Ломвэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ломвэ
(Walomwe)
Фота 1906 г.
Агульная колькасць 3767000 (2023 г.)
Рэгіёны пражывання  Мазамбік — 2648000
 Малаві — 1119000
Мова ломвэ (мовы)
Рэлігія анімізм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы макуа, тонга, чопі

Ломвэ (саманазва Walomwe) — усходнеафрыканскі народ. Насяляе поўдзень Малаві і цэнтральны Мазамбік. Агульная колькасць (2023 г.) — 3 767 000 чалавек[1][2].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Мяркуецца, што ломвэ першасна фарміраваліся як этнас на памежжы сучасных Танзаніі і Мазамбіка, адкуль у познім сярэднявеччы мігрыравалі ўздоўж узбярэжжа Індыйскага акіяна на поўдзень і да XVI ст. занялі ўнутраныя раёны ад вусця ракі Лурыа да ракі Шырэ. У канцы XIX — першай палове XX ст. ломвэ з Мазамбіка часцяком перасяляліся на поўдзень сучаснай Малаві, дзе працавалі наёмнымі рабочымі на плантацыях. Таму ў гэтай краіне захоўваецца не зусім вернае ўспрыманне ўсіх мясцовых ломвэ як нашчадкаў імігрантаў.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Першасным асноўным заняткам ломвэ былі паляванне і гандаль слановай косцю, што вымушала розныя групы рухацца на аддаленыя дыстанцыі ўслед за дзікімі жывёламі. У другой палове XIX ст. пачаўся працэс аселасці. У немалой ступені ён меў вымушаны характар, паколькі партугальцы прымусова прыцягвалі паляўнічых для працы на плантацыях. Тым не меней, ломвэ захоўвалі пэўную мабільнасць. У выпадку канфліктаў або голаду яны перамяшчаліся ў іншыя населеныя пункты. Часцяком ломвэ сяліліся сярод прадстаўнікоў іншых народаў, падпарадкоўваліся іх правадырам і законам. Так, у Малаві яны апынуліся ў залежнасці ад яа і чэва. Перасяленцы атрымоўвалі ў карыстанне зямлю для занятку сельскай гаспадаркай, наймаліся для працы на плантацыях, аказвалі лекавыя паслугі або чаравалі. Пры гэтым іх асабістая культура і сацыяльны лад значна трансфармаваліся.

Хаця ломвэ захавалі прыналдежнасць да пэўных родаў, сваяцтва ў якіх вызначаецца па жаночай лініі, самі родавыя арганізацыі страцілі значны ўплыў. Галоўнымі сацыяльнымі адзінкамі сталі сям'я і суседская абшчына. Жанчына ў сям'і лічыцца адказнай за дом, хатнюю маёмасць і дзяцей. Сваяцтва і перадача спадчыны адбываюцца па жаночай лініі. Мужчына пасля шлюбу захоўвае шчыльныя сувязі з сям'ёй бацькоў, асабліва са старэйшай сястрой. У выпадку развода ён далучаецца да яе гаспадаркі. Хлопчыкі ў падлеткавы перыяд праходзяць ініцыяцыю. Яна працягваецца некалькі месяцаў і суправаджаецца абразаннем. У мінулым аперацыя абразання была даволі балючай, з крывацёкам. У выпадку смерці ад інфекцыі хлопчыка хавалі, а пра яго смерць паведамлялі бацькам толькі пасля заканчэння поўнага цыкла рытуалаў. Жанчыны праходзяць ініцыяцыі некалькі разоў на працягу жыцця. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму існаваў звычай шрамаваць жаночыя твары.

Большасць вернікаў належыць да розных хрысціянскіх канфесій. Тым не меней, ломвэ захоўваюць веру ў духаў продкаў, якія быццам бы актыўна ўздзейнічаюць на жыццё жывых людзей, караюць за парушэнни традыцый. Іх умілажваюць з дапамогай ахвярапрынашэнняў, а таксама памінальных танцаў. Танец чопа прызнаны ЮНЕСКА нематэрыяльнай спадчынай чалавецтва. Ломвэ вераць у тое, што духі могуць захопліваць цела чалавека. У такім разве звяртаюцца да чараўніцы, што мела падобны вопыт у дзяцінстве.

Мовы[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова ломвэ тонавая, належыць да групы моў банту, падзяляецца на 16 дыялектаў. Дыялект, на якім размаўляюць ломвэ Малаві, настолькі адрозніваецца ад дыялектаў Мазамбіка, што яго вылучаюць у асобную мову. Паколькі мова ломвэ не вывучаецца ў малавійскіх школах, значная частка гэтага народа амаль цалкам перайшла на афіцыйныя англійскую і асабліва чычэва. Будучае мовы малавійскіх ломвэ знаходзіцца пад пагрозай.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]