Перайсці да зместу

Селіванаўцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Селіванаўцы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 69 чал. (2019)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 152
Паштовыя індэксы
231737
Аўтамабільны код
4
СААТА
4220863128
Селіванаўцы (Беларусь)
Селіванаўцы
Селіванаўцы
Селіванаўцы (Гродзенская вобласць)
Селіванаўцы
Селіванаўцы

Селіва́наўцы[1] (трансліт.: Sielivanaŭcy, руск.: Селивановцы) — вёска ў Гродзенскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Сапоцкінскага сельсавета.

Актыўнае засяленне гэтых мясцін пачалося ў канцы XV стагоддзя. У той час згадваецца мясцовасць Монькавае — цяперашняя вёска Монькаўцы, а побач з ёй паўстаў фальварак Гожка. Тут адпраўлялі рэлігійныя патрэбы і хавалі людзей, якія жылі ў той частцы парафіі ў Гожы, што знаходзілася на левым беразе Нёмана. Бо перабрацца праз Нёман да парафіяльнага касцёла было часам — асабліва вясной і восенню — вельмі няпроста.

У 1771 годзе ўладальнік маёнтка Белыя Балоты Ян Марос ахвяраваў 6000 тынфаў касцёлу езуітаў. Калі ж праз паўтары гады ордэн езуітаў быў скасаваны, Марос вырашыў на гэтыя грошы заснаваць каталіцкі касцёл ва ўласнай вёсцы Селіванаўцы. 31 сакавіка 1775 года, атрымаўшы дазвол ад віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага, ён пабудаваў святыню «са старога дрэва». Згодна з фундушам 1775 года, мясцоваму касцёлу надавалася тры валокі зямлі, а Гожская парафія атрымлівала, дадаткова да фундацыі 1494 года, яшчэ 6000 тынфаў на ўтрыманне новага прыхода. Першапачаткова ён з’яўляўся філіяй старажытнага касцёла ў Гожы, што размяшчаўся на другім баку Нёмана. Але фундатары Маросы не заўсёды заставаліся задаволенымі тымі вікарнымі ксяндзамі, якіх зацвярджаў гожскі пробашч, і хацелі вызначаць святароў згодна сваёй волі. У той жа час ксёндз з Гожы не жадаў пазбаўляцца права карыстацца сродкамі з фундуша Маросаў, таму справа ішла марудна. У 1792 годзе, разам са сваімі суседзямі-землеўладальнікамі, Маросы падалі прашэнне на імя біскупа Масальскага з прапановай утварыць асобную незалежную парафію ў Селіванаўцах. Утрыманне парафіяльны пробашч павінен быў мець або грашыма, за кошт працэнтаў са сродкаў, укладзеных Маросамі, або за кошт дзесяціны, якую мясцовыя паны павінны былі выплочваць Гожскай парафіі. Згода біскупа была атрымана, і фактычна ў 1793 годзе касцёл у Селіванаўцах стаў парафіяльным. Але афіцыйна падпісаць дакумент не паспелі, бо пачалося паўстанне, а біскуп Масальскі, удзельнік Таргавіцкай канфедэрацыі, быў у 1794 годзе павешаны патрыётамі ў Варшаве за здраду.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай новая мяжа Прусіі і Расіі падзяліла парафію ў Гожы. Частка на правым беразе Нёмана ад гэтага моманту складала парафію Гожа ў Расійскай Імперыі, а на левым — аказалася пад уладай прусаў.

Яе цэнтрам акурат і стала Гожка. Парафія была зацверджана прускімі ўладамі ў 1798 годзе. Калятарам прызначылі Яна Мароса. Калятары апекаваліся парафіяй, дапамагалі вырашаць яе матэрыяльныя праблемы, але за гэта мелі вялікі ўплыў на мясцовых пробашчаў. Марос надалей вельмі хацеў перанесці цэнтр парафіі ў Селіванаўцы, дзе выдзеліў зямлю пад новыя могілкі, таму на наступныя некалькі дзесяцігоддзяў парафія атрымала назву Гожска-Селіванаўскай.

Першы касцёл у Селіванаўцах праіснаваў нядоўга. Набажэнствы адбываліся там толькі да 1795 года. Дакладна невядома, што стала прычынай знікнення храма. Рэлігійнае жыццё новага прыхода зноў вярнулася ў капліцу на тэрыторыі фальварка Гожка. Была гэта даволі вялікая пабудова і ў часы панавання Прусіі на сродкі сям’і Маросаў тут праводзіліся рамонтныя працы.

Крытая саломай драўляная капліца была добраўпарадкаванай і выглядала, згодна тагачасным інвентарам, даволі салідна. Званіцы каля капліцы не было, і званы часова размяшчаліся на соснах, што раслі недалёка на старых могілках. Побач знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку бровар і новы будынак плябаніі. У старой плябаніі была школа на 30 вучняў. Парафіі належала таксама карчма каля вёскі Плябанскія. У касцёльнай уласнасці знаходзіліся вёскі Плябанскія і Лінкі, агульнай колькасцю 12 гаспадароў, якія павінны былі выконваць 1 250 дзён коннай ды пешай паншчыны. Касцёл Перамянення Гасподняга ў Селіванаўцах быў дабудаваны з бутавага каменю і цэглы ўнукам Я. Мароса Войцехам Сабалеўскім у 1840-ых гадах.

Пасля паўстання 1863—1864 гадоў і ліквідацыі Уніі ў 1875 годзе становішча парафіі было складаным, але ажно да 1905 года яна працягвала заставацца галоўным цэнтрам каталіцтва ў краі. У яе склад уваходзілі вёскі Монькаўцы, Навасады, Белічаны, Селіванаўцы, Плябанскія, Плоскаўцы, Лінкі, Войтаўцы, Кодзеўцы, Яцвязь, Баля Каўнацкая.

У 1909—1915 гадах кс. Варкала пабудаваў новую драўляную плябанію, пабяліў касцёл, набыў арган і абгарадзіў могілкі. Перад самай ІІ Сусветнай вайной намаганнямі кс. Казіміра Срэдніцкага была пабудавана мураваная плябанія.

З 1939 года ў БССР. У 1940—1959 гадах цэнтр Сільванавецкага сельсавета[2]. Да 2002 года вёска ўваходзіла ў склад Лойкаўскага сельсавета[3]. Пры савецкай уладзе ў плябаніі месцілася пачатковая школа.

Апошнім сталым пробашчам тут быў кс. Уладзіслаў Красоўскі (1956–1962) з парафіі Галынка, які прыехаў сюды пасля сібірскай ссылкі. Пасля яго смерці касцёл дзейнічаў без ксяндза. Нармальнае парафіяльнае жыццё тут наладзілася ў 1990 годзе.

Год Колькасць
1999 102
2009 72
2019 69
  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  2. Рашэнне выканкома Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 1 верасня 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 13.
  3. Решение Гродненского областного Совета депутатов от 20 сентября 2002 г. № 100 О решении вопросов административно-территориального устройства Гродненского района