Касцёл Маці Божай Тройчы Цудоўнай (Масты)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Касцёл Маці Божай Тройчы Цудоўнай
53°25′07″ пн. ш. 24°32′25″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія Каталіцкая Царква
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Архітэктурны стыль неаготыка
Архітэктар Аляксандр Адамавіч Штэн і Ігар Міхайлавіч Казлоўскі
Map

Касцёл Маці Божай Тройчы Цудоўнай — рымска-каталіцкі храм у горадзе Масты Гродзенскай вобласці.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Да 1940-х гадоў паселішча мела назву Зэльвяны, а мясцовыя католікі хадзілі на набажэнствы ў касцёл Св. Яна Хрысціцеля ў суседніх Мастах (цяпер — Масты Правыя). У пасляваенны час абедзве гэтыя святыні былі знішчаны, а вёска Зэльвяны і чыгуначная станцыя Масты сталі шматтысячным горадам Масты, цэнтрам аднаго з раёнаў Гродзенскай вобласці. У 1992 годе ў Мастах была заснавана парафія, дзе з 21 верасня таго ж года ў часовай капліцы пачала адпраўляцца служба.

Будаўніцтва новага касцёла з чырвонай вонкавай цэглы ў неагатычным стылі пачалося 2 красавіка 1993 (гродзенскія архітэктары Аляксандр Штэн і Ігар Казлоўскі[1]). 28 мая 1993 года, на свята Унебаўшэсця Пана, гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч і архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяцілі вуглавы камень.

Будаўніцтва святыні скончылася ў 2000 годзе. А 22 ліпеня таго ж года новы касцёл пад тытулам Маці Божай Тройчы Цудоўнай быў урачыста кансэкраваны тагачасным Апостальскім нунцыем у Беларусі Дамінікам Грушоўскім, гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам і пінскім біскупам Казімірам Велікасельцам.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл прамавугольны ў плане з пяціграннай апсідай, фланкаванай дзвюма невялікімі сакрысціямі. Галоўны фасад святыні пазначаны стромкай пяціграннай вежай-званіцай, фланкаванай падобнымі да яе спічастымі пінаклямі. Аб’ём апсіды аддзелены ад малітоўнай залы шчытом, завершаным стромкай сігнатуркай. Галоўны аб’ём накрыты двухсхільным бляшаным дахам, а трошкі ніжэйшая апсіда — вальмавым.

Залавы інтэр’ер, перакрыты рабрыстымі бетоннымі плітамі, апсіда — плоскім маналітным перакрыццем. У галоўным алтары змешчаны тытульны абраз Маці Божай Тройчы Цудоўнай — копія абраза італьянскага мастака Л. Красіа 1893 года. Левы бакавы алтар прысвечаны Св. Юзафу, правы — Божай Міласэрнасці. Над нартэксам зроблены арганныя хоры.

Касцёльны ўчастак абнесены карункавай металічнай агароджай. Уваход пазначаны курданёрнай пляцоўкай з дзвюма брамамі і бронзавай фігурай Пана Езуса, нясучага крыж (копія фігуры, змешчанай перад уваходам у гродзенскую кафедру), на пастаменце паміж імі. Справа ад касцёла, за агароджай, захаваўся драўляны будынак часовай капліцы.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]