Камэлот
Камэлот | |
---|---|
Жанр | Фолк-музыка |
Гады | 1991 — па сённяшні дзень |
Краіна | Беларусь |
Мова песень | Беларуская |
Склад |
Анатоль Басай Ігар Войніч Алесь Кішкін Валянцін Агееў |
Былыя ўдзельнікі |
Зміцер Сідаровіч |
«Камэло́т» — беларускі этна-рок-гурт. Заснаваны ў 1991 годзе.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Гісторыя стварэння музычнага калектыва, які б граў сярэднявечную музыку ў сучаснай рок-апрацоўцы, нарадзілася ў галаве Алеся Кішкіна — выпускніка 8-й музычнай школы Мінску. У канцы 1980-х ён пазнаёміўся з бардам Змітром Сідаровічам, які вучыўся ў Беларускім палітэхнічным інстытуце і чые песні ўжо спяваў беларускі рок-гурт «Грамада» (адна з іх — «Які ж я беларус?» — нават увайшла ў хіт-парад газеты «Чырвоная змена»). Не без уплыву «Traveling Wilburys» былі напісаныя першыя песні ў духу Сярэднявечча: «Дуда, лютня ды бубен», «Вёска ўчора гула», «Змагар Адась», «Краіна Талераў» ды інш., запрошаны вядомы на той час дудар і фалькларыст Уладзімір Бербераў і ўдарнік Валік Агееў. Такім складам яны гралі перад сябрамі і нешматлікай беларускамоўнай публікай таго часу. Вынікам стала запрашэнне ў 1991 г. запісаць саўнд-трэк да двух фільмаў «Шукальнікі скарбаў» (мастацкі кароткаметражны, рэж. І. Волах) і «Беларусь, лета 1991» (дакументальны, рэж. У. Колас). У той жа час найбольш прафесійна падрыхтаваны музыкант Бербераў у гэты час заняўся іншым праектам — стварэннем фолк-гурта «Ліцвіны».
Неўзабаве ў гурт быў запрошаны Ігар Войніч, які бавіўся сесійным гітарыстам у безлічы самадзейных гуртоў, а таксама граў у вядомых прафесійных выканаўцаў Я. Еўдакімава і А. Атаманава. Першыя рэпетыцыі — Алесь Кішкін, Змітро Сідаровіч, Ігар Войніч і Валік Агееў — прайшлі ў снежні 1991 г. у памяшканнях Беларускага гуманітарнага ліцэя. Там жа перад навучэнцамі і выкладчыкамі былі адыграны і першыя імпрэзы. Адразу стаў зразумелым асноўны кірунак: рыцарскія і жаўнерскія песні старажытнай Беларусі (ВКЛ). Зразумела, была зроблена папраўка на сучасныя рэаліі і рытмы. Пасля першых выступаў на невялікіх імпрэзах-вечарынах гурт быў заўважаны, але ў яго яшчэ не было назвы. Для ўдзелу ў адным з сэйшэнаў, у якім, праўда, музыкі так і не асмеліліся ўдзельнічаць, у заяве трэба было падаць назву гурта. Алесь Кішкін, які афармляў дакумэнты, напісаў — «Камэлот». Назва прыжылася за ўдзельнікамі калектыву, бо «Камэлот» — назва ідэальнага замка, прытулку вандроўных ваяроў у сярэднявечных рыцарскіх раманах. Так назва злучылася з кірункам творчасці музыкаў — разглядам беларускай культуры ў агульнаеўрапейскім кантэксце, таго, што беларуская культура ня толькі сялянская, але і гарадская. Гралі «камэлотаўцы» выключна акустычную музыку, выкарыстоўваючы гітары, флейты, ударныя, віяланчэль, кантэле (разнавіднасць гусляў), дуду, скрыпкі, клавесін і чэлесту. Пры такім наборы інструментаў праз гурт праходзіла значная колькасць людзей (сярод якіх быў бард Кастусь Герашчанка), але асноўны касцяк заставаўся нязменным: Кішкін, Войніч ды Сідаровіч. Пры наяўнасці некаторага поспеху творчасць гурта вылучалася сваёй несавецкасцю і непапсовасцю, таму, па-сутнасці, ігнаравалася праўрадавымі радыё і тэлебачаннем.
У канцы 1992 года гурт падрыхтаваў канцэртную праграму «У краіне Талераў», якую, акрамя Мінску, змаглі пачуць у Гродна, Магілёве, Брэсце і Гарадку (Польшча). Частку песень з праграмы музыкі пераклалі на электрычныя інструменты і выступілі з імі ў Польшчы на фэсце «Басовішча-93».
Рэдактары і таленавітыя журналісты радыёстанцый «Беларускай маладзёжнай» і радыё «101,6» запісвалі многіх беларускіх выканаўцаў, у тым ліку і «Камэлот». Гурт стаў прабівацца на тэлебачанне, у асноўным як «вясельны генерал» у рэпрызах забаўляльных перадач. Але праз адсутнасць грошай у дзяржаўнай сферы эканомікі, дзе працавалі амаль усе ўдзельнікі гурта, Кішкін, Войніч ды Сідаровіч сталі працаваць «літаратурнымі неграмі» на маскоўскія раскручаныя імёны пісьменнікаў-дэтэктыўшчыкаў і аўтараў фэнтэзі. Заробак пераўзыходзіў дзяржаўны (нават кандыдатаў навук, якім быў Сідаровіч і неўзабаве стаў Войніч) у 10—15 разоў. Вынікам гэтага стала маўчанне «Камэлота» на два гады.
На пачатку 1995 г. удзельнікі гурта, пазычыўшы шэраг музычных інструментаў і купіўшы прафесыйныя мікрафоны і «апрацоўку» гуку, зноў збіраюцца, каб запісаць свае старыя песні. У «Камэлоце» з’яўляецца Анатоль Басай, які ў калектыве стаў выконваць усе асноўныя вакальныя партыі, а таксама часам граць на клавішных. У лютым-сакавіку 1995 г., у хатніх умовах на звычайным 4-х трэкавым магнітафоне-портастудыі быў запісаны альбом, які ўдалося звесці на прафесійнай студыі і за свой жа кошт выпусціць касету (толькі ў 1996 г.). Альбом, па прызнанні выдаўцоў — кампаніі «TON-records», — меў даволі значны поспех, першы 2-х тысячны наклад касет хутка разышоўся. Камэлотаўцам выплацілі ганарар і нават прапанавалі падпiсаць кантракт на наступныя тыражы. Гэты альбом у 1996 годзе вылучаўся па намінацыі «Найлепшы альбом году» ў «Рок-каранацыі-96», гурт павінен быў выступіць у сэйшэне, аднак сярод музыкаў калектыву адбыўся раскол.
Раскол гурта адбыўся пасля выступа ў Вільні ў 1996 годзе, куды не пажадалі паехаць Сідаровіч і Кішкін, які ўжо даўно не прымаў удзелу ў рэпетыцыях. Чарговым сесыйным музыкам быў запрошаны гітарыст і флейтыст Зміцер Шыдлоўскі з «Аварыйнага выйсця».
Апошняй сумеснай працай заснавальнікаў гурта стала напісанне ў тым жа 1996 музыкі да спектакля драматурга Сяргея Кавалёва «Заложнiца кахання» паводле сярэднявечнай рыцарскай аповесцi «Аб княжаннi Гвiдона i яго сыне, слаўным рыцары Баве» (паст.: Андрэя Гузiя, тэатр «Вольная сцэна», г. Мінск). Праз год, у 1997, з падачы Змітра Несцюка — заснавальніка аднаго з першых у Беларусі рыцарскага клуба «Ордэн Сэрца Дракона», Войніч і Басай, набраўшы вядомых музыкаў — ударніка Цімура Велітоўскага і джаз-гітарыста Віталія Лойку, а таксама клавішніка і ды-джэя Андрэя Хвісевіча — аднавілі рэпетыцыі гурта ў электрычным варыянце з тым жа назовам. Да старых песень былі далучаны некалькі новых І. Войніча і створана новая праграма «Шукальнікі ветру», з якой «Камэлот» стаў выступаць на клубных пляцоўках Мінска і ў іншых гарадах, а таксама на розных рыцарскіх фэстах. Электрычны «Камэлот» нават з’ездзіў з канцэртамі ў Данію і Польшчу, запісаў некаторыя новыя і старыя песні, што не ўвайшлі ў першы альбом «Краіна Талераў», які у 1998 годзе быў часткова нанава перазведзены, цалкам адмайстраваны і выпушчаны кампаніяй В. Супрановіча «БМА» на CD (CD BMA 038). Па словах Войніча, за той час было адыграна каля ста імпрэзаў. Рэпетыцыйнай базай стала «кропка» філалагічнага факультэта БДУ (дзе Войніч працаваў выкладчыкам старадаўняй літаратуры), на якой у той час рэпетавала шмат гуртоў — у тым ліку вядомыя «Крама», «Маркаў бэнд», «Цмокі». Хаця рэпетыцыі праходзілі ўжо пасля заняткаў, моцныя гукі з-пад даху будынку былой партшколы і «патлатыя» хлопцы яўна не студэнцкага выгляду сталі выклікаць занепакоенасць у новага кіраўніцтва філфаку. Рэпетыцыі былі спынены, а Войніч у 2002 выгнаны з універсітэту. Без рэпетыцыйнай базы спыніліся выступы і ўжо электрычнага «Камэлота». Песні Войніча сталі граць іншыя выканаўцы (праект «Партызанская школа» 2006).
Дыскаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Альбомы
[правіць | правіць зыходнік]- У краіне талераў (1995 на касеце, 1998 і 2004 на CD)
Удзел у зборніках
[правіць | правіць зыходнік]Удзельнікі
[правіць | правіць зыходнік]- Анатоль Басай: спеў
- Ігар Войніч
- Алесь Кішкін
- Валянцін Агееў — беларускі музыкант, які граў на бубнах у самым першым складзе «Камэлота», калі гурт яшчэ не меў назвы. Нязменны бубнач «Камэлота» да 1995 года, а пасля — з перапынкамі. Аднакласнік Зміцера Сідаровіча, таму першыя свае спробы граць музыку Сідаровіч, Агееў і яшчэ шэраг іх сябраў, якія потым адыйшлі ад музычнай дзейнасці, пачыналі разам, яшчэ ў сярэдзіне 1980-х гадоў.
Колішнія ўдзельнікі
[правіць | правіць зыходнік]- Зміцер Сідаровіч (1991—2014)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Інфармацыя пра гурт «Камэлот» . Архівавана з першакрыніцы 19 сакавіка 2012. Праверана 22 красавіка 2017.
- Камэлот на Last.Fm
- Биография Камэлот . Last.fm. Праверана 27 верасня 2018.