Каманда 5 (Конга)
Каманда 5 | |
---|---|
| |
Гады існавання | 1964–1967 |
Краіна | Рэспубліка Конга |
Тып | Белыя найміты ў Конга |
Удзел у |
Кангалезскі крызіс Паўстанне Сімба Мяцяжы ў Стэнлівілі |
Камандзіры | |
Вядомыя камандзіры | Майкл Хоар і Джон Пітэрс |
Каманда 5 (англ.: 5 Commando) — падраздзяленне еўрапеоідных наймітаў часоў Кангалезскага крызісу 1960-х. Створана ўрадам Конга (Леапольдвіль) для барацьбы з пастаннем Сімба. Група была найбольш баяздольным злучэннем Кангалезскай нацыянальнай арміі, згуляўшы значную ролю ў падаўленні бунту. Байцам фарміравання ставяць у заслугу абарону белага насельніцтва Конга ад гвалту мяцежнікаў[1][2]. Аднак у той жа час яны самі часта здзяйснялі супрацьпраўныя дзеянні[3][4][5].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У студзені 1964 года на ўсходзе Рэспублікі Конга (сучасная Дэмакратычная Рэспубліка Конга) пачалося паўстанне на чале з Партыяй афрыканскай салідарнасці, лаяльнай СССР. Хваляванні ў гэтай частцы краіны імкліва распаўсюджваліся і пагражалі пачаткам бунтаў у іншых правінцыях[6]. Прэм’ер-міністр Маіз Чомбэ, улічваючы нежаданне ЗША дапамагаць у падаўленні бунту, вырашыў звярнуцца да палуг наймітаў[7][8].
У Чомбэ ўжо быў досвед работы з замежнымі наёмнымі спецыялістамі: у пачатку 60-х, калі будучы прэм’ер быў лідарам катангскіх сепаратыстаў, на баку Чомбэ змагаўся белы атрад «Каманда 4».
У ліпені 1964 года праз Джэры Пурэна (былога афіцэр-найміта ВПС Катангі) пачалася вярбоўка замежных баевікоў у атрад «Каманда 5». У ПАР і Радэзіі былі створаны вярбовачныя цэнтры па наборы[9]. Вярбоўшчыкі нават падалі аб’явы ў газеты[10]. У стварэнні групы дапамагалі ўлады Бельгіі, якія забяспечылі злучэнне зброяй, боепрыпасамі, грузавікамі і абмундзіраваннем. Найміты, акрамя бельгійцаў, атрымлівалі пастаянную падтрымку ад амерыканскага ЦРУ[11].
З-за прыцягнення да ўнутранага канфлікту замежнікаў на Чомбэ пасыпалася крытыка кангалезскай грамадскасці і нават урадаў краін-удзельніц Арганізацыі афрыканскага адзінства. Той абяцаў, што заменіць белых наймітаў кангалезцамі, як толькі яны будуць дастаткова падрыхтаваны[12].
Атрад
[правіць | правіць зыходнік]Арганізацыйна група была падзелена на восем падраздзяленняў, пазначаных нумарамі ад 51 да 58 (па два афіцэры і тры сяржанты ў кожным злучэнні). Колькасна яны адпавядалі ўзводам[13]. У шэрагах «Каманда 5» служылі радэзійцы, паўднёваафрыканцы, брытанцы, немцы і бельгійцы[14]. Кантракты з байцамі заключаліся на шэсць месяцаў. Базавая зарплата радавога складала 280 долараў, сяржанта — 400, старэйшых афіцэраў — 1100. Плюс да гэтага даплачвалі 420 долараў за работу ў небяспечных умовах і 37 000 кангалезскіх франкаў у якасці штомесячнай дапамогі. У выпадку гібелі найміта сваякам выплачвалася кампенсацыя ў памеры 19 000 долараў[15].
Да 9 снежня 1965 года групу ўзначальваў Майк Хоар. Потым яго замяніў Джон Пітэрс, які камандаваў сіламі да 26 сакавіка 1967 года[16].
Баявы шлях
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню ў бой атрад уступіў у раёне Альбервіля. Найміты здзейснілі дзве атакі на горад, але абедзве няўдала[17].
Да пачатку 1965 года, калі кангалезскі ўрад выцесніў мяцежнікаў з большай часткі Усходняга Конга, «Каманда 5» было даручана забяспечыць бяспеку мяжы, аднавіць лініі сувязі і зачысціць рэшткі супраціву, асабліва ў раёнах Фізі-Барака і Увары[4]. У гэты час найміты трапляюць на загалоўкі еўрапейскіх газет дзякуючы паспяховаму вызваленню белых закладнікаў з палону паўстанцаў[5].
У 1967 годзе, калі прэм’ера Чомбэ адхілілі ад улады, найміты паднялі мяцеж, але пацярпелі няўдачу. У сакавіку таго ж года ўлады загадалі расфармаваць замежныя атрады[4]. У красавіку «Каманда 5» спыніла існаванне[18].
Праблемы
[правіць | правіць зыходнік]Недахоп абсталявання, дрэнная падрыхтоўка і праблемы з заробкам падрывалі маральны дух падраздзялення, таму асабісты склад першы час нёс вялікія страты[19]. У канцы 1964 г. кангалезскі ўрад палепшыў фінансавае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, а кіраўніцтва групы звольніла некампетэнтных байцоў. Аднак, акрамя гэтага, у атрадзе былі значныя праблемы з дысцыплінай, у тым ліку з алкагалізмам, наркаманіяй і гомасексуалізмам[14].
Бельгійскія палкоўнікі Фрэдэрык Вандэваль і Луі Марльер выказвалі сумневы ў якасці наймітаў. Апошні і зусім назваў іх «піратамі, якія нічога не каштуюць у баі»[3]. Амерыканскі дыпламат Джордж Годлі апісаў «Каманда 5» як «некантраляваную групу галаварэзаў [...], якія лічаць марадзёрства або ўзлом сейфаў цалкам сваёй прэрагатывай»[19]. Падобныя ацэнкі абумоўлены тым, што ў адваяваных раёнах група здзяйсняла несанкцыянаваныя забойствы, катаванні, рабаванні і згвалтаванні[20]. У Стэнлівілі найміты зараблялі ператрусам трупаў у пошуках наяўных грошай і ўзломам банкаўскіх сейфаў[5]. Некаторыя паўднёваафрыканцы «Каманда 5» былі пазней асуджаны кангалезскімі судамі за ненаўмыснае забойства[4].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ История трех наемников
- ↑ Mike Hoare′s Adventures in Africa. Boulder, CO: Paladin Press (2010).
- ↑ а б Passemiers 2019, pp. 114–115.
- ↑ а б в г Passemiers 2019, p. 118.
- ↑ а б в Geraghty 2007, p. 48.
- ↑ Dodenhoff 1969, p. 44.
- ↑ Dodenhoff 1969, pp. 47–49.
- ↑ Hudson 2012, p. 33.
- ↑ Dodenhoff 1969, p. 49.
- ↑ "Obituary: Mike Hoare - Living Dangerously".
- ↑ Devlin 2007, p. 228.
- ↑ Dodenhoff 1969, p. 51.
- ↑ Hudson 2012, p. 51.
- ↑ а б Passemiers 2019, p. 117.
- ↑ Dodenhoff 1969, p. 50.
- ↑ A list of known Soldiers of Fortune who served in the Congo conflict some time during the 1960's(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2021. Праверана 26 лютага 2023.
- ↑ Passemiers 2019, p. 114.
- ↑ Hudson 2012, p. 57.
- ↑ а б Passemiers 2019, p. 115.
- ↑ Nzongola-Ntalaja 2007, p. 135.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Nzongola-Ntalaja, Georges (2007). The Congo, From Leopold to Kabila: A People's History (3rd ed.). New York: Palgrave. ISBN 9781842770535.
- Passemiers, Lazlo (2019). Decolonisation and Regional Geopolitics : South Africa and the 'Congo Crisis', 1960–1965 (online ed.). London: Routledge. ISBN 9781351138161.
- Dodenhoff, George H. (1969). "The Congo: A case study of mercenary employment". Naval War College Review. 21 (8). U.S. Naval War College Press: 44–70.
- Devlin, Larry (2007). Chief of station Congo: A memoir of 1960-67. New York: Public Affairs. ISBN 978-1-58648-405-7.
- Geraghty, Tony (2007). Guns for Hire: The inside story of freelance soldiering (1st ed.). London: Piatkus Books Ltd. ISBN 978-0-7499-5145-0.
- Hudson, Andrew (2012). Congo Unravelled: Military operations from Independence to the Mercenary Revolt, 1960–68. Helion and Company. ISBN 978-1907677632.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Сергей Арустамов, Курашко Денис. 5 Commando ANC // Независимая Африка : сайт.