Кансерватыўная партыя (Вялікабрытанія)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кансерватыўная і юніянісцкая партыя Вялікабрытаніі
англ.: Conservative and Unionist Party
Выява лагатыпа
Лідар Ліз Трас
Заснавальнік Роберт Піль
Дата заснавання 1834 год
Штаб-кватэра  Вялікабрытанія, Лондан
Краіна
Ідэалогія Кансерватызм, брытанскі юніанізм, эканамічны лібералізм, еўраскептыцызм
Інтэрнацыянал Міжнародны дэмакратычны саюз
Маладзёжная арганізацыя Young Conservatives[d]
Колькасць членаў 172.437 (2022)
Месцаў у Палаце Абшчын
357 / 650
Месцаў у Палаце Лордаў
250 / 757
Сайт conservatives.com
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Кансерватыўная партыя Вялікабрытаніі (англ.: Conservative Party), афіцыйна — Кансерватыўная і юніянісцкая партыя (англ.: Conservative and Unionist Party), а неафіцыйна вядомая пад гістарычнай мянушкай Торы (англ.: Tory) — правацэнтрысцкая палітычная партыя ў Вялікабрытаніі, якая аб’ядноўвае прыхільнікаў кансерватызму і брытанскага юніянізму. Па стане на 2022 год з’яўляецца партыяй большасці ў Палаце Абшчын з 357 месцамі і фармуе ўрад на чале з лідарам Кансерватыўнай партыі, прэм’ер-міністрам.

Кансерватыўная партыя вядзе сваю гісторыю з канца 1670-х гадоў як парламенцкая фракцыя торы. У 1834 яна была афіцыйна арганізавана ў якасці палітычнай партыі, і ў XIX стагоддзі разам з Ліберальнай партыяй з’яўлялася адной з кіруючых у краіне. У 1912 яна аб’ядналася з Ліберальнай юніянісцкай партыяй у Кансерватыўную і юніянісцкую партыю, але засталася больш вядомай пад сваёй традыцыйнай назвай. У 1920-х гадах Ліберальная партыя стала губляць галасы выбаршчыкаў і асноўным канкурэнтам кансерватараў стала Лейбарысцкая партыя.

Прэм’ер-міністры ад Кансерватыўнай партыі ўзначальвалі ўрад 65 гадоў у XX стагоддзі; найбольш вядомымі з іх сталі Уінстан Чэрчыль (1940—1945, 1951—1955) і Маргарэт Тэтчэр (1979—1990). Падчас тэрміну Тэтчэр была праведзена шырокая эканамічная лібералізацыя, а партыя стала самай еўраскептыцычнай з трох вядучых партый. Ва ўрад партыя вярнулася па выніках выбараў 2010 года, не здолеўшы набраць большасці, пад кіраўніцтвам больш ліберальнага лідара Дэвіда Кэмерана.

У цяперашні час партыя з’яўляецца другой па велічыні ў парламентах Шатландыі і Уэльса, але не прадстаўлена ў Асамблеі Паўночнай Ірландыі.

У цяперашні час лідар партыі — прэм’ер-міністр Ліз Трас. Да яе ў XXI стагоддзі партыю ўзначальвалі прэм'ер-міністры Борыс Джонсан (2019—2022), Тэрэза Мэй (2016—2019) і Дэвід Кэмеран (2010—2016, лідар партыі з 2005). Майкл Говард (2003—2005), Іан Дункан Сміт (2001—2003) і Уільям Хейг (1997—2001) кіравалі партыяй у апазіцыі (апошняе да гэтага праўленне кансерватараў скончылася ў маі 1997 года).

Афіцыйныя колеры партыі — сіні і зялёны. У цяперашні час афіцыйны гімн у партыі адсутнічае, аднак часцей за ўсё ў гэтай якасці выконваецца песня Land of Hope and Glory («Зямля надзеі і славы»; музыка Э. Элгара, словы А. Бенсана).