Каятан Марашэўскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Каятан Марашэўскі
Асабістыя звесткі
Месца нараджэння
Дата смерці 1811
Месца смерці
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці драматург, пісьменнік
Жанр камедыя
Мова твораў беларуская і польская

Каятан Марашэўскі (лац.: Cajetanus Moraszewski; пам. 1811, Шумск[1]) — беларускі і польскі драматург канца XVIII ст., манах-дамініканін.

Прафесар рыторыкі і паэтыкі Забельскага дамініканскага калегіума (в. Валынцы, Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобл.), дзе разам з Міхалам Цяцерскім і Ігнацыям Юрэвічам пісаў п'есы для пастаноўкі навучэнцамі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл дамініканскага кляштара ў Шумскасе.

Звесткі аб жыцці Каятана Марашэўскага нешматлікія. У 1787, паводле надпісу на рукапісе з п'есамі, ён выкладаў рыторыку і паэтыку ў Забелах. У 1788 быў пераведзены выкладаць у школу пры кляштары ў Аглане. На момант сваёй смерці ў 1811 быў прыёрам шумскага дамініканскага кляштара. На наступны год пасля яго смерці бібліятэка гэтага кляштара пацярпела ад пажару, што дадаткова ўскладняе пошук звестак.[1]

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Да нашага часу дайшлі дзве п'есы Марашэўскага: беларуска-польская «Камедыя» і польская трагедыя «Свабода ў няволі». Абодва творы захаваліся ў адным рукапісным зборніку 1787 г., які зберагаецца ў бібліятэцы АН Літвы. У «Камедыі» паказана цяжкае жыццё прыгоннага селяніна Дзёмкі, выказваецца асветніцкая думка, што шчасце залежыць не ад лёсу, а ад чалавечых учынкаў. Твор напісаны ў адпаведнасці з эстэтыкай класіцызму, аднак адчуваецца ўплыў барочных інтэрмедый, якія ўпершыню ў беларускай літаратуры сінтэзуюцца ў камедыю. Ідэі асветніцтва выявіліся ў трагедыі «Свабода ў няволі», дзе галоўны герой — рымскі палкаводзец Велізарый — вышэй асабістых інтарэсаў ставіць інтарэсы радзімы.

«Камедыя» была ўпершыню апублікаваная Уладзімірам Ператцам у 1911.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Камедыя // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. 2-е выд. Мн., 1997. Т. 1.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 А. Ф. Брыль. Звесткі пра Каятана Марашэўскага, Міхала Цяцерскага і Ігнацыя Юрэвіча ў дакументах Дамініканскага ордэна // Роднае Слова, 4/2018. С. 3–4.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979. С. 72—110.
  • Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 320—335.
  • Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. У 2 т. Т. 2. Новая літаратура : другая палова XVIII—XIX стагоддзе / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т літ. імя Я. Купалы; навук. рэд. тома У. І. Мархель, В. А. Чамярыцкі. — Мінск : Беларус. навука, 2007.