Касцёл Святога Яна Хрысціцеля (Воўпа)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Каталіцкі храм
Касцёл Яна Хрысціцеля
Воўпа. Касцёл.jpg
53°22′13″ пн. ш. 24°21′25″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Воўпа
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Архітэктурны стыль беларускае народнае дойлідства з элементамі барока
Заснавальнік Ян Непамук Касакоўскі
Дата пабудовы 1773 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000093шыфр 412Г000093

Касцёл Яна Хрысціцеля — каталіцкі храм у в. Воўпа (Ваўкавыскі раён). Размешчаны на паўночнай ускраіне вёскі, каля могілак. Помнік драўлянага дойлідства з элементамі позняга барока.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Каталіцкая парафія ў Воўпе створана ў 1474 годзе. Уладальнік маёнтка віленскі ваявода Алехна Судзімонтавіч разам са сваёй жонкай Ядвігай заснаваў тут касцёл у 1477 годзе. У наступным годзе першы драўляны касцёл быў кансэкраваны віленскім біскупам Янам Ласовічам пад падвойным тытулам Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Св. Яна Хрысціцеля. Новы касцёл на гэтым месцы быў пабудаваны ў 1618 годзе па фундацыі віленскага біскупа Яўстаха Валовіча. Інтэр’ер касцёла быў упрыгожаны роспісам. Галоўны алтар з абразом Найсвяцейшай Тройцы створаны на сродкі тагачаснага пробашча кс. Францішка Галішэўскага. Акрамя галоўнага алтара, святыню ўпрыгожвалі яшчэ тры алтары: Св. Францішка (фундатар Анджэй Альшэўскі), Найсвяцейшай Дзевы Марыі (фундатар Станіслаў Румбовіч), Святога Крыжа (створаны на сродкі кс. Мікалая Дыцюша, віленскага каноніка і ваўпянскага пробашча), а таксама алтарная кампазіцыя з фігурай Маці Божай (ахвяра Багданы Пшэслаўскай).

Яшчэ ў 1511 годзе князь Аляксандр Юр’евіч Гальшанскі і яго жонка Сафія заснавалі пры касцёле капліцу пад тытулам Св. Ганны, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Свв. Сафіі, Паўла і Аляксандра. У першай палове XVII ст. драўляная капліца далучалася да асноўнага аб’ёму касцёла, асвятлялася чатырма вокнамі, унутры было два алтары: галоўны — Зняцця з крыжа, бакавы — Пахавання ў грабніцы.

У 1630-х гадах касцёл згарэў. Святыню адбудавалі з дрэва каля 1640. Фундатарамі пабудовы сталі князь Казімір Леў Сапега, тагачасны маршалак, і яго жонка Тэадора Крысціна. У 1679 годзе касцёл быў кансэкраваны віленскім біскупам-суфраганам Мікалаем Слупскім. Гэта была крыжападобна ў плане святыня з высокай вежай-званіцай над уваходам. Мелася шэсць разьбяных алтароў, пафарбаваных у чорны колер з пазалочанымі элементамі: галоўны — з абразом Укрыжавання, два меншыя ў прэсбітэрыі — Св. Стэфана і Анёлаў-ахоўнікаў (абодва алтары фундаваў кс. Стэфан Бабкоўскі ў 1654 г.), брацкі алтар у капліцы Маці Божай Ружанцовай і яшчэ два ў капліцы Св. Ганны (фундацыі Казіміра і Тэадоры Сапегаў). У другім ярусе — абразы Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі і Св. Мацея. У 1745 годзе брацтва салдат усталявала ў Ружанцовай капліцы свой двух’ярусны алтар Святой Сям’і (да 1752 алтар быў перайменаваны ў гонар Св. Юзафа) з абразом Св. Антонія з Дзіцяткам наверсе. Над табернакулюмам галоўнага алтара быў усталяваны абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, адзначаны 121 вотумам (па дадзеным з 1700 года). Пад прэсбітэрыем знаходзіўся вялікі склеп сям’і Кошчыцаў, два невялікія склепы былі пад Ружанцовай капліцай і яшчэ адзін, дзе быў пахаваны Ян Князевіч, — пад капліцай Св. Ганны. Цяпер усе скляпы засыпаныя. Побач з касцёлам стаяла драўляная званіца з пяццю званамі.

Галоўны алтар Касцёла Яна Хрысціцеля, XVII ст. Перабудаваны ў XVIII-XX стст. Выяўлены экспедыцыяй Дзяржаўнага мастацкага музея БССР у 1973 годзе.

Гэты касцёл прастаяў амаль паўтара стагоддзя. Ён быў прызнаны струхнелым, і ў 1773 годзе на сродкі тагачаснага ваўпянскага пробашча кс. Юзафа Казіміра Касакоўскага (таксама зафундаваў новую плябанію і новыя будынкі парафіяльнага шпіталя) пабудаваны касцёл, які дзейнічае і сёння. 10 сакавіка 1776 года біскуп Юзаф Касакоўскі кансэкраваў святыню пад гістарычным тытулам Св. Яна Хрысціцеля. Сюды з папярэдняга касцёла перанеслі старажытныя алтары, амбон (у 1890 годзе створаны новы), лаўкі і іншае аздабленне. Перад касцёлам усталявалі слуп з драўлянай фігурай Св. Яна Непамука.

З пачатку XVII ст. пры ваўпянскай парафіі дзейнічаў шпіталь з драўлянай капліцай Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Шпітальная капліца мела сакрысцію і вежачку-сігнатурку; у алтары быў змешчаны абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Аднак да пачатку XVIII ст. капліцу разабралі, а набажэнства перанеслі ў касцёл.

Касцёл у Воўпе дзейнічаў увесь час. Мае статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны фасад

Падоўжаны аднанефны аб’ём з трансептам у сярэдняй частцы, утвораны дзвюма пяціграннымі больш нізкімі бакавымі прыбудовамі-капліцамі. У канцы алтарнай часткі нефа (з паўночнага захаду) вылучаныя перагародкамі тры сакрысціі. Галоўны фасад трохчасткавы: цэнтральная частка ў выглядзе неглыбокага рызаліту завершаная атыкам і трохвугольным франтонам, бакавыя ўтвораныя дзвюма двух’яруснымі вежамі з нізкімі шатровымі дахамі і фігурнымі шпілямі над імі. Неф накрыты ламаным гонтавым дахам з вежачкай над алтарнай апсідай, бакавыя прыбудовы — вальмавымі. Сцены ашаляваныя гарызантальна, расчлянёныя высокімі прамавугольнымі і лучковымі аконнымі праёмамі, умацаваныя вертыкальнымі брусамі-лапаткамі.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны алтар

У інтэр'еры неф — вялікае прамавугольнае ў плане памяшканне з падшыўной бэлечнай плоскай столлю, аформленай філёнгамі ў выглядзе несапраўдных кесонаў. З ім арачнымі праёмамі злучаныя бакавыя прыбудовы.

Прастору нефа замыкае драўляны разьбяны галоўны алтар — помнік манументальна-дэкаратыўнага мастацтва 1-й паловы XVII ст., які спалучай рысы маньерызму і ранняга барока (майстар невядомы). Устаноўлены на масіўным высокім цокалі, алтар мае характэрную для XVII ст. структуру трохвосевай аркі з двух’яруснай цэнтральнай часткай. Алтар аднаўляўся ў 1773, 1899, 1998 гады. Новы пасаборавы алтар усталяваны ў 2000 годзе.

Ніжні ярус падзелены па вертыкалі чатырма калонамі карынфскага ордара на тры часткі: у цэнтры — абраз «Укрыжаванне». у бакавых — скульптуры Святых Казіміра і Яна Хрысціцеля (вышыня больш за 2 м). Вонкавыя калоны яруса пазалочаныя, унутраныя ўпрыгожаныя разьбой у выглядзе стылізаванай вінаграднай лазы.

У тымпане франтону першага ярусу рэльефная выява Саваофа на дэкаратыўна-арнаментальным воблаку. Абрамляюць франтон постаці двух анёлаў, што нібыта зляцелі сюды з парталаў італьянскіх храмаў эпохі Адраджэння.

У верхнім ярусе знаходзіцца абраз залочанымі калонамі карынфскага ордара, і драўляныя, таніраваныя пад золата паўтараметровыя скульптурные выявы Святых Лізаветы і Кацярыны[1] або апосталаў Пятра і Паўла. Увянчаны алтар арнаментальна-дэкаратыўным фрызам.

Алтар багата дэкарыраваны накладной і скразной разьбой у выглядзе арабескавых паясоў, ракавін, картушаў, галовак херувімаў. Кантраст паміж чорным колерам паверхні алтарных плоскасцей і пазалотай разьбы і скульптуры характэрны для ранняга барока.

На цокалі воўпенскага алтара захаваўся герб, які, відаць, належаў фундатару храма. Гэта дазваляе ўдакладніць час стварэння алтара. Герб на алтары — падканцлера Казіміра Льва Сапегі (1609—1656), сына вядомага дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі. У цэнтры картуша — асноўны матыў герба Сапегаў: страла з дзвюма рысачкамі. Левая палова герба сведчыць пра паходжанне бацькі фундатара касцёла: лілеі належаць Івану Сапегу, а меч, акаймаваны чатырма паўмесяцамі, — з герба князёў Друцкіх-Сакалінскіх (княгіня Друцкая-Сакалінская была маці Льва Сапегі). Правая палова герба гаворыць аб паходжанні маці фундатара, Лізаветы Радзівіл: уверсе — арол з герба яе бацькі, гетмана Радзівіла, унізе — герб яго жонкі, Лізаветы Тэнчынскай[2].

Аналагі пластычных форм воўпенскага алтара і яго дэкору сустракаюцца ў касцёлах Баварыі (Ландсгут, Полінг), а таксама ў храмах Малой Польшчы (алтар Св. Станіслава ў марыяцкім касцёле г. Кракава)[2].

Бакавы алтар

Бакавыя алтары — двух’ярусныя. Злева — алтар Маці Божай Ружанцовай, створаны каля 1640 года па фундацыі Станіслава Кошчыца. У цэнтры, паміж падвойных гладкіх карынфскіх калон, знаходзіцца абраз Маці Божай Ружанцовай, у разьбяных і пазалочаных маньерыстычных «вушах» — разьбяныя скульптуры Свв. біскупаў Мікалая і Станіслава як увасабленне ўсходняй і заходняй Цэркваў. У другім ярусе ў раме авальнай формы змешчаны абраз Унебаўзяцця Дзевы Марыі (або Маці Божай Анёльскай), намаляваны каля 1775 г. Завяршаюць кампазіцыю паліхромныя фігуры Свв. Кацярыны Александрыйскай, Міхала Арханёла і Юдыты. На менсе намаляваны выявы Веры, Надзеі і Любові.

Справа — алтар Маці Божай Вастрабрамскай (раней тут быў абраз Святой Сям’і з XVIII ст., цяпер ён змешчаны на алтарнай сцяне, справа ад галоўнага алтара) з тытульным абразом пачатку XX ст. У другім ярусе — абраз Св. Антонія з XVIII ст. Кампазіцыю завяршае фігура Св. Міхала Арханёла з мячом у акружэнні разьбяных картушаў з манаграмамі IHS i MARYA. Злева яшчэ захавалася фігурка анёла.

Хоры з арганм

У паўднёва-ўсходняй частцы нефа над уваходам хоры з простай шчытавой агароджай. Неабарочны арганна 9 галасоў, створаны майстэрняй Вацлава Бернацкага, усталяваны ў 1903 годзе.

Вежа-званіца[правіць | правіць зыходнік]

Званіца

Касцёльная тэрыторыя абнесена невысокай бутавай агароджай, галоўны ўваход пазначаны брамай у выглядзе чатырох грувасткіх цагляных атынкаваных слупоў. Справа ад касцёла ў 1858 годзе была асобна пабудавана двух’ярусная вежа-званіца. Сюды былі перанесены званы са старой званіцы (пералітыя з папярэдніх у 1837 годзе), а ў 1930 годзе парафіяне набылі новы звон «Ян Хрысціцель».

Зноскі

  1. Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.
  2. 2,0 2,1 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / Склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]