Корку

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Корку
Агульная колькасць 1045400 (2021 г.)
Рэгіёны пражывання  Індыя - 1043000
 Бангладэш - 2400
Мова корку, сылхеці
Рэлігія політэізм, анімізм
Блізкія этнічныя групы мунда, хо, санталы, бірхор, кхарыя, савара, гадаба, бхумідж

Корку (хіндзі: कोरकू) — аўстраазіяцкі народ у цэнтральнай і ўсходняй Індыі. Жывуць таксама ў Бангладэш. Агульная колькасць (2021 г.) — 1 045 400 чалавек[1].

Корку маюць супольнае паходжанне з іншымі аўстраазіяцкімі народамі Паўднёвай Азіі, аднак доўгі час развіваліся асобна ад іх асноўнага кластара на паўночным усходзе паўвострава Індастан. Да канца XIX ст. іх асноўным месцам рассялення былі паўднёвы і паўночны схілы хрыбта Сатпура, дзе яны часцей кантактавалі з дравідамоўнымі гондамі. Нават у нашы дні паселішчы корку найчасцей сустракаюцца ў штатах Мадх’я-Прадэш і Махараштра. Назва народа літаральна значыць «жывыя людзі».

Галоўнымі заняткамі корку здаўна былі земляробства, паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Аднак у 1872 г. улады Брытанскай Індыі абмежавалі магчымасці эксплуатацыі лясных багаццяў. Гэта вымусіла корку развіваць сельскую гаспадарку. Нягледзячы на пэўныя поспехі ў гэтай галіне, былыя паляўнічыя не здолелі адаптаваць сваю харчовую культуру да новых умоў. Спецыялісты заўважаюць недахоп у іх паўседзённай дыеце бялку і многіх важных рэчываў, якія іх продкі атрымоўвалі дзякуючы ўжыванню дзічыны. Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі сталі збожжавыяпроса, ячмень, кукуруза. Для спажывання і на продаж вырошчваюць бульбу, перац, каву. Характэрна, што корку валодаюць адносна невялікімі надзеламі з не вельмі ўрадлівымі глебамі, і не маюць магчымасці вырошчваць кармавыя культуры для развіцця жывёлагадоўлі. Працэнт тых, хто заняты ў іншых сферах застаецца малым.

Паселішчы звычайна месцяцца на крутых схілах. Традыцыйныя хаціны каркаснага тыпу звычайна маюць тэрасу з аднаго боку, з іншага ўпіраюцца ў схіл. Кіраванне паселішчамі было рэфармавана ў XX ст., так што ў агульных рысах яно нагадвае агульнаіндыйскае. Але найбольш важныя пасады найчасцей займаюць нашчадкі традыцыйных правадыроў і жрацоў.

Корку захоўваюць народныя святы, танцавальныя і музычныя традыцыі.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]