Знешні гандаль Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Знешні гандаль Беларусі — абмен Рэспублікі Беларусь таварамі і паслугамі з іншымі дзяржавамі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Знешні гандаль на тэрыторыі Беларусі існаваў яшчэ ў старажытныя часы. Паводле археалагічных даных, у 4—3 тысячагоддзі да н. э., у Бронзавы век, у насельніцтва сталі з’яўляцца бронзавыя вырабы, уключаючы жаночыя ўпрыгажэнні, прылады працы і палявання з бронзавымі наканечнікамі, якімі абменьваліся паміж радавымі абшчынамі. Да 1 тысячагоддзя да н. э. і ў 1 тысячагоддзі н. э. на тэрыторыі Беларусі атрымала развіццё прыватная ўласнасць, рамяство і гандаль спачатку паміж асобнымі феадаламі-суседзямі, а затым і паміж рэгіёнамі. З’явіліся купцы, якія вывозілі з беларускіх тэрыторый футра, лён, пяньку, мёд, а ўвозілі зброю, спецыі, парфумерыю, тканіны, ўпрыгажэнні[1].

З часоў Кіеўскай Русі ўсталяваліся цесныя гандлёвыя сувязі як з заходнімі, так і з усходнімі краінамі. Купцы з сучаснай Беларусі даходзілі да Індыі, Кітая, Аравіі. У час знаходжання беларускіх зямель у складзе Вялікага Княства Літоўскага вырасла значэння гандлю з Заходняй Еўропай. У XIX стагоддзі, калі Беларусь была часткай Расійскай імперыі, на развіццё знешнегандлёвых адносін спрыяльна паўплывала будаўніцтва чыгункі. Падчас Першай сусветнай вайны знешні гандаль практычна адсутнічаў[2]. У савецкія гады асноўнымі гандлёвымі партнёрамі сталі краіны Савета эканамічнай узаемадапамогі[3]:470.

Развіццё з 1991 года[правіць | правіць зыходнік]

З лютага 1992 года ў Беларусі быў уведзены інстытут ліцэнзавання ў знешнеэканамічнай дзейнасці. Аб’ёмы знешнегандлёвага абароту апынуліся супастаўныя з аб’ёмамі ўласнай вытворчасці, таму ліцэнзіі сталі атрымліваць многія прадпрыемствы. У выніку лібералізацыі знешнегандлёвай дзейнасці ў 1994 годзе было адменена ўсеагульнае ліцэнзаванне ў гэтай сферы і права займацца ёю атрымалі ўсе суб’екты гаспадарання Беларусі, якія прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю. Разам з тым дзяржава захавала за сабой права прымяняць меры тарыфнага і нетарыфнага рэгулявання па асабліва важных таварных групах, уключаючы інстытуты спецыялізаваных экспарцёраў і імпарцёраў. Агульны аб’ём міжнароднага гандлю ў вартасным выразе ў 1995 годзе склаў каля 10,4 млрд долараў ЗША, уключаючы экспарт — больш за 4,8 млрд. Праз 20 гадоў, у 2014 годзе, аб’ём знешняга гандлю склаў 76,6 млрд, з якога экспарт — 36,1 млрд. Сальда гандлёвага балансу на працягу пазначанага перыяду заставалася адмоўным, дасягнуўшы максімальнага значэння (-9,6 млрд) у 2010 годзе. У якасці станоўчай тэндэнцыі адзначаецца актыўны гандлёвы баланс Рэспублікі Беларусь у гандлі з краінамі СНД (выключэнне складае Расія) з 2000 года. Што тычыцца сферы паслуг, то тут традыцыйна экспарт у вартасным выразе перавышаў імпарт[4].

Больш за 60% вырабленай прадукцыі пастаўляецца на замежныя рынкі. Найважнейшыя экспартныя пазіцыі: прадукцыя нафтахіміі, машынабудавання, металургіі, дрэваапрацоўкі, лёгкай прамысловасці, малочная і мясная прадукцыя, мэбля, шкло, шкловалакно, цэмент. Станам на пачатак 2020-х Беларусь атрымала статус аднаго з вядучых экспарцёраў харчавання. Высокая роля ў агульным аб’ёме экспарту і машынабудаўнічай галіны. Штогод больш за 75% вырабленай прадукцыі ў гэтым сегменце прадаецца ў іншыя краіны. Расце месца і роля краіны на міжнародным рынку паслуг. У параўнанні з 2010 годам іх экспарт павялічыўся амаль у 2 разы. За 2022 год гэты паказчык перавысіў $9 млрд і склаў 19,6% у агульным аб’ёме экспарту краіны. Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг па выніках 2022 года склаў $89,13 млрд (тавараў — $37,5 млрд, паслуг — $9,2 млрд). Пры гэтым у 2022 годзе зафіксавана рэкорднае за трыццацігадовы перыяд сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі (+$4,6 млрд). У першым паўгоддзі 2023 года знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг Беларусі вырас на 15% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і склаў больш за $46 млрд[5].

На 2022 год дзяржава гандлявала са 199 краінамі. Асноўнымі партнёрамі сталі Расія, Кітай, ААЭ, Германія, Польшча, Казахстан, Турцыя, Літва, Нідэрланды, Італія, Узбекістан, ЗША. 63% аб’ёму таварнага экспарту прыпадае на краіны ЕАЭС. Паступова пашыралася прысутнасць беларускіх вытворцаў на рынках краін Азіі, Афрыкі, Амерыкі і Акіяніі[6].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Шелег 2016, с. 10—11.
  2. Шелег 2016, с. 11—12.
  3. Е.К. Новик, И.Л. Качалов, Н.Е. Новик. История Беларуси с древнейших времён до 2010 г.. — Минск: «Вышэйшая школа», 2011. — 526 с. — ISBN 978-985-06-1917-4.
  4. Шелег 2016, с. 13.
  5. Ключавыя экспартныя тавары і паслугі
  6. Ключавыя гандлёвыя партнёры

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Шелег, Н. С. Внешняя торговля Беларуси: история, проблемы, перспективы / Н. С. Шелег // Современный механизм функционирования торгового бизнеса и туристической индустрии в Республике Беларусь: реальность и перспективы : материалы Республиканской научно-практической конференции студентов и молодых ученых, Минск, 10-11 марта 2016 года / [редкол.: Г.А. Короленок (пред.) и др.] ; М-во образования Респ. Беларусь, Белорус. гос. экон. ун-т. - Минск : БГЭУ, 2016. - С. 10-15.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]