Перайсці да зместу

Кацярына Тэнчынская

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Кацярына Тэньчынская)
Кацярына
Прыжыццёвы партрэт Кацярыны, княгіні Слуцкай. 1580-я. Нацыянальны музей у Варшаве
Прыжыццёвы партрэт Кацярыны, княгіні Слуцкай. 1580-я. Нацыянальны музей у Варшаве
Герб «Тапор»
Герб «Тапор»
Княгіня слуцкая

Нараджэнне 1544
Смерць 19 сакавіка 1592(1592-03-19)
Род Тэнчынскія[d]
Бацька Станіслаў Тэнчынскі[d]
Маці Ганна з Богуш-Багавіцінавічаў[d]
Муж Юрый Юр’евіч Слуцкі[d] і Крыштаф Радзівіл Пярун[1]
Дзеці Юрый Юр’евіч Слуцкі, Ян Сямён Алелькавіч, Аляксандр Алелькавіч, Альжбета з Радзівілаў і Крыштаф Радзівіл
Веравызнанне каталіцызм
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Кацярына Тэнчынская[2], Кацярына з Тэнчына гербу «Тапор» (каля 1544 — 16 сакавіка 1592, Мір, Карэліцкі раён[3]) — слуцкая княгіня, жонка Юрыя Юр’евіча Алелькавіча і Крыштафа Радзівіла.

Кацярына нарадзілася ў 1544 годзе ў сям’і пазнейшага ваяводы кракаўскага Станіслава Тэнчынскага  (польск.)[4] і Ганны — дачкі Богуша Багавіцінавіча. належала да даўняга польскага графскага роду Тэнчынскіх  (руск.)[5]. Яе братам быў Ян Баптыста Тэнчынскі, ваявода бельскі, староста люблінскі[6]. Род графаў Тэнчынскіх адносіўся да ліку самых уплывовых і багатых фамілій Польскага каралеўства[2].

У 14-гадовым узросце маладую дзяўчыну аддалі замуж за слуцкага князя Юрыя Алелькавіча. Гэта адбылося ў маі 1558 года пасля велікодных свят[2]. Нявеста атрымала добрую адукацыю, пра што сведчаць яе лісты, і вызначалася розумам і сціпласцю[2]. Юрый быў праваслаўным, а Кацярына, хоць і належала да каталіцкай веры, добра ведала праваслаўнае багаслужэнне, бо яе маці таксама была праваслаўнай[2]. Амаль да канца свайго жыцця Кацярына не проста наведвала праваслаўныя багаслужэнні, але і была актыўнай апякункай праваслаўных цэркваў ва ўладаннях мужа[2].

Шлюб акрамя вялікага пасагу даў князям Слуцкім палітычную падтрымку роду Тэнчынскіх. Пасаг у 20 тысяч польскіх злотых[7], атрыманы за Кацярынай, складаўся з срэбра, перлаў, клейнотаў на 13 тысяч злотых і 10 тысяч коп грошай наяўнымі грашыма. Да таго ж ёй адышлі на Падляшшы маёнтак Семяцічы (мястэчка і 7 вёсак) і Орля[2]. Узамен такога вялікага пасагу 25 мая 1558 года Юрый Слуцкі запісаў сваёй маладой жонцы вена на трэці ўсіх сваіх добр на 50 тысяч злотых[8]. Гэты запіс быў пацверджаны каралём праз некалькі дзён пасля яго выдання. У адказ Кацярына падпісала ліст, якім пацвярджала атрыманне ад бацькі ўсяго пасагу і адмаўлялася ад усіх прэтэнзій на бацькоўскія і мацярынскія маёнткі[9]. Яны павінны былі пасля смерці бацькі перайсці яе старэйшаму брату Яну Баптысце[2].

Праз год пасля вяселля Кацярына нарадзіла хлопчыка. Яго назвалі ў гонар бацькі Юрыем. Потым у Кацярыны нарадзілася яшчэ двое дзяцей — Сямён і Аляксандр[5].

У 1578 годзе, у 34 гады княгіня засталася ўдовай і багатай спадчынніцай нябожчыка мужа. Кацярына распараджалася княствамі і мноствам маёнткаў да паўналецця сыноў. Да ўсяго іншага, яна атрымала ад караля дадатковыя землі[5].

Кацярына Тэнчынская

Праз тры гады Кацярына зноў выйшла замуж. Яе выбраннікам стаў малады і багаты гетман Крыштаф Радзівіл. Яна стала яго трэцяй жонкай. Маладому мужу Кацярына нарадзіла яшчэ дваіх дзяцей — Крыштафа і Альжбету[5].

У 48-гадовым узросце Кацярына памерла 19 сакавіка 1592 года[10].

Прыжыццёвы партрэт княгіні Кацярыны раней упрыгожваў карцінную галерэю Слуцкага замка[11], а зараз захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. Слуцкую княгіню адлюстраваў невядомы мастак. Як мяркуецца, карціна была напісана ад канца 1578 да сярэдзіны 1581 (паміж смерцю першага мужа і другім шлюбам). Лацінскі надпіс на палатне кажа: «Год панскі 1580. Кацярына, графіня з Тэнчына, божай ласкай княгіня слуцкая, свайго ўзросту 35 гадоў». На самой жа карціне княгіня выглядае значна старэй.

У крыніцах падаецца, што аўтарам партрэту быў невядомы польскі жывапісец, магчыма Марцін Кобер  (руск.)[12]. Паводле іншай версіі згодна архіўных звестак і даследаванняў вучонага-гісторыка А. Грыцкевіча гэты партрэт быў напісаны ў Слуцку і, верагодна, мясцовым мастаком[13]. Аналіз жывапісных асаблівасцей твора сведчыць пра знаёмства аўтара партрэта з кракаўскай мастацкай школай. Гэта не выпадкова, бо княгіня была родам з Кракава і сувязі слуцкага княжацкага двара з польскай сталіцай існавалі. Гэта ўзор распаўсюджанага ў той час тыпу «сармацкага партрэта»[14].

У 1988 годзе Міхаіл Самуілавіч Басалыга стварыў каляровую літаграфію «Слуцкая княгіня Кацярына Ценчынская Алелькавіч»[15].

Зноскі

  1. Radziwiłłowie herbu TrąbyWarszawa: Archiwum Główne Akt Dawnych, Wydawnictwo DiG, 1996. — 67 с. — ISBN 83-85490-62-0
  2. а б в г д е ё ж Скеп’ян, А. А. Князі Слуцкія. — Мінск: Беларусь, 2013. — 246 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-01-1049-7.
  3. Genealogia TĘCZYŃSCY Архівавана 4 сакавіка 2016. (польск.)
  4. Радзивилл, Христофор (младший) Архівавана 9 жніўня 2022. (руск.)
  5. а б в г Слуцкая княгиня Екатерина (руск.)
  6. Jan Baptysta Tęczyński Архівавана 7 сакавіка 2016. (польск.)
  7. AGAD. AR. D. XXIII. T. 116. Pl. 1. S. 31.
  8. AGAD. AR. Zb. Dok. Pergam. № 7737.
  9. AGAD. AR. Zb. Dok. Pergam. № 7739.
  10. Смерть одного рода (руск.)
  11. Картинная галерея Слуцкого замка Архівавана 25 кастрычніка 2013. (руск.)
  12. Вялікае Княства Літоўскае. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4. — С. 138
  13. Слуцкая палитра: Из фондов Слуцкого краеведческого музея: фотоальбом / сост., авт. текста Н. Г. Серик; фото В. А. Сибрикова. — Минск: Літаратура і Мастацтва, 2010. — С. 4. — 64 с.
  14. Партрэтны жывапіс
  15. Каталог музея