Даўжыня цела 120—135, вышыня ў карку 75—85 см, маса 25—35 кг. Самкі меншыя за самцоў. Цела зграбнае, лёгкае, ногі высокія, галава адносна невялікая. У самцоў ёсць невялікія рогі (штогод увосень адпадаюць, да вясны вырастаюць зноў). Хвост кароткі (2—3 см), схаваны ў поўсць). Поўсць густая, зімой буравата-шэрая, летам рыжая (маладыя плямістыя). Каляхваставое «люстэрка» белае.
Пашырана ў Еўропе, Малой Азіі. На Беларусі сустракаецца па ўсёй тэрыторыі. Жыве ў шыракалістых і мяшаных лясах з палянамі, высечкамі, сенажацямі і поймамі.
Трымаецца невялікімі статкамі. Гон увосень. Цяжарнасць працягваецца 8—10 месяцаў (характэрна латэнтная стадыя развіцця аплодненай яйцаклеткі), 2 (часам 3) цялят нараджае да пачатку лета. Працягласць жыцця 11—16 гадоў.
Козла П.Казуля // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.