Зыгмунт Фялінскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Зыгмунт Шчэнсны Фялінскі
польск.: Zygmunt Szczęsny Feliński
Зыгмунт Шчэнсны Фялінскі
Герб
Архібіскуп Варшаўскі
6 студзеня 1862 — 15 сакавіка 1883
Інтранізацыя: 26 студзеня 1862
Царква: Рымска-каталіцкая
Папярэднік: Антоні Мельхіёр Фіялкоўскі
Пераемнік: архібіскуп Вінцэнты Тэафіл Попел

Адукацыя:
Прафесія: ксёндз
Месца працы:
Нараджэнне: 20 кастрычніка (1 лістапада) 1822(1822-11-01)
с. Ваютын, Валынская губерня цяпер Луцкі раён, Валынская вобласць
Смерць: 17 верасня 1895(1895-09-17) (72 гады)
Пахаванне:
Дынастыя: Q63532030?
Бацька: Герард Фялінскі
Маці: Ева Вендарф
Епіскапская хіратонія: 1855
Commons-logo.svg Выявы на Вікісховішчы

Зы́гмунт Шчэ́нсны Фялі́нскі герба «Фарэнсбах» (польск.: Zygmunt Szczęsny Feliński; 1 лістапада 1822, Ваютын17 верасня 1895, Кракаў) — польскі рымска-каталіцкі біскуп, прафесар Санкт-Пецярбургскай Імператарскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі, архібіскуп-мітрапаліт варшаўскі (1862—1883), сталы член Дзяржаўнай рады Царства Польскага (ад 1862[1]), каталіцкі святы.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Быў сёмым з адзінаццаці дзяцей Герарда Фялінскага і Евы з Вендарфаў. Бацька памёр у 1833 годзе, пакінуўшы жонку з шасцёма дзецьмі. Выхоўваўся маці з дапамогай бабулі.

На пяты год па смерці мужа Ева Фялінская за ўдзел у змове Канарскага была выслана ў Бярозаў на рацэ Об. 16-гадовы Зыгмунт застаўся з двума братамі і трыма сёстрамі бяз даху над галавой і якіх-небудзь сродкаў да існавання, паколькі іхняя маёмасць у Крэменцы і маёнткі ў Ваютыне і Збарышаве былі абкладзены секвестрам. Асірацелых дзяцей узялі пад апеку знаёмыя, паколькі жывых сваякоў не засталося.

Дзякуючы фінансавай дапамозе заможнага абываталя з Падолля Зянона Бяліны-Бжазоўскага Зыгмунт Фялінскі здолеў скончыць матэматычныя студыі ў Маскве, а пасля гуманітарныя ў Парыжы — Сарбоне і Калежы дэ Франс. У Парыжы Фялінскі пазнаёміўся з Юльюшам Славацкім, быў адзіным палякам, што прысутнічаў пры яго смерці. Навязаў таксама кантакты з іншымі вядомымі палякамі, сярод якіх Багдан Залескі, палкоўнік Уладзіслаў Замойскі і князь Адам Чартарыйскі.

Атрымаўшы звестку пра пачатак Пазнаньскага паўстання, разам з прыяцелямі выехаў у Познань. Паспеў узяць удзел у бітве пад Мілославам, дзе быў паранены. Па заняпадзе паўстання прыйшоў да высновы, што найлепшай службай народу будзе праца над яго ўнутраным адраджэннем, і найбольш плённа гэта можа зрабіць каплан. Таму вырашыў паступаць у духоўную семінарыю.

У 1851 распачаў навучанне ў духоўнай семінарыі ў Жытоміры. Праз два месяцы быў пераведзены на другі курс, а ў канцы 1852 накіраваны ў Духоўную акадэмію ў Пецярбург. 8 верасня 1855 года рэктар акадэміі Ігнацы Галавінскі высвеціў яго на духоўніка. Працаваў вікарыем парафіі святой Кацярыны і выкладаў у прыкляштарнай школе айцоў-дамініканцаў. Праз два гады атрымаў званне прафесара і духоўнага айца Імператарскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі.

У 1862 годзе атрымаў прызначаны архібіскупам варшаўскім і выехаў з Пецярбургу. У першую чаргу рэканцыляваў і адкрыў зачыненыя касцёлы. Заняўся душпастырскай працай, унутраным адраджэннем духавенства, фарміраваннем навучэнцаў, кансісторскаю рэформай.

Ідэалагічна быў блізкі да «белых», але палітычна не далучаўся ні да воднага з бакоў. Не падтрымліваў імкнення да ўзброенага паўстання. Па выбуху Студзеньскага паўстання тэрор акупантаў пасіліўся, да чаго не застаўся абыякавы Зыгмунт Фялінскі. На знак пратэсту напісаў 15 сакавіка 1863 ліст да цара, у якім заступаўся за людзей і заклікаў: «…учыні з Польшчы незалежную нацыю…» Вялікі князь Канстанцін Мікалаевіч, намеснік Царства Польскага, якому Фялінскі перадаў гэты ліст, адмовіўся перасылаць яго цару. У выніку гэтага архібіскуп выйшаў з Рады дзяржавы.

Неўзабаве ліст быў апублікаваны ў французскім часопісе «Journal», што стала нагодаю для 20-гадовай высылкі Зыгмунта ў Яраслаўль на Волзе. Меў магчымасць вярнуцца ў сталіцу пры ўмове разрыву стасункаў з Апостальскай сталіцай і поўнага падпарадкавання царскаму ўраду, але адмовіўся. У архідыяцэзіі па высылцы архібіскупа была ўведзена касцёльная жалоба: змоўклі арганы, званы і спевы.

У Яраслаўлі, дзе застаў некалькі сотняў каталікоў, праводзіў шырокую апостальскую і дабрачынную дзейнасць сярод польскіх выгнанцаў. Адчыніў капліцу і адпраўляў для вернікаў набажэнствы.

Пасля цяжкіх і працяглых перамоў між Ватыканам і расійскім урадам быў памілаваны і атрымаў дазвол выехаць з Яраслаўлю. Атрымаў прызначэнне на архібіскупа Тарсуса, аднак не меў права вяртацца і нават мінаць варшаўскую архідыяцэзію. Паехаў праз Львоў, Кракаў, Рым, паўсюль сустрэты як народны герой. У Рыме спаткаўся з Папам Лявонам XIII.

Вярнуўшыся на радзіму, замешкаў у Дзвінячцы як капелан капліцы пры дворыку Гелены Казябродскай. Заняўся душпастырствам, казанямі, набажэнствамі. У верасні 1885 года заснаваў тут першую школу, дзе навучалі сёстры Сям'і Марыі. У апошнія гады жыцця распачаў будаўніцтва касцёлу.

Памёр 17 верасня 1895 у палацы біскупа Яна Пузыны ў Кракаве. Пахаваны 20 верасня на Ракавіцкіх могілках. Праз колькі дзён труна перавезеная ў Дзвінячку, дзе перапахаваная ў грабніцы графаў Кемшыцкіх і Казябродскіх. 5 чэрвеня труна перавезеная ў Варшаву і часова захоўвалася ў касцёле Святога Крыжа, а 14 красавіка 1921 урачыста перанесеная ў архікафедру і змешчаная ў падзямеллях.

Беатыфікацыя і кананізацыя[правіць | правіць зыходнік]

Абраз святога Зыгмунта

Беатыфікацыйны працэс пачаўся 31 мая 1965 і скончыўся 30 студзеня 1984. 18 жніўня 2002 Папа Рымскі Ян Павел II на Кракаўскіх лугах абвясціў яго беатыфікаваным.

6 снежня 2008 года Кангрэгацыя кананізацыйных спраў абнародавала дэкрэт з прызнаннем цуду, дасягнутага дзякуючы заступніцтву бл. Зыгмунта Шчэнснага Фялінскага. Ён датычыў ацалення сястры Бажэны Зэлек з Таварыства сёстраў Сям'і Марыі, заснаванага Фялінскім, якая пакутавала на страту шпіку. Кананізацыйны працэс быў завершаны падчас канстысторыі 21 лютага 2009 года. Рашэнне пра кананізацыю біскупа прыняў Бенедыкт XVI, а святым абвясціў 11 кастрычніка 2009 у Ватыкане[2].

Літургічныя ўспаміны Зыгмунта Шчэнснага Фялінскага адзначаюцца 17 верасня.

Рэліквіі Фялінскага знаходзяцца ў касцёле Святога Язэпа ў Кракаве[3].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Zygmunt Szczęsny Feliński, Pamiętniki, Warszawa 1986, s. 526.
  2. Katarzyna Wiśniewska. Papież ogłosił pięciu nowych świętych, w tym Polaka (польск.) . Z życia Kościoła. Gazeta Wyborcza (12 сакавіка 2013).
  3. Marzena Gertz. Kanonizacja Błogosławionego Zygmunta Szczęsnego Felińskiego (польск.) . Stowarzyszenie PODGORZE.PL (12 сакавіка 2013).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ziejka F. W służbie Ojczyźnie i Pani z Jasnej Góry. O życiu i pracach o. Wacława, kapucyna — Alma Mater, 2007. — С. 94.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Біскупы варшаўскія