Бхумідж

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Бхумідж
(भूमिज)
Firkal slowly decaying martial dance of ChotaNagpur of Jharkhand IMG 1069 01.jpg
Агульная колькасць 1154000(2021 г.)
Рэгіёны пражывання Flag of India.svg Індыя - 1124000
Flag of Bangladesh.svg Бангладэш - 30000
Мова бхумідж
Рэлігія сарнаізм, індуізм
Блізкія этнічныя групы мунда, хо, санталы, бірхор, кхарыя, савара, гадаба, корку

Бхумі́дж (саманазва: भूमिज, літаральна «народжаны з глебы») — аўстраазіяцкі народ ва ўсходняй Індыі. Жывуць таксама ў Бангладэш. Агульная колькасць (2021 г.) — 1 154 000 чалавек[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Бхумідж належаць да народаў групы мунда, аўстраазіятаў, якія з'явіліся на ўсходзе Індыі ў каменным веку. Відавочна, першасным месцам іх паселішча былі берагі ракі Субарнарэха. Згодна ўяўленням саміх бхумідж, першапачаткова яны займаліся ваеннай справай, але пазней асвоілі земляробства. Народы, што межавалі з бхумідж, часцяком разглядалі як злодзеяў з-за нападаў на вандроўнікаў.

У канцы XVIII ст. землі бхумідж былі далучаны да тэрыторый Брытанскай Ост-Індскай кампаніі. Правадыры гэтага народа атрымалі значныя прывілегіі і феадальныя тытулы. Аднак умяшальніцтва кампаніі ва ўнутраныя справы прывяло да паўстанняў 1798 г. і 1832 г. Пасля іх задушэння бхумідж былі вымушаны перасяляцца ў іншыя рэгіёны, працаваць наёмнымі рабочымі на чайных і баваўняных плантацыях, вырошчваць на продаж бетэль.

У незалежных Індыі і Бангладэш бхумідж адносяць да племянных супольнасцей, што дае ім пэўныя палёгкі ў атрыманні сацыяльнай дапамогі і адукацыі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Галоўным заняткам бхумідж з'яўляецца сельская гаспадарка. На сваіх невялікіх надзелах яны вырошчваюць проса, ячмень, рыс, гарчыцу, кукурузу, перац, для ўнутранага спажывання — садавіну і гародніну. У мінулым важнымі заняткамі былі збіральніцтва, рыбалоўства і паляванне. У нашы дні збіральніцтва і рыбалоўства адыгрываюць дадатковую ролю, а паляванне амаль знікла з-за забаронаў з боку ўрада. Многія займаюцца сезонным адыходніцтвам, працуюць у гарадах дробнымі гандлярамі.

Звычайнай ежай з'яўляюцца рыс, проса, бабовыя, да якіх дадаюць смажаную гародніну, яйкі, сыр, радзей рыбу і мяса. Традыцыйная кухня ўключае стравы з мурашак і тэрмітаў, аднак бхумідж не ядуць свініну і ялавічыну. Папулярныя напоі: малако, рысавае піва, лікёр.

Народная мужчынская вопратка ленгці ўяўляе сабою кароткую кашулю. Да яе часам апранаюць на сцёгны саронг. Жанчыны носяць кароткія сары. Тканіны для вопраткі купляюць у прадстаўнікоў суседніх народаў. Папулярны ўпрыгожванні з металаў, асабліва медзі і золата.

Бхумідж будуюць свае вёскі каля пагоркаў або ў лясах каля ручаёў з пітной вадой. У вялікіх вёсках са змяшаным насельніцтвам яны жывуць асобна. Сядзібы лінейныя. Пераважаюць каркасныя канструкцыі з глінянымі паліраванымі сценамі і шырокімі дахамі, крытымі саломай. Жанчыны ўпрыгожваюць сцены малюнкамі. Вокнаў няма. Перад жытламі часцяком робяць порцік для прыёму гасцёў. Знутры месцяцца 2 пакоі. У большым па памерах трымаюць скарб, захоўваюць збожжа, выкарыстоўваюць яго як гасцёўню. Меньшы па памерах з'яўляецца кухняй і месцам шанавання продкаў, куды чужыя людзі не дапускаюцца.

Большасць сем'яў манагамны, але зрэдку сустракаюцца палігамныя шлюбы, калі першая жонка бясплодная ці недзеяздольная. Звычайна першая і другая жонкі знаходзяцца ў сваяцкіх адносінах. Шлюбу папярэднічае выкуп нявесты гананг. Яго памер усталёўваецца падчас перамоў паміж сватам дандыя і бацькамі нявесты. Гістарычна вядомы іншыя спосабы атрымання нявесты: выкраданне сіндуры баха, сумесныя ўцёкі ганам, адпрацоўка яе сваякам дхар джамай, гвалт чаўдал. Сумяшчальнасць маладых і час шлюбу прадракае астролаг ганак.

Бхумідж кіруюцца асобнымі радамі пры вёсках і на рэгіянальным ўзроўні. На чале вясковай рады стаіць правадыр мундманік і сакратар дакуа. Намеснікам правадыра з'яўляецца вясковы жрэц дэхуры або індуісцкі брахман. Рэгіянальны кіраўнік карыстаецца старым тытулам сардар.

Музыканты-бхумидж знакамітыя як выдатныя дудары. Найбольш вядомае народнае свята карма, прысвечанае дабрабыту, адзначаецца ў верасні.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова бхумідж мае аўстраазіяцкае паходжанне. У 1992 г. на аснове дэванагары для яе было распрацавана пісьмо Ол онар. Аднак нават у нашы дні існуе недахоп літаратуры на мове бхумідж, які часткова пераадольваецца распаўсюджваннем кніг на мундары.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць вернікаў бхумідж спавядаюць сарнаізм. Частка высакародных сем'яў з XVIII ст. належаць да індуістаў, прычым адносяць сябе да касты кшатрыяў. Дарослых памерлых звычайна хаваюць шляхам крэмацыі, дзяцей да 12 гадоў, а таксама памерлых ад эпідэмічных хвароб — шляхам інгумацыі.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]