Перайсці да зместу

Каронныя землі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Востраў Мэн размяшчаецца ў Ірландскім моры паміж Вялікабрытаніяй і Ірландыяй, а бейлівікі Джэрсі і Гернсі знаходзяцца ў Ла-Манше на захад ад паўвострава Катантэн (Нармандыя)

Каронныя землі, або каронныя ўладанні (англ.: Crown Dependencies) — уладанні брытанскай кароны, якія не ўваходзяць у склад Злучанага Каралеўства, але не з’яўляюцца пры гэтым заморскімі тэрыторыямі. Каронныя землі ніколі не мелі статусу калоній. У іх лік уваходзяць: бейлівікі Джэрсі і Гернсі (Нармандскія астравы), а таксама востраў Мэн у Ірландскім моры. Агульная плошча — 766 км², насельніцтва — 245 269 чал. (2011).

Кожная каронная тэрыторыя мае ўласныя нумарныя знакі (GBG — Гернсі, GBA — Олдэрні, GBJ — Джэрсі, GBM — Мэн), даменнае імя (.gg — Гернсі, .je — Джэрсі, .im — Мэн), а таксама код Alpha3 па ISO 3166-1 (GGY — Гернсі, JEY — Джэрсі, IMN — Мэн), зарэзерваваныя спачатку для Сусветнага паштовага саюза, а затым афіцыйна прызнаныя Міжнароднай арганізацыяй па стандартызацыі 29 сакавіка 2006 года.

Пошта вострава Мэн  (англ.) выпускае ўласныя паштовыя маркі, атрымліваючы істотны даход ад продажу спецыяльных выпускаў калекцыянерам.

Гернсі, Джэрсі і Мэн выпускаюць банкноты і чаканяць манету. Гэтыя банкноты звяртаюцца на тэрыторыі абодвух бейлівікаў нароўні з англійскімі фунтамі і шатландскімі банкнотамі. Яны не з’яўляюцца афіцыйным плацёжным сродкам у Вялікабрытаніі, аднак часта іх усё адно прымаюць.

Палітычны статус

[правіць | правіць зыходнік]

Ніводная з каронных земляў не ўваходзіць у склад Злучанага Каралеўства — кожная з іх з’яўляецца самастойна кіраванай тэрыторыяй. Не ўваходзяць каронныя землі і ў Еўрапейскі саюз. Усе тры каронныя землі з’яўляюцца членамі Брытанска-Ірландскага Савета. З 2005 года на чале ўрада кожнай з каронных земляў стаіць галоўны міністр. Каронныя землі не з’яўляюцца незалежнымі дзяржавамі, заканадаўчая ўлада на гэтых тэрыторыях належыць выключна брытанскаму парламенту. Брытанскі манарх у кожным з уладанняў прадстаўлены лейтэнант-губернатарам (цяпер гэта галоўным чынам цырыманіяльная пасада).

Каронныя землі разам са Злучаным Каралеўствам складаюць Брытанскія астравы. З пункту гледжання брытанскага заканадаўства пра грамадзянства іх разглядаюць як частку Злучанага Каралеўства. Аднак яны маюць права самастойна вырашаць пытанні забеспячэння жыллём і працаўладкавання (у гэтым дачыненні жыхары Вялікабрытаніі разглядаюцца тут нароўні з замежнымі грамадзянамі).

У каронных землях ёсць некалькі палітычных партый, аднак большасць кандыдатаў балатуюцца як незалежныя.

Назва Адміністрацыйны падзел Назва парламента Афіцыйная мова Сталіца Рэгіён Насельніцтва,
чал. (2011)
Плошча,
км²
1 Бейлівік Гернсі Прыходы Штаты Гернсі Англійская, французская Сент-Пітэр-Порт Праліў Ла-Манш 62 915[1] 78
2 Бейлівік Джэрсі Прыходы Штаты Джэрсі Англійская, французская Сент-Хельер Праліў Ла-Манш 97 857[2] 116
3 Востраў Мэн Раёны Тынвальд Англійская, мэнская Дуглас Ірландскае мора 84 497[3] 572
Усяго 245 269 766

Бейлівік (тэрыторыя пад юрысдыкцыяй бейліфа) Гернсі (англ.: The Bailiwick of Guernsey) уключае астравы Гернсі, Сарк, Олдэрні і Херм. Мясцовы парламент завецца Штаты Гернсі (англ.: States Guernsey ці States of Deliberation).

Некаторыя з астравоў надзелены адноснай аўтаноміяй. Востраў Сарк уяўляе сабой рэшткі феадальнага ўладання, ён кіруецца Кіраўніком (англ.: Seigneur of Sark), мае парламент (Галоўныя палаты, англ.: Chief Pleas). На востраве Олдэрні таксама ёсць парламент (Штаты) і выбарны прэзідэнт.

Бейлівік Джэрсі складаецца з вострава Джэрсі і малых незаселеных астраўкоў вакол яго.

Мясцовы парламент называецца Штаты Джэрсі (англ.: States of Jersey). Паводле Закона аб штатах 2005 года ў Джэрсі з’явілася пасада галоўнага міністра, скасаваны паўнамоцтвы бейліфа заяўляць асобую думку з нагоды пастаноў штатаў, а таксама права вета лейтэнант-губернатара (які прадстаўляе каралеву). Акрамя таго, новы закон прадугледжвае, што ніводны акт брытанскага Парламента ці каралеўскі ўказ, які тычыцца Джэрсі, не будзе ўжывацца без абмеркавання штатамі.

Парламент вострава Мэн — Тынвальд (англ.: Tynwald) прэтэндуе на званне найстарэйшага з цяпер дзеючых — першы раз ён быў скліканы ў 979 годзе (ісландскі Альтынг з’явіўся ў 930 годзе, аднак не склікаўся ў 1799—1844 гадах). Тынвальд складаецца з Палаты каманераў (англ.: The House of Keys), якая абіраецца ўсенародна, і Заканадаўчага савета (англ.: Legislative Council), які абіраецца шляхам ускоснага галасавання; палаты могуць засядаць паасобку ці сумесна. Законы, якія выдаюцца парламентам, называюцца актамі тынвальда. На востраве фарміруецца савет міністраў, які ўзначальваецца галоўным міністрам.

Зноскі

  1. Насельніцтва Гернсі (2011 год)
  2. Jersey Census 2011 Bulletin no 1(недаступная спасылка). States of Jersey (1 снежня 2011). Архівавана з першакрыніцы 18 верасня 2012. Праверана 27 чэрвеня 2014.
  3. Насельніцтва вострава Мэн (2011 год)