Малаві

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Малаві
Republic of Malawi
Dziko la Malaŵi
Герб Малаві
Сцяг Малаві Герб Малаві
Дэвіз: «(англ.: Адзінства і Свабода)
Unity and Freedom»
Гімн: «Гасподзь, благаславі нашу краіну Малаві»
Дата незалежнасці 6 ліпеня 1964 (ад Вялікабрытаніі)
Афіцыйная мова англійская, ньянджа (нацыянальная)
Сталіца Лілонгвэ
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Віцэ-прэзідэнт
Пітэр Мутарыка
Кумба Качалі
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
98-я ў свеце
118 494 км²
20,6
Насельніцтва
• Ацэнка (2010)
Шчыльнасць

15,4 млн (ацэнка на ліпень 2010). чал. (65-я)
118 чал./км²
ІРЧП  0.493 (нізкі) (160-ы)
Валюта Малавійская квача
Інтэрнэт-дамен .mw
Код ISO (Alpha-2) MW
Код ISO (Alpha-3) MWI
Код МАК MAW
Тэлефонны код +265
Часавыя паясы +2

Мала́ві, Рэспубліка Малаві (англ.: Republic of Malawi, чычэва: Dziko la Malaŵi) — краіна ва Усходняй Афрыцы, мяжуе з Танзаніяй (даўжыня мяжы 475 км), Мазамбікам (1569 км) і Замбіяй (837 км). Непасрэднага выхаду да акіяну не мае. Сталіца — горад Лілонгвэ.

Геаграфія і прырода[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыя Малаві выцягнута з поўдню на поўнач болей чым на 850 км і характарызуецца значнай разнастайнасцю ландшафтаў. Яны вызначаюцца ўваходжаннем у склад Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмы. Усход краіны ўяўляе сабою паўднёвую частку Вялікай рыфтавай даліны, занятай азёрамі Малаві (Ньяса), Маломбэ і Чылва, а таксама далінай ракі Шырэ, што злучае возера Малаві з Замбезі. Водная паверхня азёр займае плошчу каля 24,4 тысячы км². Малаві (Ньяса) — пятае па велічыні прэснаводнае возера ў свеце. Яго сцёкі праз раку Шырэ адыгрываюць выключную ролю ў забеспячэнні краіны гідраэнергіяй і вадою для абрашэння. Возера мае багатую фаўну, у тым ліку рыбныя рэсурсы.

На захадзе ад Рыфтавай даліны ўзвышаецца нагор’е, складзенае метамарфічнымі і магматычнымі пародамі, што ляжаць на старажытным крышталічным падмурку. Традыцыйна ўзвышанная частка краіны падзяляецца на паўночную цэнтральную і паўднёвую. Паўночная найбольш высокая, да 2605 м. Цэнтральная і паўднёвая адметны ўзгоркамі і так званымі «астраўнымі гарамі» ад 900 м да 1200 м. На паўднёвым усходзе Малаві вылучаецца ўсходні край рыфтавай сістэмы. Ён вызначаны горным масівам Мулан’е. Яго найвышэйшы пункт гара Салітва дасягае 3002 м.

Карысныя выкапні: парцалянавыя гліны, вермікуліт, гіпс, галіт, медзь, жалеза, рутыл, уран, рэдказямельныя элементы і інш.

Пануе трапічны клімат з некаторымі адметнасцямі ў залежнасці ад рэгіёна. Вылучаюцца спякотны, вільготны і прахалодны сезоны. Спякотны сезон доўжыцца з верасня да кастрычніка, калі дзённыя тэмпературы вагаюцца ў прамежку 25 °C — 35 °C, а ападкаў амаль няма. Аднак у лістападзе мусоны прыносяць вільгаць з Індыйскага акіяна. Тэмпература застаецца высокай, штодзень ідуць дажджы. Высокая норма ападкаў можа выклікаць паводкі. У маі пачынаецца сухі прахалодны сезон. У гэты перыяд дзённыя тэмпературы рэдка перавышаюць 25 °C — 35 °C, а ўначы ў горнай мясцовасці падаюць ніжэй за 10 °C.

Разнастайнасць ландшафтаў вызначае багацце расліннасці. У рыфтавай даліне на берагах азёр можна ўбачыць пальмы, акацыі, фікусы і баабабы. Горныя трапічныя лясы захаваліся пераважна на поўначы і паўднёвым усходзе краіны. Тут сустракаюцца кедр, хвоя, эўкаліпт, розныя папараці. Меней узвышаныя раёны займае саванна. Прэснаводная фаўна адна з найбагацейшых у свеце. Налічваецца каля 650 відаў птушак. Найбольш характэрныя наземныя жывёлы: саваннавы слон, бегемот, зебры, антылопы, леў, леапард.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Старажытнасць[правіць | правіць зыходнік]

Наскальныя малюнкі Чангоні

Тэрыторыя Малаві — месца фарміравання продкаў сучаснага чалавека. Найстаражытнейшым сведчаннем гэтага з'яўляецца знаходка на поўначы краіны сківічнай косткі (2,4 млн гадоў таму)[2], якая належала Homo rudolfensis.

На ўзбярэжжы возера Ньяса знойдзены рэшткі прылад працы (болей за 50 тысяч гадоў таму), што маглі належыць чалавеку сучаснага тыпу. Палеагенетычнае даследаванне рэштак найстаражытнейшых паляўнічых і збіральнікаў, што жылі 18 000 — 5 000 гадоў таму, з археалагічнага помніка Гора 1 на гары Гора паказала, што ў каменным веку дадзеная мясцовасць была прытулкам для трох розных папуляцый[3]. Адна з іх была блізкай да пігмеяў-бамбуці, другая паходзіла з Паўднёвай Афрыкі і мела агульнае паходжанне з кайсанскімі народамі. Трэцяя мігрыравала з тэрыторыі сучаснай усходняй Эфіопіі. Яе прадстаўнікі былі блізкімі да сучаснага насельніцтва гэтага рэгіёну. У Малаві былі таксама знойдзены 127 месцаў са старажытнымі наскальнымі малюнкамі позняга каменнага — ранняга жалезнага вякоў[4]. У 2006 г. яны былі ўнесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

У прамежку паміж 250 г. і 1000 г. на тэрыторыю Малаві перасяліліся плямёны банту, якія былі знаёмы з апрацоўкай жалеза і бронзы, вырабам керамікі і мелі навыкі сельскай гаспадаркі. Палеагенетыкі заўважаюць, што яны не асімілявалі, а цалкам выціснулі папярэдняе насельніцтва каменнага веку[5]. Міграцыя банту адбывалася ў выніку не адной, а розных хваль, якія працягваліся да другой паловы XIX ст. Прадстаўнікі хвалі, што пачалася ў XIII ст. з паўднёвага басейну ракі Конга, заснавалі ў XVI ст. дзяржаўнае фарміраванне Мараві, дзе правілі кланы Фіры і Банда[6]. Першым належала духоўная, а другім — палітычная ўлада. Жыхары Мараві гандлявалі слановай косцю, а таксама славіліся як здабытчыкі і апрацоўшчыкі жалеза. Росквіт дзяржавы адбыўся ў XVIIXVIII стст., калі былі ўсталяваны сувязі з партугальскімі калоніямі на ўзбярэжжы Індыйскага акіяна. Нягледзячы на старанні партугальцаў, маравійцы здолелі захаваць сваю манаполію на гандаль ва ўнутраных раёнах. Іх прамыя нашчадкі да нашых дзён складаюць самую вялікую групу насельніцтва Малаві. Найбуйнейшы народ, што вядзе радавод ад маравійцаў, — чэва, або ньянджа.

У канцы XVIII ст. гандляр Млавока, выхадзец з усходняга берага возера Ньяса, стварыў дзяржаўнае фарміраванне на поўначы Малаві[7]. Тут была ўсталявана ўлада дынастыі Чыкурамаембэ, якая падтрымлівала шчыльныя гандлёвыя зносіны з суседнімі рэгіёнамі. Прамымі нашчадкамі дзяржавы Чыкурамаембэ з'яўляюцца прадстаўнікі тумбука, другога па колькасці народа ў Малаві.

У XIX ст. дзяржавы Мараві і Чыкурамаембэ моцна пацярпелі ад нашэсцяў яа і нгоні. Яа замацаваліся на поўдні, захоплівалі мясцовых жыхароў у палон і прадавалі іх у рабства. Нгоні былі жывёлагадоўцамі і земляробамі з Паўднёвай Афрыкі, адкуль былі выціснутыя ў выніку заваяванняў Чакі. Яны карысталіся новымі ваеннымі навыкамі, пакуль не вядомымі ва Усходняй Афрыцы, а таму атрымоўвалі перамогу за перамогай[8]. На тэрыторыі Малаві аселі дзве групы нгоні — масека і джэле[9]. Яны падпарадкавалі мясцовыя кланы, якія былі вымушаны выплочваць заваёўнікам натуральную даніну і аддаваць сваіх юнакоў на службу ў іх войска.

Каланіяльны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Параход на возеры Ньяса, 1952 г.

Даследаванні Д. Лівінгстана ў раёне Вялікіх Афрыканскіх азёр спарадзілі да яго цікавасць у еўрапейскіх краінах. У 1876 г. шатландскія прэсвітарыяне заснавалі хрысціянскую місію ў Блантайры. У 1878 г. у Глазга шатланскімі прадпрымальнікамі была створана Кампанія Афрыканскіх азёр для "развіцця камерцыйнага гандлю, каб выціснуць рабства ў Цэнтральнай Афрыцы"[10]. Хаця кампаніі не ўдалося дасягнуць дастатковай прыбытковасці, яна пачала развіваць водны транспарт, прыцягваць мясцовае насельніцтва да таварнай вытворчасці. Місіі таксама пашыраліся, пры іх ствараліся школы, дзе афрыканскія дзеці атрымоўвалі навучанне на родных мовах. У 1880-х гг. рэгіёнам вакол возера Ньяса зацікавілася Брытанская паўднёваафрыканская кампанія на чале С. Родса. Арганізаваныя ёю ваенныя атрады нанеслі шэраг паражэнняў нгоні. Місіянеры і служачыя Кампаніі Афрыканскіх азёр выступілі супраць пашырэння ўплыву С. Родса, аднак у іх саміх узніклі праблемы з-за ваенных сутычак з гандлярамі рабамі. У немалой ступені дзякуючы іх намаганням у 1891 г. быў створаны Брытанскі Цэнтральнаафрыканскі пратэктарат[11], межы якога не супадалі з тагачаснымі этнічнымі і дзяржаўнымі межамі, але яны акрэслілі тэрыторю фарміравання будучай дзяржавы Малаві. У 1907 г. ён быў пераўтвораны ў пратэктарат Ньясаленд.

Фармальна пратэктарат меў самакіраванне, але месцы ў Заканадаўчым сходзе займалі белыя пасяленцы. Улады імкнуліся задаволіць інтарэсы правадыроў кланаў і прыцягнуць іх да кіравання на месцах. Таму першая апазіцыя супраць каланіяльнага панавання сфарміравалася не ў асяродзі традыцыйнай арыстакратыі, а сярод той часткі насельніцтва, што атрымала місіянерскую адукацыю, у першую чаргу сярод чарнаскурых святароў і кіраўнікоў рэлігійных абшчын. Гэтаму садзейнічала пранікненне вучэння хіліязму. У 1915 г. баптысцкі пастар Джон Чылембвэ ўзняў паўстанне супраць плантатараў, якія дапускалі злоўжыванні ў адносінах да афрыканскіх рабочых. Яно было задушана[12] . У 1923 г. і 1930 г. каланіяльныя чыноўнікі звярталіся з прапановамі пашырыць правы чарнаскурага насельніцтва[13], што не падтрымлівалі каланісты еўрапейскага паходжання. Лакальныя выступленні афрыканцаў адбываліся ў 1943 г., 1945 г., 1953 г. Але сярод новай адукаванай афрыканскай эліты былі і тыя, хто лічыў, што пашырэнне правоў стане магчымым дзякуючы супрацоўніцтву з каланіяльнымі ўладамі. Так, у 1912 г. нгоні Леві Зіліла Мумба заснаваў Асацыяцыю карэнных жыхароў Паўночнай Ньясы. Яна стала правобразам іншых аб'яднанняў карэннага насельніцтва. У 1944 г. арганізацыі афрыканцаў аб'ядналіся ў Афрыканскі кангрэс Ньясаленда.

У міжваенны перыяд інфраструктура пратэктарату значна змянілася. Былі пабудаваны наземныя дарогі, чыгунка, рачныя і азёрныя порты, што палепшыла вываз мясцовай прадукцыі, аднак палегчыла пранікненне еўрапейскіх тавараў, прывяло ў заняпад традыцыйныя рамёствы накшталт металургіі, ткацтва, ганчарства і мала стымулявала развіццё каланіяльнай прамысловасці. Для Вялікабрытаніі Ньясаленд заставаўся не прыбытковым, таму перыядычна ўзнікалі праекты яго аб'яднання з Паўночнай Радэзіяй. Яны былі рэалізаваны толькі ў 1953 г., калі ўзнікла Федэрацыя Радэзіі і Ньясаленда[14]. Такім чынам брытанцы імкнуліся стварыць жыццяздольную аўтаномную краіну, альтэрнатыву ПАС. Афрыканцы ўспрымалі яе як спробу адтэрмінаваць абвяшчэнне незалежнасці. У 1958 г. Афрыканскі кангрэс Ньясаленда ўзначаліў Хастынгс Банда, які быў настроены болей рашуча, чым яго папярэднікі. У 1959 г. пачаліся дэманстрацыі за абвяшчэнне незалежнасці. У сакавіку каланіяльныя ўлады ўвялі надзвычайнае становішча, арыштавалі лідараў афрыканскага руху і забаранілі Афрыканскі кангрэс Ньясаленда[15]. Аднак выступленні прымусілі іх пайсці на саступкі. У 1961 г. была ўведзена ў дзеянне Канстытуцыя. На першых усеагульных парламенцкіх выбарах у Заканадаўчы сход у 1961 г. перамагла Партыя Кангрэса Малаві, створаная Х. Бандам. У лютым 1963 г. Ньясаленд атрымаў унутранае самакіраванне, а Х. Банда стаў прэм'ер-міністрам краіны.

Незалежнасць[правіць | правіць зыходнік]

6 ліпеня 1964 г. абвешчана незалежная дзяржава Малаві ў складзе Садружнасці. Амаль адразу пасля гэтага ўзнік палітычны крызіс, выкліканы нежаданнем прэм'ер-міністра Х. Банды кансультавацца з іншымі міністрамі і пагрозамі ў адносінах да іх. Да канца 1964 г. амаль усе чальцы першапачатковага ўраду выехалі з краіны. У 1965 г. і 1967 г. яны арганізоўвалі ўзброенае супраціўленне, якое скончылася паражэннем[16][17]. Згодна Канстытуцыі 1966 г., Малаві пераўтваралася ў аднапартыйную рэспубліку з кіруючай Партыяй Кангрэса Малаві. У 1971 г. Х. Банда быў абвешчаны пажыццёвым прэзідэнтам.

Дыктатура Х. Банды суправаджалася пераследам іншадумства, кантролем за паводзінамі і нават вопраткай грамадзян і іншаземцаў, што прыязджалі ў Малаві, падтрымкай сельскагаспадарчай вытворчасці і даволі сціплымі дасягненнямі ў развіцці энергетыкі і прамысловасці. У гэты перыяд Малаві падтрымлівала эканамічныя і палітычныя адносіны з ПАР, за што не аднойчы крытыкавалася з боку іншых афрыканскіх дзяржаў. У перыяд Халоднай вайны Х. Банда прыняў бок заходніх краін, таму на яго злоўжыванні ў адносінах да асабістага народа там амаль не звярталі ўвагі. Сітуацыя рэзка змянілася пасля падзення рэжыму апартэіда ў ПАР, і міжнародныя групы дапамогі навязалі палітычную рэформу. У 1993 г. на рэферэндуме было прынята рашэнне аб шматпартыйных выбарах. Х. Банда быў упэўнены ў сваёй перамозе, але на выбарах 1994 г. перамогу атрымаў лідар апазіцыі Бакілі Мулузі[18][19][20]. З 1994 г. дзейнічае Канстытуцыя (з папраўкамі 2017 г.)[21], якая абвяшчае грамадзянскую роўнасць, дэмакратычныя каштоўнасці, адказнасць дзяржавы за правы грамадзян і навакольнае асяродзе.

Дзяржаўны лад і палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Малаві — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае часовая Канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, выбіраецца усеагульным і прамым галасаваннем тэрмінам на пяць гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нацыянальны сход, які складаецца з 193 дэпутатаў, якія выбіраюцца усеагульным галасаваннем на пяць гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які прызначаецца прэзідэнтам.

Беларуска-малавійскія адносіны[правіць | правіць зыходнік]

Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 232 «Аб устанаўленні дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Малаві» быў падпісаны 3 мая 2001 г.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]