Перайсці да зместу

Комплекс будынкаў 1-й клінічнай бальніцы (Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Клінічны гарадок (Мінск))
Будынак па вул. П. Броўкі, 1, пабудаваны ў 1933 годзе — Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000014шыфр 713Г000014

Комплекс будынкаў 1-й клінічнай бальніцы размешчаны паміж вуліцамі Акадэмічнай, П. Броўкі і праспектам Незалежнасці, займае плошчу каля 10 га. Пабудаваны ў 1929—1931 гадах паводле праекта архітэктара Георгія Лаўрова як клінічны гарадок. Комплекс вырашаны на аснове павільённай сістэмы, пры якой ізаляваныя карпусы разлічаны на лячэнне пэўнага віду захворвання. Узведзены 4 карпусы для тэрапеўтычнай, хірургічнай, акушэрска-гінекалагічнай і скурна-венералагічнай клінік. У Вялікую Айчынную вайну найбольш пацярпеў чацвёрты корпус. Аднаўленне гарадка працягвалася з ліпеня да лістапада 1944 г. Пасля рэканструкцыі ў 1-м корпусе размясціліся тэрапеўтычная і хірургічная клінікі, у 2-м — клініка дзіцячых хвароб, у 3-м — акушэрска-гінекалагічная клініка. У гэты ж час пры бальніцы пачалі працаваць кафедра паталагічнай анатоміі, Інстытут пералівання крыві, рэспубліканская процівалляковая станцыя, анкалагічны дыспансер.

Клінічны гарадок у час вайны

Характэрнай рысай комплексу з’яўляецца прастата планіроўкі і спрошчаная архітэктура, уласцівыя канструктывізму і функцыяналізму. Тэрыторыя клінічнага гарадка падзелена цэнтральнай алеяй-праездам на 2 амаль роўныя часткі. Уздоўж цэнтральнай алеі размешчаны 3 лячэбныя карпусы, пабудаваныя па адзінай планіровачнай схеме (3-і паверх акушэрска-гінекалагічнага корпуса падбудаваны ў 1938 г.). Левая частка плошчы гарадка адведзена пад зялёныя насаджэнні, там жа ў глыбіні ўчастка знаходзіцца трохпавярховы 4-ы корпус. Планіроўка ўсіх 4 будынкаў калідорная з аднабаковым размяшчэннем палат і балконамі. Пластыка фасадаў стрыманая.

Дзіцячы хірургічны цэнтр, тэрапеўтычны корпус і паліклініка (арх. М. Барсукоў)
Галоўны корпус з задняга фасада

3 канца 1960-х гадоў комплекс клінічнага гарадка паступова рэканструіруецца. У яго арганічна ўвайшлі новыя карпусы цэнтра дзіцячай хірургічнай дапамогі на 200 ложкаў і тэрапеўтычнага аддзялення на 240 ложкаў. Паміж 2 прамавугольнымі ў плане васьміпавярховымі лячэбнымі карпусамі размешчаны трохпавярховы корпус паліклінікі (на 500 наведванняў штодзень) складанай канфігурацыі плана і выразнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі (архіт. М. Барсукоў). Корпус паліклінікі злучаны з будынкам тэрапеўтычнага аддзялення галерэяй па ўзроўні 3-га паверха. У 19841987 гг. пабудаваны 7-павярховы корпус рэўмакардыялагічнага аддзялення, арыентаваны галоўным фасадам да праспекта Незалежнасці (архіт. У. Галіцкі, А. Быкаў).

У 2023—2024 гадах праведзеная рэканструкцыя будынка першапачатковага комплексу клінічнага гарадка архітэктара Г. Лаўрова па адрасе вул. П. Броўкі, 1. Праект рэканструкцыі распрацаваны «Мінскграмадзянпраектам», рэстаўрацыйныя рашэнні па фасадах распрацаваныя Навукова-праектным цэнтрам «Рэстабіліс» пад кіраўніцтвам архітэктара-рэстаўратара Р. Забелы. Пры распрацоўцы праекта кіраваліся архіўнымі матэрыяламі Лаўрова і імкнуліся вярнуць будынку арыгінальны канструктывісцкі выгляд. Паводле праектаа рэканструкцыі будынка будуць вернуты пляцоўка на даху, з магчымасцю яе эксплуатацыі; першапачатковае каларыстычнае рашэнне фасадаў; аконная і дзвярная сталярка, якая адпавядае гістарычнаму характару; аб’ёмна-прасторавае рашэнне паводле першапачатковага аўтарскага праекта[1]. У будынку пасля рэканструкцыі размясціўся цэнтр абслугоўвання кліентаў УП «Мінгаз»[2].

  1. Спадчына. Telegram. Праверана 25 сакавіка 2026.
  2. Будет открытая терраса для посетителей. Смотрите, как идет реставрация исторического здания в Минске (руск.). realt.by. Праверана 25 сакавіка 2026.