Жукоўшчынская сядзіба

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Жукоўшчынская сядзіба
Сядзібны дом
Сядзібны дом
53°31′47″ пн. ш. 25°21′21″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль неаготыка
Дата пабудовы XIX стагоддзе
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000243шыфр 413Г000243
Map

Жукоўшчынская сядзіба — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ў в. Жукоўшчына Дзятлаўскага раёна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сядзіба з боку вадаёмаў

У 1449 г. землі Жукоўшчыны належалі Міхаілу Корсаку. У 1507 г. князь Фёдар Яраслававіч дараваў Жукоўшчыну слузе «Іванку Смаліянавічу за службу на вечнасць». Наступнымі ўладальнікамі былі Навіцкія, князі Радзівілы. У кнізе актаў Віленскай археалагічнай камісіі за 1659 г. маецца ўступны акт аб запісу маёнтка княгіняй Марыяй Радзівіл «на Св. Духаўскі Віленскі і Заблудаўскі манастыры». У актах 1699 г. Жукоўшчына названая фальваркам маёнтка Заблудава ў Гродзенскім павеце. У 1784 г. князь Ян Станіслаў Радзівіл, генерал-лейтэнант войскаў ВКЛ. прадаў Жукоўшчыну стольніку навагрудскаму Гіпаліту Корсаку (1745—1787)[1].

Ад яго маёнтак перайшоў да старэйшага сына Раймунду (1768—1817), палкоўніку, удзельніку паўстання 1794 года. Ян, прыдворны караля Станіслава Аўгуста, атрымаў Стралу. Братам Леанарду і Мелітону выплацілі іх долю грашыма. Ад Раймунда маёнтак перайшоў стрыечнаму брату Вінцэнту Корсаку (1769), ашмянскаму віцэ-маршалку, жанатаму з Марыяй з Манюшкаў, ад яго — сыну Эдмунду (1816), жанатаму з Анеліяй Ланеўскай-Воўк з Лаздуноў. У 1845 г., паводле звестак інвентара, Жукоўшчынай валодала ўдава Марыя Станіславаўна Ваноўская з Манюшкаў. Маёнтак уключаў фальварак і чатыры вёскі з зямельным фондам 4697,5 моргаў[1].

У 1890 г. маёнткам з хутарамі Куляшы, Зацішша. Наклады і зямельным надзелам у 1841 дзесяціну валодаў губернскі сакратар Яфім Данцоў. Ад яго Жукоўшчына перайшла графіні Соф’і Гардзенінай з Маўрасаў (?-1920), якая перабудавала стары бровар, абнавіла гаспадарчы двор. Мужам Соф’і быў Пётр Гардзенін (?-1925). Яны мелі прыёмную дачку Зінаіду, якая пабралася шлюбам з Янам Цэслерам, адстаўным генералам, аканомам маёнткам[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Вадаём у парку

Сядзібны дом (90 х 60 аршынаў) — арыгінальны двухпавярховы будынак на скляпеністых падвалах з квадратнай трохпавярховай вежай, займаў найбольш прыўзнятую частку сядзібы. Бакавы фасад упрыгожваў рызаліт з фамільным гербам, які, як і вежа, завяршаўся атыкам і невялікімі вежамі[2].

Ад дома адкрываўся від на водную сістэму, якая складалася з вадаёмаў рознай велічыні і формы (з іх 3 былі зарыблены ў 1842), з крынічным водазабеспячэннем[2].

Труба вінакурні

За воднай сістэмай размяшчаўся гаспадарчы двор: стайня, будынак для збруі, пакоі пісара і кучара, мураваны склеп, кухня, свіран, валоўня і інш. Да ліку старэйшых у Беларусі адносіцца вінакурня, якая ўпершыню згадваецца ў 1837 годзе. У 1901 годзе С. Гардзеніна рэканструявала вінакурню: пабудавала аддзяленні паравога катла, мыцця бульбы, трубу вышынёй 30 аршынаў, павялічыла галоўны корпус. Прадукцыйнасць вінакурні складала 14 тыс. вёдзер у год[2].

Захаваліся драўляны свіран і труба вінакурні, якая стала малой архітэктурнай формай парку з адноўленай у 1997 воднай сістэмай[2].

Магіла Гардзеніных

На мясцовых могілках добраўпарадкаваны месцы пахавання апошніх уладальнікаў сядзібы С. і П. Гардзеніных[2].

Зноскі

  1. а б в Жуковщизна // Старинные усадьбы Гродненщины : Берестовицкий — Ивьевский районы / А. Т. Федорук ; науч. ред. О. Н. Попко. — Минск: Беларусь, 2014. — 543 с. — ISBN 978-985-01-1091-6.
  2. а б в г д А. Т. Федарук. Жукоўшчынская сядзіба // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2012. — Т. 3. — 688 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0662-8.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]