Касцёл Перамянення Гасподняга (Селіванаўцы)
| Касцёл | |
| Касцёл Перамянення Гасподняга | |
|---|---|
| Касцёл Перамянення Гасподняга | |
| | |
| 53°49′06″ пн. ш. 23°46′46″ у. д.HGЯO | |
| Краіна |
|
| Селіванаўцы | |
| Канфесія | Каталіцтва |
| Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
| Благачынне | Сапоцкінскі дэканат |
| Тып будынка | Цагляны |
| Архітэктурны стыль | Неакласіцызм |
| Дата заснавання | 1867 |
| Статус |
|
| Стан | дзейнічае |
Касцёл Перамянення Гасподняга — рымска-каталіцкі храм, размешчаны на цэнтральнай вуліцы в. Селіванаўцы (Гродзенскі раён). Дзейнічае. Помнік архітэктуры неакласіцызму.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Філіяльны касцёл у Селіванаўцах існаваў ужо ў 1775 г. Цэнтр парафіі знаходзіўся ў Гожы. У 1795 г. была вылучана Селіванаўская парафія. Праз некалькі год драўляны касцёл у Селіванаўцах згарэў. Новая мураваная святыня была ўзведзена ў 1840 г. з бутавага каменю і цэглы., калі пробашчам парафіі быў кс. Адальбэрт Сабалеўскі. У правым алтары знаходзіцца эпітафія Ядвігі Тукала з Сабалеўскіх (1871—1908), фундатаркі касцёла, а таксама бюст памерлай з белага мармуру. Будаўніцтва святыні было закончана ў 1867 годзе. У 1901 г. у касцёле ў Селіванаўцах цэлебраваў прыміцыйную св. Імшу кс. Рамуальд Ялбжыкоўскі, які пазней стаў віленскім арцыбіскупам.
У савецкія часы святыня не была закрыта, але на працягу доўгага часу не было тут ксяндза. Вернікі абаранялі яе перад закрыццём, ажыццяўлялі набажэнствы, кладучы арнат на алтары. У парафію даязджалі ксяндзы з Адамавічаў. У 1990-ыя гады ў парафіі працаваў кс. Юзаф Маеўскі з Ломжы.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Прамавугольны ў плане храм накрыты двухсхільным дахам, над алтарнай часткай — вальмавым. Франтон паўночнага галоўнага фасада ўсечаны, над ім — драўляная званіца з чатырохсхільным шатром. Фасады рытмічна расчлянёны нішамі і арачнымі аконнымі праёмамі, дэкары-раваны вуглавым рустам, завершаны трохвугольнымі франтонамі. Гладка атынкаваныя белыя дэталі дэкору кантрастуюць з паліхромнай, фактурна насычанай бутавай муроўкай. Галоўны фасад упрыгожаны дзвюма прызначанымі пад скульптуру паўцыркульнымі нішамі і круглымі люкарнамі над імі.
Пасярэдзіне касцёла плоская столь абапіраецца на 4 слупы, якія дзеляць малітоўную залу на 3 нефы, перакрытыя плоскай столлю. Трохарачныя хоры агароджаны драўлянай балюстрадай.
Інтэр’ер
[правіць | правіць зыходнік]У касцёле ў Селіванаўцах ёсць тры алтары: галоўны і два бакавыя. Драўляныя алтары ўпрыгожаны разьбою. У галоўным алтары размешчаны намаляваны ў 2010 г. абраз Перамянення Пана. Выканаў яго сп. Валерый Этэль з Гродна. У другім ярусе знаходзіцца абраз Чанстахоўскай Божай Маці. У правым бакавым алтары ёсць абраз св. Войцеха. Вышэй знаходзіцца абраз Святой Тройцы. У левым алтары ёсць абраз Божай Маці Апекі, вышэй — абраз св. Марыі Магдалены пад крыжам. У бакавых алтарах размешчаны фігуры з гіпсу: у правым алтары — св. Антонія Падуанскага, у левым — св. Францішка Асізскага. Тут жа ля бакавых алтароў стаяць статуі ў натуральную велічыню — гэта справа фігура Найсвяцейшага Сэрца Езуса, злева — фігура Беззаганнага Сэрца Божай Маці.
Маюцца арганы, зробленыя ксяндзом Сымонам Варкала паміж 1909 і 1915 гг. Ёсць таксама прыгожыя стацыі Крыжовага шляху, барэльефы, гіпсавыя маляваныя адліўкі. У касцёле ёсць хрысцільня і знак з медзі, які ўвекавечыў юбілей 1900 г. На прыкасцёльнай тэрыторыі ў 1936 г. членамі касцёльнага хору пад кіраўніцтвам сп. Ханько быў пабудаваны грот з каменняў. Ксёндз Срэдніцкі прывёз да яго фігуру Божай Маці з Лурду.
Могілкі
[правіць | правіць зыходнік]
Могілкі знаходзяцца недалёка ад касцёла, на невялікім узгорку, прыкрытыя дрэвамі і крыжамі, у меру ўпарадкаваныя і агароджаныя акуратным каменным мурам. Ёсць жалезная брама, простай кавальскай работы, хіба, перанесеная, так як і мур падчас пашырэння могілак. Адзіная алея дзеліць могілкі на дзве часткі. Магіла нямецкіх салдат з Першай сусветнай вайны, зробленая з каменняў, знаходзіцца ў правым боку ад уваходу. Недалёка ёсць агульная магіла салдат 101 палка ўланаў Польскага войска, загінуўшых 22 верасня 1939 г. у баі пад Кадзеўцамі. Уздоўж алеі размешчаны магілы ксяндзоў. Тут, пад высокімі помнікамі з граніту пахаваны ксяндзы: Сымон Грынкевіч (1868—1898), Казімір Срэдніцкі (1890—1933) і Уладзіслаў Крэсоўскі (1907—1962).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Касцёл Перамянення Гасподняга (Селіванаўцы) на сайце Radzima.org
- Касцёл Перамянення Пана ў Селіванаўцах — slowo.grodnensis.by
