Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (Масты Правыя)
Славутасць | |
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля | |
---|---|
![]() | |
53°25′49″ пн. ш. 24°38′06″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Месцазнаходжанне | |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Стан | дзейнічае |
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля — рымска-каталіцкі храм, знаходзіцца ў цэнтры вёскі Правыя Масты (Мастоўскі раён Гродзенскай вобл.).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Касцёл тут быў заснаваны каралевай Бонай Сфорцай у 1539 годзе. У сярэдзіне XVI ст. пры ім была адчынена парафіяльная школа. Драўляны касцёл, адноўлены на ахвяраванні караля Рэчы Паспалітай Аўгуста III, у 1710 (або ў 1740) быў рэканструяваны. Апошняя рэстаўрацыя старажытнага драўлянага касцёла адбылася ў 1923 годзе.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/c/cf/Masty_Pravyja._%D0%9C%D0%B0%D1%81%D1%82%D1%8B_%D0%9F%D1%80%D0%B0%D0%B2%D1%8B%D1%8F_%281901-39%29_%282%29.jpg/220px-Masty_Pravyja._%D0%9C%D0%B0%D1%81%D1%82%D1%8B_%D0%9F%D1%80%D0%B0%D0%B2%D1%8B%D1%8F_%281901-39%29_%282%29.jpg)
У ХIХ ст. у якасці філіяльнага касцёла да Мастоўскай парафіі належаў касцёл у Мікелеўшчыне. Тады агульная колькасць парафіян складала больш за 2600 чалавек. Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян складала прыкладна 2400 чалавек.
Новы касцёл з чырвонай вонкавай цэглы з рысамі неабарочнага стылю пачалі будаваць паводле праекта архітэктара Бабкова на месцы старога драўлянага касцёла, які згарэў у 1980-я гады. Вуглавы камень быў урачыста асвечаны 26 мая 1990 года арцыбіскупам Франчэска Коласуона. Будаўніцтва скончылася ў 1992, а ў 1993 годзе храм быў асвечаны пад тытулам св. Яна Хрысціцеля.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Гэта аднавежавая трохнававая велічная базіліка. Галоўны фасад завершаны двух’яруснай (васьмярык на чацверыку) вежай пад высокім шатровым купалам (новы шацёр быў усталяваны ў лістападзе 2004), але функцыю званіцы выконвае не яна, а металічная канструкцыя, усталяваная побач з касцёлам.
Малітоўную залу, падзеленую трыма парамі круглых калон на тры навы (цэнтральная вышэйшая за бакавыя) і перакрытую плоскім бетонным перакрыццем, упрыгожваюць галоўны алтар (тытульны алтар св. Яна Хрысціцеля) і бакавыя алтарныя кампазіцыі. У 2008 пабудаваны новы галоўны алтар на ўзор алтара са старога касцёла. Далей працягваюцца працы па аднаўленні бакавых алтароў: стыгматаў св. Францішка і Маці Божай Міласэрнасці.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/8/85/%D0%9C%D0%B0%D1%81%D1%82%D1%8B_%D0%9F%D1%80%D0%B0%D0%B2%D1%8B%D1%8F._%D0%9A%D0%B0%D0%BF%D0%BB%D1%96%D1%86%D0%B0.jpg/220px-%D0%9C%D0%B0%D1%81%D1%82%D1%8B_%D0%9F%D1%80%D0%B0%D0%B2%D1%8B%D1%8F._%D0%9A%D0%B0%D0%BF%D0%BB%D1%96%D1%86%D0%B0.jpg)
На старых парафіяльных могілках захавалася капліца, пабудаваная ў стылі класіцызму ў сярэдзіне ХIХ ст. Апошні раз ёй карысталіся ў 1980-я гады, калі згарэў старажытны касцёл. Капліца ўяўляе з сябе адносна невялікі цагляны і атынкаваны прамавугольны ў плане аб’ём з паўкруглай алтарнай часткай. Галоўны фасад дэкараваны пілястрамі і завершаны чацверыковай драўлянай вежачкай. Інтэр’ер перакрыты плоскай падшыўной столлю, алтар капліцы вырашаны дзвюхкалоннай структурай вакол нішы для абраза. Побач з капліцай знаходзяцца надмагіллі роду Лавіцкіх.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.