Касцёл Святога Антонія Падуанскага і кляштар францысканцаў (Мінск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Касцёл
Касцёл Святога Антонія Падуанскага і кляштар францысканцаў
Кляштар францысканцаў пасля перабудовы пад гарадскую ўправу
Кляштар францысканцаў пасля перабудовы пад гарадскую ўправу
Краіна Беларусь
Горад Мінск
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Віцебская дыяцэзія

Францысканскі кляштар у Мінску — колішні кляштар францысканцаў, які існаваў у Мінску ў 16801832 г.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Заснаваны ў кастрычніку 1680 г., калі менскі падкаморы Тэадор Караль Горскі ахвяраваў францысканцам для будаўніцтва касцёла і кляштара пляц на рагу вул. Лошыцкай і Юр'еўскай. Вуліцу Лошыцкую, да якой выходзіў фасад кляштарнага касцёла, пазней пачалі зваць Францысканскай (цяпер вул. Леніна). Паводле плану 1796 г. францысканскі кляштар размяшчаўся на рагу Францысканскый і Юр'еўскай вуліц, плошча пляца складала 1 морг, 7 прутоў і 73 прэнцікі, пляц быў абнесены драўляным плотам з двумя брамамі. Кляштарны касцёл св. Антонія фасадам выходіў да вул. Францысканскай. Касцёл быў драўляны, крыжападобны паводле плану, двухвежавы і крыты гонтам. Паміж касцёлам і Юр'еўскай вуліцай размяшчаліся старыя драўляныя касцёльныя будынкі. Паблізу галоўнай брамы быў вялікі драўляны дом, крыты гонтам, за ім — станя і вінакурня. Кляштар меў вялікі гарод, пладовы і дэкаратыўны сад.

У 1798 г. францысканцаў перавялі ў будынкі колішняга кармеліцкага кляштара ў Мінску (у 1832 г. францысканскі кляштар закрылі), а будынкі на Францысканскай вуліцы перадалі Мінскай каталіцкай семінарыі. Ёсць звесткі, што ў 1801 г. на месцы драўлянага касцёла Св. Антонія быў закладзены каменны, але яго не дабудавалі. У складзе комплексу семінарыі былі як старыя будынкі францысканскага кляштара, так і новыя гаспадарчыя і жылыя будынкі. Тэрыторыя семінарыі была агароджаная мурам з некалькімі брамамі. У 1843 г. семінарыя была пераведзеная ў будынкі колішняга дамініканскага кляштара ў Мінску, а ў семінарскіх будынках размясцілі каталіцкую кансісторыю.

У 2-й пал. 19 ст. каменныя будынкі гэта комплексу (францысканскі кляштар — семінарыя — кансісторыя) перабудавалі пад Мінскую гарадскую ўправу (рог вул. Губернатарскай і Юр'еўскай, 7/1).

Комплекс быў пашкоджаны ў час 2-й сусветнай вайны і ў кан. 1940-х г. разбураны падчас рэканструкцыі вул. Леніна.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл[правіць | правіць зыходнік]

Стары драўляны касцёл, арыентаваны галоўным фасадам на Францысканскую вуліцу, уяўляў сабой крыжападобны ў плане двухвежавы храм. У паўночна-заходняй вежы знаходзілася 3 званы.

Інтэр'ер касцёла ўпрыгожвалі 4 драўляныя алтары. У галоўным алтары, які аздаблялі 12 металічных ліхтароў, знаходзіўся абраз Св. Антонія. Астатнія алтары мелі абразы Свв. Францішка, Яна і Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Падлога ў касцёле была цагляная.

Кляштар[правіць | правіць зыходнік]

Паводле візыты 1796 года паміж тады яшчэ драўляным касцёлам і вуліцай Юраўскай стаяў стары драўляны кляштарны корпус.

Новы мураваны Г-падобны ў плане двухпавярховы кляштарны будынак меў калідорнае планаванне і быў накрыты двухсхільным дахам, які аддзяляўся ад сцяны магутным прафіляваным карнізам. У паўднёва-заходняй частцы тарэц даху закрываў трохвугольны франтон, які аздаблялі скульптуры двух анёлаў і рэльефная выява сонца з праменямі ў тымпане. Рытм фасадаў стваралі прамавугольныя аконныя праёмы бязь ліштваў. Будынак кляштару быў накрыты дахоўкай.[1]

На тэрыторыі кляштарнага комплексу знаходзіўся гарод, а таксама фруктовы дэкаратыўны сад.[2]

Зноскі

  1. У. М. Дзянісаў. Кляштар францысканцаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 328
  2. Уладзімір Дзянісаў. Мінскі кляштар францысканцаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 295

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Дзянісаў У. М. Кляштар францысканцаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 328;
  • Дзянісаў У. М. Менскі кляштар францысканцаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. ISBN 985-11-0378-0 С. 295;
  • Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007— 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]