Кватрачэнта
Кватрачэ́нта (італ.: quattrocento, «чатырыста», скарочана ад mille quattrocento — «тысяча чатырыста») — агульнапрынятае абазначэнне эпохі італьянскага мастацтва XV стагоддзя, суадноснай з перыядам ранняга італьянскага Адраджэння. Гэты час творчасці П'еро дэла Франчэска, Бацічэлі, Данатэла, Брунелескі, Мазача, Беліні, Пінтурык'ё, Фра Анжаліка, Перуджына і мн. інш. Светапоглядныя прынцыпы і тэндэнцыі кватрачэнта аказалі несумнеўны ўплыў на мастацтва наступных стагоддзяў — ад класіцызму і рамантызму да пэўнай скіраванасці ў развіцці культуры наогул. У выяўленчым мастацтве гэты перыяд азначыўся канчатковым пераходам ад гарманічнай умоўнасці і вобразнага ладу Сярэднявечча, у значнай ступені падпарадкаваных ідэалам духоўнасці і кананічным нормам раннехрысціянскай культуры (пераход гэты азначыўся яшчэ ў эпоху протарэнесансу — дучэнта і трэчэнта),— да сістэмы поглядаў, уяўленняў і правілаў, якія паслужылі асновай для фарміравання канцэпцыі фігуратыўнага мастацтва, т. з. рэалізму, і, у сваю чаргу, сталі пажыўным асяроддзем для такога кірунку, як акадэмізм.
Кватрачэнта характарызуецца росквітам архітэктуры, жывапісу і скульптуры. У гэты перыяд у Італіі працавала цэлая плеяда выбітных майстроў, і сярод іх — архітэктар Брунелескі, скульптар Данатэла. У XV ст. пачалі працаваць Рафаэль, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы.