Клічаўскі бой (1942)
Клічаўскі бой | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна | |||
Дата | 20 сакавіка 1942 | ||
Месца | Клічаў | ||
Вынік | перамога партызан | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Клічаўскі бой — бой партызанскіх фарміраванняў Магілёўскай вобласці супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гарадскім пасёлку Клічаў 20 сакавіка 1942 года.
У выніку баявых дзеянняў партызан Магілёўскай вобласці ў сакавіку 1942 года нямецка-фашысцкія акупанты былі выгнаны амаль з усёй тэрыторыі Клічаўскага, часткова Асіповіцкага і Кіраўскага раёнаў, у гарадскім пасёлку Клічаў быў блакіраваны нямецкі гарнізон (каля 250 чалавек).
Падрыхтоўка да бою
[правіць | правіць зыходнік]У ноч на 20 сакавіка 1942 года партызаны завяршылі падрыхтоўку да аперацыі па разгрому Клічаўскага гарнізона. Галоўны ўдар па цэнтры пасёлка наносілі Клічаўскі атрад (камандзір А. С. Юркаўцаў) і атрад В. І. Лівенцава, якія былі ўзброены вінтоўкамі, аўтаматамі, а таксама мелі гармату і 3 кулямёты, з поўначы — атрад В. П. Свістунова. Шляхі магчымага адыходу праціўніка і прыбыцця варожых падмацаванняў кантралявалі 620-ы атрад (камандзір — В. М. Сырцоў) і частка атрада Свістунова.
Бой
[правіць | правіць зыходнік]На досвітку 20 сакавіка 1942 года партызаны з двух бакоў уварваліся ў пасёлак. Узвод партызан на чале з І. К. Віталем і П. М. Вікторчыкам выбіў праціўніка з будынка былога райвыканкама. Частка гарнізона супраціўлялася на паўднёвай ускраіне пасёлка, спрабавала прабіцца да дарогі на Бабруйск, частка замацавалася ў 2-павярховым з цэглы будынку школы, бой за якую цягнуўся 3 гадзіны. У выніку 12-гадзіннага бою Клічаў быў поўнасцю вызвалены, забіта каля 120 акупантаў, 50 захоплены ў палон, захоплена зброя праціўніка. У баі загінула 11, паранена 13 партызан.
Вынікі
[правіць | правіць зыходнік]З разгромам гарнізона ў Клічаве завяршылася вызваленне ўсяго Клічаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, была створана Клічаўская партызанская зона, партызаны атрымалі магчымасць прымаць самалёты з Вялікай зямлі. На працягу 3 месяцаў пасля сакавіцкага бою 1942 года партызаны ўтрымлівалі Клічаў. У ліпені 1942 года пад націскам пераўзыходзячых сіл праціўніка яны былі вымушаны пакінуць пасёлак.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]У гонар баявых дзеянняў партызан у 1942 годзе ў Клічаве ў 1967 годзе быў насыпаны курган Славы, пастаўлены помнік у 1957 годзе.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- А. І. Валахновіч, Р. А. Чарнаглазава, М. Ф. Шумейка // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.