Камісіі парадкавыя цывільна-вайсковыя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Парадкавыя цывільна-вайсковыя камісіі — органы мясцовай (рэгіянальнай) адміністрацыі ў Рэчы Паспалітай. Створаны 6 лістапада 1789 г. Чатырохгадовым соймам 1788—1792 гг. па ініцыятыве паслоў браслаўскага Тамаша Ваўжэцкага і новагародскага Міхала Бярновіча. З лютага 1790 г. пастаянна-дзейныя органы выканаўчай улады. У 1791 г. падпарадкаваны Камісіі паліцыі абодвух народаў.

У камісіі выбіраліся 15 камісараў з неасуджанай і аселай шляхты ў ваяводствах і паветах на сойміках на 2 гады. Без выбрання за грамадскія заслугі ў камісіі ўваходзілі сенатары, цівуны, павятовыя маршалкі, гродавыя старасты, харужыя. Кожная камісія мела канцылярыю з возным і адвакатам. Сесіі адбываліся штодня акрамя святаў. Цывільна-вайсковыя камісары выконвалі функцыі бясплатна, але на работу канцылярыі збіралася па шэлегу з кожнага злотага падаткаў.

У ВКЛ існавалі 23 камісіі ў адпаведных адміністрацыйных цэнтрах, у т.л. ва Ушачах для Полацкага ваяводства, Чарэі для Віцебскага ваяводства, Халопенічах для Аршанскага павета, Берасці для Берасцейскага ваяводства і Кобрынскага павета, Бабруйску для Рэчыцкага павета.

Камісіі наглядалі за мерамі і вагамі, цэнамі, мануфактурамі, корчмамі, гарадамі, шляхамі зносін, рачнымі перавозкамі. Абавязаны былі клапаціцца аб росце земляробства, рамёстваў, гандлю. Вялі ўлік насельніцтва, збіралі падымны падатак. Кіравалі ўтварэннем парафіяльных школ пры плябаніях, раскватараваннем і забеспячэннем войск рэкрутамі і харчам. У якасці суда 1-й інстанцыі разглядалі маёмасныя справы і справы па адміністрацыйных правапарушэннях, канчаткова і безапеляцыйна, калі іск не перавышаў 300 злотых, а кара — 50 злотых і 3 дзён турмы. Астатнія справы па прадстаўленні павятовых дазорцаў адсылаліся па апеляцыі на канчатковы прысуд Камісіі паліцыі абодвух народаў. Разбіралі спрэчкі паміж ваеннымі і цывільным насельніцтвам, каралі за непаслушэнства публічнай уладзе і землеўладальнікам, але не мелі права судзіць па крымінальных справах.

Каімісіі былі скасаваны 22 верасня 1792 г. Таргавіцкай канфедэрацыяй. Адноўлены Гарадзенскім соймам 1793 г., але фактычна не дзейнічалі. У час паўстання 1794 г. створаны новыя камісіі, звычайна з 21 чалавека, якія размяркоўваліся паміж 6 аддзеламі (парадку, бяспекі, скарбу, войска, спраў, жыўнасці). Падуладная камісіі тэрыторыя падзялялася па парафіях або дазорах (да 1200 двароў) для арганізацыі паспалітага рушэння і рэгулявання адносін сялян з панамі. Праіснавалі да 1795 г.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Gordziejew, J. Z dziejów Komisji Porządkowych Cywilno-Wojskowych w Wielkim Księstwie Litewskim // Rocznik Biblioteki Naukowej PAU i PAN w Krakowie. — 2002. — Rok 47.
  • Анішчанка, Я. Камісіі парадкавыя цывільна-вайсковыя / Яўген Анішчанка // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 тамах / Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]; Навуковыя кансультанты: Я. К. Анішчанка [і інш.]. Том 2: К — Я. — 2-е выданне. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007. — С. 25—26.