай, што будзе зроблены рамонт згодна з тэхнічным актам[1].
У 1980—1990 гадах у комплексе будынкаў знаходзіліся фотамайстэрні, майстэрні магілёўскіх мастакоў Белрэстаўрацыі. Зараз знаходзіцца Магілёўскі дэканат Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі і камерцыйныя ўстановы[1].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Комплекс грамадзянскіх будынкаў, які ўтвораны з трох карпусоў, П-падобны ў плане, з унутраным прамавугольным дваром. Галоўны фасад — трохпавярховы, з двухсхільным дахам, вытрыманы ў класічных традыцыях дэкарыравання будынкаў. Тып дэкору распаўсюджваецца на адзін паверх, наступны паверх мае іншы дэкор у рамках класічнага стылю[1].
Класічныя каноны прасочваюцца ў кампазіцыі будынка, якім уласціва сіметрычнае ўраўнаважанне прапорцый. Паверхі падзелены цягамі. Міжпавярховыя перакрыцці драўляныя. Унутраная планіроўка памяшканняў неаднаразова змянялася. На галоўным фасадзе з боку вуліцы Ленінскай дзве скразныя аркі (левая пазней была закладзена, правая зараз зачынена металічнымі варотамі), якія адкрываюць доступ у двор[1].
Архітэктура будынкаў унутры двара мае простае ўбранне ў выглядзе нізкага атынкаванага цокаля, простага прыступкавага гзымса, аконныя і дзвярныя праёмы без абрамлення, некаторыя аконныя праёмы здвоеныя. Бакавыя карпусы маюць прыступкавую паверхню. Дахі бакавых карпусоў аднасхільныя, нахіл накіраваны ўнутр двара[1].
На першым паверсе галоўнага фасада атынкаваны цокаль, дэкараваныя арачныя праёмы. У цэнтры — шэсць прамавугольных праёмаў, чатыры з сандрыкамі. Другі паверх мае шэраг (шаснаццаць) аднолькавых аконных арачных праёмаў з прамавугольным завяршэннем і складаным прыступкавым сандрыкам. На трэцім паверсе — два тыпы вокнаў. Справа — восем арачных вокнаў, упрыгожанных сандрыкамі[1].
Злева — восем спараных арачных вакон са складаным прыступкавым апраўленнем і профільнай ліштвай, у якіх выкарыстаны матывы ранняга рэнесансу ў стылізаванай форме. Завяршае галоўны фасад прафіліраваны гзымс, які ўпрыгожаны сухарыкамі. На тарцавым фасадзе — прамавугольныя аконныя і дзвярныя праёмы, паўарачныя паддашкавыя вокны, адсутнічае цокаль, няма дэкору[1].
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом Фрэйдсана