Клічаўская партызанская зона

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Клічаўская партызанская зона — у Вялікую Айчынную вайну, тэрыторыя Клічаўскага, часткі сумежных з ім Асіповіцкага, Бялыніцкага, Бярэзінскага, Кіраўскага і іншых раёнаў, якую кантралявалі партызаны. Стваралася з кастрычніка 1941 года ў ходзе баёў партызан за вызваленне Клічаўскага раёна ад нямецкіх акупантаў. У кастрычніку 1941 — сакавіку 1942 гадоў партызаны разграмілі больш за 80 гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў на тэрыторыі Клічаўскага і прылеглых да яго раёнаў. 3 красавіка 1942 у вёсцы Усакіна на сходзе камуністаў раёна прынята пастанова аб аднаўленні савецкай улады ў Клічаўскім раёне. На канец 1942 года вызваленая тэрыторыя склала каля 1,9 тыс. км², яе утрымлівалі 7 партызанскіх атрадаў. На пачатак 1944 года ў зоне, тэрыторыя якой перавышала 3 тысячы км², знаходзілася больш за 70 тысяч мірных жыхароў, абаранялі яе больш за 18 тысяч партызан. У жніўні — кастрычніку 1942 года на тэрыторыі зоны базіраваліся Бабруйскі падпольны міжрайкам КП(б)Б, з кастрычніка 1943 года — Магілёўскі падпольны абкам КП(б)Б, штаб Магілёўскай ВАГ, пры ім раённыя падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ. Выдаваліся газеты «За Радзіму», «Голас партызана» і іншыя. З чэрвеня 1942 партызаны падтрымлівалі радыёсувязь з Вялікай зямлёй, у Клічаве і ў вёсцы Галынка дзейнічалі партызанскія аэрадромы. Абарона партызанскай зоны ажыццяўлялася фарміраваннямі Клічаўскага партызанскага злучэння, Магілёўскай ваенна-аператыўнай групай па абарончых рубяжах, што праходзілі па рэках Друць, Ольса, Суша, Бярэзіна, Нясета. Абарона зоны ажыццяўлялася ў акружэнні больш як 20 нямецкіх гарнізонаў, створаных 203-й і 286-й ахоўным дывізіямі і паліцэйскімі батальёнамі ўздоўж шашэйных дарог і ўздоўж чыгункі МагілёўАсіповічы. У баях на раке Ольса ва Усакінскім лесе 30 чэрвеня — 9 жніўня 1942 года партызаны разбілі гітлераўскі батальён «Бярэзіна», знішчылі частку асобага батальёна СС Дырлевангера і 608-га ахоўнага палка. Абарона зоны забяспечвала амаль пастаянную сувязь з Вялікай зямлёй, абарону насельніцтва ад карнікаў. У чэрвені 1944 года партызанскія фарміраванні зоны злучыліся з Чырвонай Арміяй.

У Клічаве ў гонар партызан насыпаны курган Славы і пастаўлены помнік, помнік таксама пастаўлены на месцы прызямленя першага самалёта з Вялікай зямлі.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]