Кавліцмаш

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
«Кавліцмаш»
Тып адкрытае акцыянернае таварыства
Заснаванне Студзень 1974
Заснавальнікі Міністэрства станкабудаўнічай і інстументальнай прамысловасці СССР
Размяшчэнне Беларусь, Брэсцкая вобласць, Пінск, мікрараён Крайновічы, прасп. Жаўтоўскага, д. 109
Галіна прамысловасць
Прадукцыя ліста- і трубазгінальныя машыны, прэсы, фармовачныя машыны, абсталяванне абразіўнай зачысткі адлівак
Абарот 74,438 млрд руб[1] (2015 г.; $4,58 млн)[2]
Аперацыйны прыбытак -28,594 млрд руб (2015 г.; $-1,759 млн)
Чысты прыбытак -28,62 млрд руб (2015 г.; $-1,761 млн)
Матчына кампанія «БелАЗ» (Жодзіна)
Сайт kuzlitmash.by

«Кавліцмаш» — дзяржаўнае станкабудаўнічае прадпрыемства Беларусі, заснавае ў красавіку 1974 года ў Пінску (Брэсцкая вобласць) ў якасці завода вузлоў ліцейных ліній.

На 2019 год ААТ «Кавліцмаш» вырабляла:

  • кавальска-прэсавае абсталяванне — лістазгінальныя машыны ІВ 2144, трубазгінальныя машыны ІП1722, лініі вытворчасці стальной сеткі Л331 і 6 узораў муфтаў-тармазоў дыяметрам ад 41 да 86 см;
  • прэсы — лістазгінальныя (гідраўлічныя, крывашыпныя і пнеўматычныя), лістарэзны ІНП4.40, акрайкаабрубныя, чаканачныя і халоднага выціску металу (крывашыпна-каленныя), аднастойкавыя, гарызантальны ПП6738А і простага дзеяння (адкрытыя і закрытыя);
  • нажніцы — адкрытыя Н1226Б і ліставыя гільяцінныя (гідраўлічныя і крывашыпныя);
  • ліцейнае абсталяванне — фармовачныя машыны 4836 і аўтаматычныя фармовачныя лініі ЛК 2304, ЛК 2305 і ЛК 2405;
  • сіта для прыгатавання сумесі — механічнае вібрацыйнае СМ50 і 6 відаў барабанных шматкутных;
  • абсталяванне ачысткі адлівак — комплекс абразіўнай зачысткі 99911М і галтовачны барабан 41212;
  • плугі — балотныя ПБН-3-50А і ПБН-6-50А, для камяністай глебы ПГП-4-40-М;
  • гаражныя і вісячыя замкі, багажныя складныя цялежкі[3].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У студзені 1971 годзе ў Пінску (Беларуская ССР) пусцілі станкабудаўнічы завод вузлоў для ліцейных ліній, які пачалі будаваць у 1971 годзе па загаду Міністэрства станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці СССР. Спачатку выраблялі абсталяванне для прыгатавання фармовачных матэрыялаў і дазатараў алюмінавых стопкаў. Спецыяльнае канструктарскае бюро заводу распрацавала прылады, што дагэтуль не выпускалі ў СССР: прылады механізавання машынаў ліцця пад ціскам у складзе робатаў і маніпулятараў, прылады механізавання абрубання і зачысткі, абсталяванне заліўкі чорных і каляровых стопкаў, аўтаматычныя фармовачныя лініі. У 1975 годзе ў Пінску ўзвялі завод кавальска-прэсавых аўтаматычных ліній. Гадавая магутнасць заводу склала 300 кавальска-прэсавых машынаў і 30 аўтаматычных ліній, што ўключалі: крывашыпна-каленныя чаканачныя прэсы і прэсы для халоднага выціскання металу, аўтаматы прэсавання і калібравання вырабаў з металапарашкоў, лістазгінальныя машыны з паваротнай балкай, прылады каляпрэсавага механізавання, лініі вытворчасці сетак са стальнага дроту. 18 ліпеня 1985 года Міністэрства станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці СССР ухваліла Загад № 298 аб стварэнні вытворчага аб’яднання «Кавліцмаш» на аснове 2 заводаў у Пінску: завода вузлоў ліцейных ліній і завода кавальска-прэсавых аўтаматычных ліній. 14 кастрычніка 1991 года Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Пастанову № 385 аб перадачы прадпрыемства «Кавліцмаш» у распараджэнне Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь. У 2010 годзе УП «Кавліцмаш» пераўтварылі ў адкрытае акцыянернае таварыства[4].

2 сакавіка 2011 года Міністэрства прамысловасці Беларусі ўхваліла Загад № 110 аб перадачы ААТ «Кавліцмаш» у склад ВА «БелАЗ» (Жодзіна). За папярэднія 15 гадоў на «Кавліцмашы» змянілася 7 кіраўнікоў. За 2011 год прадпрыемства атрымала 115 судовых позваў па запазычанасці больш як на 14 млрд рублёў ($2,497 млн) і знаходзілася на мяжы разарэння. У чэрвені 2011 года кіраўнік «БелАЗа» Пётр Пархомчык прызначыў кіраваць «Кавліцмашам» Васіля Чакулаева і вылучыў каля 14 млрд рублёў на аўтаматызацыю цэхаў. З галаўнога прадпрыемства «БелАЗ» у Пінск перадалі выпуск лініі цыліндраў для кар’ерных самазвалаў. У выніку ў 2012 годзе вытворчасць вырасла 16-кратна. Да верасня 2013 года лік супрацоўнікаў павялічыўся ўдвая да 856 чалавек. Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў знізіўся з 49 да 41 года за кошт маладых выпускнікоў 4 універсітэтаў Беларусі: Беларускага нацыянальнага тэхнічнага, Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага, Беларуска-Расійскага (Магілёў) і Палескага дзяржаўнага (Пінск). «Кавліцмаш» асвоіў выпуск 94 найменняў вузлоў для самазвалаў «БелАЗ», з іх: 25 вузлоў для самазвалаў грузападымальнасцю 130—360 тонаў, 17 дэталяў і 18 вузлоў на цыліндры падвесак для самазвалаў грузападымальнасцю 30—45 тонаў. Плошча прадпрыемства складала 30,5 гектара, з іх 8,6 га — вытворчая. Налічвалася 585 металарэжучых станкоў для такарнай, расточнай, фрэзэрнай, даўбёжнай, адразной і заточнай працы. Прадпрыемства мела гальванічную, інструментальную, электратэхнічную і гума- і пластмасаапрацоўчую вытворчасці[5].

Зноскі

  1. Справаздача аб дзейнасці ААТ за 2015 год (руск.) , Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь (23 мая 2016). Праверана 11 студзеня 2019.
  2. Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 253,61 за долар) , Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь (2016). Праверана 11 студзеня 2019.
  3. Вырабы (руск.) . ААТ «Кавліцмаш» (31 ліпеня 2019). Праверана 11 студзеня 2019.
  4. Аб прадпрыемстве (руск.) . ААТ «Кавліцмаш» (31 ліпеня 2019). Праверана 11 студзеня 2019.
  5. Віктар Бойка, Алена Даўжанок. Настрой — сонечны // Звязда : газета. — 28 верасня 2013. — № 183 (27548). — С. 4. — ISSN 1990-763x.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Кантакты (руск.) . ААТ «Кавліцмаш» (31 ліпеня 2019). Праверана 11 студзеня 2019.
Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.