Ельскі вал

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Саляныя дыслакацыі Прыпяцкага прагіну

Е́льскі вал — тэктанічная структура ў Лельчыцкім, Ельскім, Нараўянскім, Мазырскім і Хойніцкім раёнах Гомельскай вобласці, у межах Ельскага грабена Прыпяцкага прагіну.

Вылучаецца на паверхні саляноснай тоўшчы верхняга дэвону. Усходняя частка валу арыентавана ў субшыротным напрамку, на захадзе крута паварочвае на поўдзень, затым набывае паўночна-заходняе распасціранне. Даўжыня 135 км, шырыня 4—9 км. Перавышэнне над сумежнымі сінкліналямі 1000—2000 м. Аб’ядноўвае Заходне-Валаўскае падняцце, Валаўскае падняцце, Мікалаеўскае падняцце, Ельскае падняцце, Стралічаўскае падняцце, Усходне-Ельскую антыкліналь, Вербавіцкую антыкліналь, Ламацкую антыкліналь.

Ельскі вал прасочваецца ў дэвонскіх і каменнавугальных адкладах і на большай частцы тэрыторыі пахаваны пад пермскімі. Заходняя частка прыразломная і размешчана ў паднятых крылах разломаў, усходняя — накладзеная. Фарміраваўся вал у выніку рухаў па разломах і пераважна праяўлення саляной тэктонікі ў галітавай падтоўшчы ў верхнедэвонскі і каменнавугальны час.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]